Даверся Сэрцу Езуса

Лента новостей

serce333
Месяц чэрвень у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Сэрцу Езуса. Чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса — гэта пабожная практыка, праз якую вернікі выяўляюць падзяку за вялікую любоў, якой адорвае ўсіх нас Хрыстос.
Чэрвеньскае набажэнства на ўшанаванне Сэрца Езуса складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або прамаўлення літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая складаецца з 33 просьбаў-зваротаў, што нагадваюць пра кожны з гадоў зямнога жыцця Збаўцы.
Сэрца Езуса — сапраўднае збаўленне для тых, хто верыць Яму.
Бог любіць мяне, хоць я і грэшнік. І таму я хачу адкрыць сваё сэрца на Яго прабачэнне і аздараўленне! Мне патрэбен Збаўца. Той, хто выцягне мяне з прорвы.
А ці ты гэтага хочаш і ці табе гэта патрэбна?
Кожны з нас мае патрэбу ў кімсьці мацнейшым за сябе, у тым, хто яго абароніць і выцягне з грахоў і праблем. Нам патрэбны сапраўдны асілак. Мы павінны перастаць прыкідвацца, што мы самадастатковыя і не патрабуем дапамогі.
Езус Хрыстос памёр за мяне і за цябе на крыжы. У моманце Яго смерці мы былі выкупленыя, наша віна і грахі былі пераможаны. Дык каму нам трэба даверыцца, як не Яму?
Даверыцца камусьці азначае быць упэўненым, што ён не падвя­дзе. Я паверыў табе, Пане, і Ты не падвядзеш мяне праз вякі. Давер з’яўляецца прызнаннем маёй надзеі, а надзея не можа падвесці, таму што Бог верны. Ён даў слова і стрымаў яго.
Мы з’яўляемся людзьмі часоў міласэрнасці. Разам са святой сястрой Фаустынай прамаўляем: “Езу, я веру Табе! Веру, што Ты акажаш мне сваю міласэрнасць”.
Сэрца Езуса — збаўленне для тых, хто верыць Табе, памілуй нас! Якім прыемным з’яўляецца гэты зварот для нашых сэрцаў. Ён адкрывае перад намі цудоўныя гарызонты вечнага шчасця. Таму, хто даверыцца Хрысту, ніколі не будзе сорамна і ён будзе збаўлены. Таму з радасцю і надзеяй паўтараю словы псалмісты ў спевах перад Евангеллем: «Я буду спадзявацца на Пана, я веру Яго слову!»
Павер і ты! Магдаліне, Пятру і злодзею Ён дараваў. Наш Бог з’яўляецца Богам прабачэння, аздараўлення, міласэрнасці і выратавання.
Езу, я давяраю Табе!
а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла
Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *