Нарэшце ўсталяваўшаеся цёплае сухое надвор’е дазволіла земляробам прыступіць да нарыхтоўкі кармоў. На трэцім вытворчым участку “Паплаўцы” СВК “Малабераставіцкі элітгас”, якім загадвае Сяргей Хабец, першыя тоны сена пачалі скручваць у рулоны ў апошні дзень мая. Усё нарыхтаванае сена вывезлі ў той жа дзень на мясцовую жывёлагадоўчую ферму для кармлення цялят. А ў мінулую сераду каля вёскі Кулі звяно механізатараў нарыхтоўвала новую партыю цэннага сухога корму.
— Мы запаслі ўжо больш 20 тон сена ў рулонах выдатнай якасці, — заўважыў загадчык участка Сяргей Хабец, калі два прэс-падборшчыкі рабілі апошнія кругі па скошанаму полю. – Адначасова сушыцца сена яшчэ на 12 гектарах. Калі дазволіць надвор’е, яго мы запрасуем таксама ў рулоны ў суботу. Хоць тэхніка ў большасці сваёй не новая, але механізатары стараюцца падтрымліваць яе, як кажуць, на плаву. Усяго на ўчастку ў нас ёсць 23 трактары, у тым ліку два пагрузчыкі “Амкадор” і два энерганасычаных трактары. Да сезону корманарыхтовак рыхтаваліся загадзя і стараемся максімальна выкарыстаць усю тэхніку. Нават граблі старыя, як бачыце, выдатна спраўляюцца на такіх невялікіх кавалках, дзе некалі былі прысядзібныя ўчасткі. Зямлю зараз трэба ўсю выкарыстоўваць эфектыўна.
Сяргей Хабец расказаў таксама аб далейшых планах па нарыхтоўцы кармоў. Пад закладку сенажа на ўчастку ёсць тры траншэі. А ў якасці сыравіны будуць выкарыстаны канюшына, люцэрна і злакавыя травы, якія займаюць больш за 250 гектараў.
На зялёным жніве задзейнічана звяно механізатараў у складзе Анатолія Рабалюка, Андрэя Здановіча, Сяргея Кіслушкі, Віктара Буцько і Аляксандра Барады.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара
На здымку злева направа: Анатолій Рабалюк, Сяргей Хабец і Андрэй Здановіч.