У СВК “Малабераставіцкі элітгас” ідуць у нагу з часам

Лента новостей Сельское хозяйство

Patates 02Магчыма, што ні адна сельскагаспадарчая культура не вызначаецца такой незвычайнай і цікавай гісторыяй, як бульба. Радзімай яе лічыцца далёкая Паўднёвая Амерыка. У сонечных Чылі і Перу індзейцы пачалі займацца ёю больш за 5 тысяч гадоў таму. Ужыванне мяса без бульбы яны вобразна і трапна параўноўвалі з “жыццём без кахання”. І сапраўды, зараз у многіх краінах свету адным з самых смачных гарніраў для мяса лічыцца менавіта бульба, якая стала для чалавецтва сапраўдным “другім хлебам”.
А вось шлях у Еўропу гэтай запатрабаванай культуры быў няпросты. Спачатку людзі не ацанілі яе смак, ды і проста не ўмелі гатаваць. Але з сярэдзіны 19 стагоддзя яе сталі вырошчваць масава і ў Расіі, у многіх месцах яна ратавала сялян ад голаду. Зараз мы не можам нават і ўявіць свой будзённы і святочны стол бульбы. Магчыма, на прасторах былога Савецкага Саюза не было краіны, як Беларусь, дзе раней дасягнулі такіх поспехаў у яе вырошчванні. У нашай краіне зараз пастаўлена задача адрадзіць былую славу “другога хлеба”. У Беларусі дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады. Наш раён уносіць у яе выкананне дастойны уклад. Вырошчваннем “другога хлеба” займаюцца сельгаскааператывы, традыцыйна не адмаўляюцца ад яго і вяскоўцы.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” займаюцца вырошчваннем бульбы па сучасных інтэнсіўных тэхналогіях, маюць багаты вытворчы вопыт. У гэтым годзе яе пасадзілі тут 121 гектар. Дасведчаны спецыяліст і нераўнадушны чалавек, аграном — бульбавод СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валянціна Сяледчык закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, а агульны стаж яе работы перайшоў ужо на чацвёрты дзесятак. Пачынала яна аграномам — аграхімікам, а затым занялася перспектыўным кірункам – бульбаводствам. Так што можна сказаць, што з бульбай яна сапраўды звязала свой лёс. У 1989 годзе ў гаспадарцы з’явілася свая лабараторыя. Вырошчванне элітнай бульбы на насенне стала справай жыцця гэтага выдатнага спецыяліста. Працаваць у такой галіне можа чалавек толькі зацікаўлены. Валянціна Аркадзьеўна пастаянна цікавіцца ўсім новым і перадавым у агранаміі.
Гаспадарка спецыялізуецца менавіта на вырошчванні насення бульбы. Пачыналі тут з гатункаў “Тэмп”, “Ласунак”, “Сантэ”, якія давалі па 280 – 300 цэнтнераў з гектара. Усіх гатункаў спачатку было аж 22. Паступова ад такой разнастайнасці адмовіліся. Зараз вырошчваюць восем. Гэта “Бриз”, “Вектар”, “Зорачка”, “Янка”, “Маніфест”, “Скарб”, “Універсал”, “Рагнеда”. Усе яны беларускія. Гатункі адрозніваюцца формай, смакам, колерам. Напрыклад, “Бриз” – з крэмавай мякаццю, “Янка” — з белай, “Скарб” – з жоўтай.
Гатункі адрозніваюцца і па ўтрыманні крухмалу. Бывае адрозненне яго нават у два разы. У “Скарбе” крухмалу 11 працэнтаў, ва “Універсале” – 22. Чым больш крухмалу, тым бульба смачнейшая, гаворыць Валянціна Аркадзьеўна.
У элітгасе за гэтыя гады атрымлівалі часамі ўраджайнасць другога хлеба не горшую, чым па інтэнсіўнай галандскай тэхналогіі. “Скарб” даваў 630 цэнтнераў з гектара, амаль такі ж урадлівы і “Янка”.
Фітафтора, каларадскі жук могуць знішчыць нават самыя лепшыя пасевы. А бульба, як мы ўсе ведаем, культура капрызная. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” праводзяць звычайна адну апрацоўку ад пустазелля, тры фітасанітарныя прачысткі, адну апрацоўку ад жука і 5 — 6 ад фітафторы. Прэпараты маюць вызначаны тэрмін распаду потым у глебе. А ўжываць бульбу можна толькі праз 21 дзень пасля апошняй апрацоўкі. На прысядзібных участках людзі таксама павінны прытрымлівацца адпаведных інструкцый пры выкарыстанні хімічных прэпаратаў, гэта ў іх інтарэсах.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *