У СВП “АграМір” развіваецца садаводства

Лента новостей

IMG_2937У рэспубліцы дзейнічае дзяр­жаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агарод­нінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады. Яна была прызвана зменшыць імпарт прадукцыі, а значыць, даць магчымасць эфектыўна развівацца ўласным вытворцам і тым самым умацоўваць эканоміку краіны. Змяншэнне імпарту – вельмі актуальная задача для рэспублікі.
Нашы людзі ўжо даўно навучыліся вырошчваць пад плёнкай з расады нешта не зусім звычайнае для мясцовага клімату, і небеспаспяхова. Салодкія чырвоныя і жоўтыя балгарскія перцы, фіялетавыя баклажаны, чырвоныя гарбузы ўжо “адаптаваліся” ў нас, радуюць сваім багатым цудоўным смакам. А пра сябе скажу: спрабавала аднойчы вырошчваць ківі. Расада на сонечным акне ў пакоі абудзілася буйнымі зялёнымі парасткамі, нават стала выпускаць сапраўдныя ліяны. Але пад плёнкай у агародзе рост іх паступова зменшыўся, відаць, усё ж не хапіла экзатычнаму госцю паўднёвага цяпла… І калі ківі, апельсіны і бананы, каб парадаваць пакупнікоў, прыйдзецца і далей увозіць з-за мяжы, дык сакавітыя слівы, грушы і яблыкі выдатна растуць і ў Беларусі, трэба толькі рабіць стаўку на адпаведныя перспектыўныя гатункі і строга захоўваць сучасныя тэхналогіі.
У краіне ўжо ёсць паспяховы вопыт імпартазамяшчэння. Раней кветкі амаль поўнасцю ўвозіліся з-за мяжы, а зараз ужо вырошчваецца дастаткова ўласных, не горшых па разнастайнасці і таварным выглядзе. Магчыма, пройдзе яшчэ некалькі гадоў, і яблыкі таксама ў нас будуць пераважна айчынныя і недарагія.
Вучоныя ўносяць свой значны ўклад у развіццё беларускага пладаводства. Дасведчаныя спецыялісты даюць рэкамендацыі і кансультацыі ўсім жадаючым, хто вырашыў займацца такой важнай справай. Ахвотна ідуць у перспектыўную галіну і фермеры. У 21 стагоддзі гэтая важная галіна набыла адметныя рысы. Як і ў многіх развітых краінах, у нас таксама робіцца стаўка на такія гатункі пладовых дрэваў, якія і па знешнему выгляду, і па якасных характарыстыках адрозніваюцца ад тых, што былі ў садах нашых дзядуль і IMG_2920бабуль. Мы памятаем, як нязручна было збіраць багаты ўраджай, таму што яблыні былі высокія і раскідзістыя. Вучоныя ўлічылі гэта, і зараз вытворчыя гатункі яблынь маюць зусім іншы, зграбны і прыдатны выгляд. Дрэўцы “маленькія, але ўдаленькія”. Адышлі ўжо ў нябыт ранейшыя, неабходныя пры зборы ўраджаю, грувасткія драўляныя лесвіцы, праблем са зборам у людзей больш няма, а гэта вельмі важна пры нарошчванні высокатаварнай вытворчасці.
Той, хто пабываў у садзе СВП “АграМір”, можа ўпэўніцца ў тым, што ў сучаснага пладовага сада зусім “іншы твар”. Ён кампактна размешчаны, глеба тут выкарыстоўваецца вельмі эфектыўна. Зіма сёлета была лёгкая, без маразоў, расліны перазімавалі добра.
Догляд за садам добры. Тут своечасова наводзіцца парадак. Механізатар Ігар Вяргейчык (на здымку) задаволены, што працуе ў СВП “АграМір”. Ён закончыў мастацкае вучылішча, але ранейшы занятак у яго зараз ужо толькі для душы. А хлеб надзённы яму дае больш грунтоўная работа, якая дазваляе добра забяспечваць сям’ю. Ды і ў садзе ёсць шмат таго, ад чаго шчыра радуецца душа. Дагледжаныя яблынькі стаяць роўнымі прыгожымі радамі. А якое яркае незабыўнае відовішча ствараюць яны, калі цвітуць у сваім светлым далікатным уборы! Быццам абаяльныя дзяўчаты-нявесты, выглядаюць маладзенькія стройныя яблынькі, і ўсе ад душы любуюцца імі.
Малады аграном Дзмітрый Дзяшко (на здымку разам з садаводам, вопытным спецыялістам Сяргеем Агнеўскім) таксама задаволены, што працуе на Бераставіччыне. Ён супрацоўнічае са сваімі старэйшымі калегамі, стараецца ўмацаваць свае веды разнастайнымі практычнымі навыкамі. Догляд за яблынькамі яго таксама вельмі цікавіць. Малады чалавек выбраў прафесію па прызванні, да агранаміі са школьных гадоў ляжала яго душа, значыць, адпаведная аддача ад спецыяліста будзе.
Нарошчваць выпуск каштоўнай прадукцыі – важная задача для СВП “АграМір”. У мінулым годзе сад парадаваў, тут сабралі 52 тоны яблык, 29 тон чорнай парэчкі, 37 тон ароніі. Важкая выручка пацягнула на 527 мільёнаў рублёў. У зборы ўраджаю кожны год ахвотна прымаюць удзел жыхары Бераставіччыны, нават школьнікі стараюцца падзарабіць, адчуць маральнае задавальненне ад упершыню заробленых сваімі рукамі грошай. Мы можам ганарыцца, што на нашай зямлі ёсць такі прыгожы, сучасны і перспектыўны сад. Няхай квітнее ён усім на радасць!

Ніна НАДДЭ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *