Стыпендыят Фонду міру з Бераставіцкага ліцэя

Актуально Образование Общество

IMG_6148Два разы ў год лепшыя навучэнцы і студэнты вобласці атрымліваюць спецыяльныя стыпендыі, устаноўленыя Гродзенскім абласным аддзяленнем Беларускага Фонду міру для таленавітай і адоранай моладзі.
Сёлета тры прадстаўнікі нашага раёна за высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці былі прадстаўлены на атрыманне гэтай стыпендыі.
На апошняй школьнай лінейцы стыпендыі Фонду міру атрымалі Анастасія Болбат (Алекшыцкая СШ) і Вольга Шышпаронак (Макараўскі яслі-сад-СШ).
А яшчэ адным лаўрэатам стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру стаў навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Павел Эйсмант (на здымку).

На лінейцы, якая прайшла 2 чэрвеня ў ліцэі, Ганаровую грамату “За высокія паказчыкі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”, памятны нагрудны знак “Стыпендыят Фонду міру” і саму стыпендыю ў памеры трох базавых велічынь  яму ўручыў старшыня Бераставіцкага раённага аддзялення Беларускага фонду міру Валянцін Арцюхевіч.
Павел вучыцца на другім курсе ліцэя і атрымлівае спецыяльнасць электрагазазваршчыка і вадзіцеля катэгорыі С. За добрую вучобу ён ужо занесены на Дош­ку гонару ліцэя. Юнака вельмі станоўча характарызуюць і выкладчыкі, і майстар вытворчага навучання Яўгеній Масюк, у групе якога займаецца Паша.
Яўгеній Мечыслававіч расказаў мне, што хлопец з першага дня навучання ў ліцэі праяўляе інтарэс да тэхнікі, ніколі не прапускае заняткаў і стараецца ўсяму навучыцца, а калі нешта не зразумее, адразу падыходзіць да педагогаў з пытаннямі. Умее знайсці агульную мову і з равеснікамі, ён камунікабельны і адкрыты чалавек.
У ліцэі нават заўважылі, што такіх маладых людзей сёння рэдка сустрэнеш. Таму што Паша не толькі старанны і працавіты, але і вельмі чулы і клапатлівы. Сам ён з Малых Эйсмантаў, у сям’і было пяцёра дзяцей, старэйшыя ўжо раз’ехаліся, а Павел – малодшы. Калі ў мінулым годзе не стала бацькі, хлопец усю адказнасць за дом і гаспадарку ўзяў на сябе, стаў першым памочнікам маці. Да гэтага ён жыў у інтэрнаце ліцэя, а тут вырашыў, што кожны дзень будзе ездзіць дадому, каб дапамагаць маме і не пакідаць яе адну. Так цяпер штодзённа ён прыязджае на заняткі: да Малой Бераставіцы на веласіпедзе, а далей — на маршрутцы, а пасля вяртаецца назад дамоў.
Сваёй вучобай у ліцэі Паша задаволены, вельмі добра адзываецца аб умовах навучання, аб вытворчай базе, аб педагогах, якія даюць трывалыя веды, заўсёды дапамогуць і падкажуць.
Ці будзе юнак працягваць вучобу далей, ці пойдзе працаваць, ён пакуль не вырашыў. І мама, і майстар вытворчага навучання раяць яму атрымліваць адукацыю далей, не марнаваць сваіх ведаў, магчыма, ён так і зробіць.
На пытанне аб тым, ці ёсць у яго мара, Павел адказаў, што аб завоблачным не марыць, у першую чаргу хацеў бы мець свой дом, добрую сям’ю, працу, якая б прыносіла задавальненне, ну а калі будзе такая магчымасць, то няблага было б пабываць у іншых краінах.
— Галоўнае – мець цярпенне, — кажа Паша, — а яго цяпер у людзей вельмі не хапае. Трэба паставіць сабе мэту і настойліва ісці да яе, бо калі чагосьці вельмі хочаш, то яно абавязкова збудзецца.
А атрыманую стыпендыю малады чалавек вырашыў не траціць, а адкласці грошы на пакупку газонакасілкі, якая вельмі патрэбна ў гаспадарцы.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *