Турыстычны злёт у Малабе­раставіцкай школе

Образование Общество

DSCN0934 DSCN0947 DSCN0984 DSCN1017У суботу, 23 мая, у Малабе­раставіцкай СШ у рамках рэспуб­ліканскай акцыі “Беларусь супраць табаку!” прайшоў агульнашкольны турыстычны злёт, прысвечаны Году моладзі.
Распачаўся турыстычны злёт пастраеннем. Да ўдзельнікаў злёту з прывітальнымі словамі і пажаданнем добрага адпачынку звярнулася намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Аксана Пальяноўская. Затым кожны класны калектыў прадставіў сваю каманду. Конкурсная праграма прадугледжвала выпрабаванні для каманд трох узроставых груп: 1-4 класы, 5-7 класы, 8-10 класы. Вучні 11 класа выступілі ў ролі памочнікаў арганізатараў злёту.
Першым выпрабаваннем, якое неабходна было выканаць камандам, стала ўстаноўка палаткі. З найбольшай цікавасцю ўзяліся за гэту справу вучні пачатковых класаў. З чаго пачынаць і як хутчэй паставіць палатку? Гэта пытанне асабліва хвалявала вучняў першага класа – такую задачу яны выконвалі ўпершыню. І тут ім на дапамогу прыйшлі старэйшыя сябры-памочнікі. Праз пэўны час на школьным стадыёне з’явіўся цэлы “праспект турыста”, на якім па абодва бакі стаялі рознакаляровыя домікі-палаткі. Затым капітаны каманд 5-10 класаў атрымалі карты-маршруты, на якіх была графічна абазначана паласа перашкод. Задачай капітанаў стала правесці сваю каманду па маршруце паласы перашкод без штрафных балаў і як мага хутчэй. У той час, калі юныя турысты адправіліся на пераадольванне паласы перашкод, вучні пачатковых класаў вызначалі мацнейшых у спартыўнай эстафеце.
Адначасова турысты-мастакі афармлялі турыстычныя газеты, а знатакі турыстычных ведаў адказвалі на пытанні віктарыны.
Вядома, што ні адзін турыстычны злёт не абыходзіцца без абеду, згатаванага на вогнішчы. Наш злёт не стаў выключэннем. Адказнасць за вогнішча і супрацьпажарную бяспеку ўзяў на сябе бацька вучаніцы 5 класа Руслан Глушэнь. Абавязкі шэф-повара выконвала класны кіраўнік 10 класа Марыя Глябовіч, а галоўным яе памочнікам стала вучаніца 11 класа Таццяна Эйсмант. Смачны абед чакаў удзельнікаў злёту!
Аформленыя за кароткі час турыстычныя газеты кожнай каманды вызначаліся арыгінальнасцю, змяшчалі парады юным турыстам, расказвалі аб спартыўным жыцці вучняў.
Уменні арганізацыі, вядзення і падтрымлівання турыстычнага быту журы вызначыла пры агля­дзе месцаў размяшчэння палатак кожнай каманды.
На школьным стадыёне панавала святочная атмасфера – выдатны настрой кожнага ўдзельніка турыстычнага злёту падтрымлівала доўгачаканае сонечнае надвор’е.
Конкурсная праграма завяршылася. Але наперадзе быў сумесны абед. Пах згатаванай на вогнішчы рыбнай поліўкі вабіў усіх. Юныя повары ледзь паспявалі напаўняць міскі дзяцей і дарослых незвычайнай стравай. А ў адказ яны чулі словы шчырай удзячнасці: “Як смачна! Дзякуй!”. У меню была і традыцыйная бульба з тушаным мясам. На свежым паветры юныя турысты паказалі не толькі добрыя спартыўныя і турыстычныя навыкі, але і цудоўны апетыт.
Турыстычны злёт завяршыўся. Члены журы падвялі вынікі і вызначылі пераможцаў. Дарэчы, за актыўны ўдзел у турыстычным злёце дыпломамі былі адзначаны каманда 1 класа “Чамучкі”, каманда 2 класа “Вяснушкі”, каманда 3 класа “Рамонкі” і каманда 4 класа “Турыст”. Пераможцам сярод вучняў 5-7 класаў стала каманда 5 класа “Шукальнікі”, дыплом ІІ ступені атрымала каманда 6 класа “Касцёрчык”, дыплом ІІІ ступені – каманда 7 класа “Спарта”.
Сярод 8-10 класаў лепшай стала каманда 8 класа “Палаючыя сэрцы”, дыплом ІІ ступені атрымала каманда 10 класа “Вынаходнікі”, дыплом ІІІ ступені – каманда 9 класа “Волат”.
Агульнашкольны турыстычны злёт стаў змястоўным пачаткам летняга адпачынку дзяцей.
Вікторыя Кісялеўская,
дырэктар
Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *