Сакрэт актыўнага даўгалецця Уладзіміра Яцэвіча

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_2746Вясна – адметная пара для вяскоўцаў. Прыемна ў гэты час палюбавацца на прасторныя абшары палёў. Яны быццам чакаюць руплівых людскіх рук, гатовы прыняць зерне і зазелянець густой шчоткай новых парасткаў. Вось і нядаўна ў СВК імя Варанецкага давялося пабачыць такую карціну. Невялічкі трактар павольна рухаўся па полі, а людзі вакол збіралі камяні. За рулём трактара быў мясцовы механізатар, жыхар вёскі Каенеўцы Уладзімір Яцэвіч (на здымку). І нічога асаблівага недасведчаны чалавек і не заўважыў бы, як і я, каб не падказалі мне, што чалавеку гэтаму 83 гады, а агульны стаж яго набліжаецца да шасцідзесяці гадоў!
Вы жадаеце ведаць сакрэт такога актыўнага даўгалецця? Мне было вельмі цікава пагутарыць з “непрыкметным героем”. Чалавек рухава выйшаў з трактара, павітаўся, шчыра ўсміхнуўся, і каб я не ведала дакладна ўзросту, ні за што б не дала яму яго гадоў.
Інтуіцыя не падвяла – новае знаёмства аказалася сапраўды незвычайным. Калі равеснікі гэтага чалавека, заслужанага калгасніка, ужо нават і падумаць не могуць пра якую-небудзь работу, Уладзімір Антонавіч, аказваецца, літаральна не ўяўляе без яе свайго жыцця. А галоўнае, кожны яго дзень яму ў радасць, таму што па натуры ён аптыміст. Такія адносіны да жыцця ў гэтага чалавека з маладосці, і свайму вернаму апрабаванаму крэда ён не здраджвае і зараз.
Прафесія трактарыста ў яго юнацкія далёкія гады была вельмі прэстыжнай, бо эфектыўная тэхніка дапамагла вывесці сельскую гаспадарку на новы, вытворчы ўзровень. Мы памятаем чорна-белыя мастацкія кінастужкі 50-х гадоў, якія, нягледзячы на адсутнасць яркай каляровай палітры, усё ж краналі душу і западалі ў сэрца. Яны апявалі і паэтызавалі руплівую працу лю­дзей, якія кормяць народ. Нават на той час лаўрэат Сталінскай прэміі, вядомы акцёр Вячаслаў Ціханаў, сыграў ролю маладога трактарыста Марозава ў фільме Растоцкага “Справа была ў Пянькове”. Невядома, ці давялося пабачыць нашаму шаноўнаму земляку гэты цікавы фільм, дзе арганічна спляліся і напружаная праца, і інтрыга з “трохкутнікам” у гарачым каханні, але сеў ён тады за руль “жалезнага каня” не з меншым імпэтам, чым знакаміты акцёр. Вернасць сваёй нялёгкай прафесіі чалавек захаваў і потым, калі яму давялося паездзіць і “пабачыць свет”. Многія ж беларусы добра прыжыліся ў самых розных далёкіх мясцінах, стварылі нават свае дыяспары. У арміі служыў хлопец на Ціхім акіяне. На Далёкім Усходзе засталося нямала нашых суайчыннікаў, але дэмабілізаваны салдат не паддаўся на спантанны заклік юнацкай рамантыкі або пагоню “за доўгім рублём”, вярнуўся ў родную ціхую вёсачку і калгас. Яго першы трактар МТЗ-50 зараз лічыцца своеасаблівым рарытэтам і роданачальнікам цэлага шэрагу мадэляў айчынных трактароў, а тады гэта была тэхніка хоць куды! Папрацаваў чалавек за сваё жыццё і на гусенічным трактары, быў і вадзіцелем, і камбайнерам. Грузавыя машыны з таго часу таксама вельмі змяніліся, сталі больш камфортнымі. А яго першы зернеўборачны камбайн СК-4, вытворчасці Таганрогскага камбайнавага завода разам з іншымі мадэлямі гэтага прадпрыемства зрабіў фурор у 60-я гады на Захадзе. Савецкія інжынеры паказалі, на што яны здольныя, падтрымалі гонар вялікай краіны. Ужо тады нашы землякі былі сярод лепшых земляробаў Гро­дзеншчыны, намалоты на той час у параўнанні з іншымі былі высокія. А папрацаваўшы на самай рознай тэхніцы, “зрадніўшыся” з ёю, Уладзімір Антонавіч выказвае такое слушнае меркаванне:
— Вельмі добра, што трактары і камбайны зараз энерганасычаныя, высокаэфектыўныя. У іх, вядома, больш конскіх сіл. Але і ранейшая тэхніка была добрая, моцная, “цягавітая”. Мы яе любілі, бераглі. Усё, што трэба, нам удавалася на ёй рабіць, людзі стараліся.
— Але ж тэхналогіі тады былі іншыя, такіх багатых ураджаяў не было, — кажу я.
— Ну, чаму, — запярэчыў мой паважаны субяседнік. – І мы на той час вучыліся, ды яшчэ як! Як правільна сеяць цукровыя буракі, нязвыклую тады для нас культуру, мяне паслалі вучыцца аж на поўдзень краіны, у Армавір. Было гэта ў 1964 годзе, і ехала нас з Беларусі 30 трактарыстаў разам з міністрам сельскай гаспадаркі і іншымі спецыялістамі. А там, на полі, паказвалі і расказвалі вучоныя з Канады, як дабівацца высокай ураджайнасці.
— І дабіліся Вы дома такой? – цікаўлюся. – Не дарма з’ездзілі?
— Вядома, што мы дабіліся, -усміхаецца бывалы трактарыст. — Па 380 цэнтнераў з гектара ў нас потым бывала ўраджайнасць. На ўсесаюзную ВДНГ нават ездзілі, і там таксама многаму вучыліся. А мяне ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”.
Нашай гутарцы надае асаблівае адценне мяккі гумар гэтага простага чалавека. Расказвае ён пра сябе з усмешкай, так што слухаць вельмі цікава.
— Дык, аказваецца, Вы, Уладзімір Антонавіч, паездзілі па свеце. У розных мясцінах пабывалі, — кажу. – А ў Армавіры ж цёпла, гарбузы смачныя растуць, вінаград. Не захацелі застацца? Спадабалася там?
— Маладому чалавеку ўсюды падабаецца, — адказаў субяседнік. — Але застацца не захацеў. Я ж ужо жанаты быў, трое дзяцей у нас было.
За столькі гадоў працы шмат разоў адзначалі ў гаспадарцы ўклад заслужанага калгасніка, многа ён чуў цёплых слоў павагі і ўдзячнасці. На пенсію пайшоў у 1991 годзе, але працягвае працаваць.
— Бог дае здароўе. Настрой добры, хачу працаваць, — працягвае вопытны трактарыст. – Што рабіць у хаце?
Чалавек літаральна све­ціц­ца дабрынёй і аптыміз­мам. Я выказваю яму сваё шчырае захапленне ад такога яго пазітыўнага светаўспрымання, і пытаюся, чаго б яму яшчэ хацелася ў сваім жыцці, акрамя любімай работы, утульнага дома, любові і павагі дачок, унукаў і праўнукаў?
Адказ быў нечаканы:
— Хачу яшчэ авалодаць Інтэр­нэтам. Кажуць, вельмі цікава…
Сапраўды, знаёмства атрымалася неардынарным.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *