Эфектыўнае гаспадаранне Бераставіцкай птушкафабрыкі– у інтарэсах людзей

Лента новостей

IMG_2828Для Бераставіцкай птушкафабрыкі мінулы год быў спрыяльным. Прадпрыемства нават у няпростых эканамічных умовах вызначаецца добрым устойлівым развіццём. Стабільна працаваць удаецца далёка не ўсім сельгасарганізацыям такога профілю ў рэспубліцы. Многія нясуць страты, не могуць дынамічна развівацца.
На Бераставіцкай птушка­­фабрыцы яек летась атрымалі на два мільёны больш, чым у 2013 годзе. Такое значнае павелічэнне выпуску прадукцыі сведчыць аб тым, што гаспадараць тут прадумана і маюць адпаведную аддачу. Дарэчы, на птушкафабрыцы кормяць птушку толькі натуральнымі якаснымі кармамі ўласнай вытворчасці. Абсталяванне тут сучаснае, бо вялікая ўвага надавалася своечасоваму правядзенню мадэрнізацыі.
Сярэдняе пагалоўе птушкі ў параўнанні з адпаведным перыядам 2013 года тут павялічылася амаль на 5 тысяч галоў і перавысіла 130 тысяч. За 2014 год было прададзена 34 тысячы курэй. Ад продажу птушкі атрымалі прыбытак 292 мільёны рублёў пры рэнтабельнасці рэалізацыі амаль 3 працэнты.
Пільная ўвага пастаянна надаецца энергазберажэнню. У мінулым годзе пры заданні 7 працэнтаў такі паказчык дасягнуў 19 працэнтаў. А чыстага прыбытку летась тут атрымалі 1333 мільёны рублёў, што на 724 мільёны больш, чым у 2013 годзе.
У прадпрыемства дастаткова ўласных абаротных сродкаў, неабходных для фінансавай устойлівасці. Гэта вельмі важна для далейшага развіцця.
А на 2015 год пастаўлена мэта і далей захоўваць стабільнасць, працаваць з аддачай і эфектыўна. Аб’ём вытворчасці яек вырашана давесці да 41 мільёна 317 тысяч штук. Прывагі маладняку тут плануюць атрымаць 190 тон.
Скарачэнне выдаткаў – немалы рэзерв эфектыўнага далейшага развіцця птуш­кагадоўлі. Прадугледжана, што расход кармоў на тысячу штук яек тут складзе 135 кармавых адзінак.
А інвестыцый у асноўны капітал у 2015 годзе на птушкафабрыцы будзе ўкладзена 520 мільёнаў рублёў. Чыстага прыбытку на прадпрыемстве плануюць атрымаць 2057 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць па чыстым прыбытку чакаецца каля пяці працэнтаў.
Вядома, каб не толькі ўтрымліваць свае пазіцыі, але і эфектыўна развівацца, трэба строга захоўваць сучасныя тэхналогіі. Куры – птушка далікатная, а калі пагалоўе вялікае, клопат аб ім павінен быць на належным узроўні. Калектыў на птушкафабрыцы зладжаны, асноўны касцяк складаюць людзі з вялікім вопытам. Пра “агульных” курэй працаўнікі клапоцяцца, як пра ўласных.
Можна адзначыць, што птушка сапраўды адчувае гэты клопат. Прыгожыя пародзістыя курачкі прыемнага карычневага колеру бадзёрыя, добра нясуцца. Нават пеўнікі ў цэху ёсць, спяваюць, як на вясковым падворку.
Мне ўдалося пагутарыць некалькі хвілін з працаўнікамі цэха №2 птушкафабрыкі. Вытворчасць сучасная, аўтаматычныя лініі вельмі дапамагаюць зменшыць долю ручной працы. Можна парадавацца, што ў нясушак добры апетыт. Паілкі, напрыклад, у цэху маленькія і адмысловыя, спецыяльныя, нагадваюць дзіцячыя соскі, а куры ўмеюць іх адкрываць сваімі маленькімі дзюбкамі. Яйкі ж беражна прымаюцца на спецыяльную мяккую “стужку”. Птушніцы Наталля Курмель, Валянціна Сакалоўская і слесар Генадзь Петух (на здымку) любяць сваю работу і добра ведаюць сваю справу. Менавіта дзякуючы такім людзям, птушка добра дагледжана, а калектыў упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень.
Нядаўна на прадпрыемстве адбыўся чарговы сход акцыянераў. Ім была прапанавана змястоўная інфармацыя аб рабоце птушкафабрыкі за мінулы год, у тым ліку вынікі аўды­тарскай праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Прыемна, што для акцыянераў прадугледжаны дывідэнды. У каго больш акцый – той, вядома, у большым выйг­рышы.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *