“Я люблю сваю работу”

Лента новостей

IMG_1962Лабарант хіманалізу вытворчага цэха “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір” Галіна Мелянец (на здымку) нядаўна адсвяткавала свой юбілей. Мне давялося пабачыць, як шчыра віншавалі яе калегі па працы, і колькі цёплых слоў было сказана ў яе адрас за старанную і добрасумленную працу на прадпрыемстве на  прцягу 36 гадоў.

А родам гэтая прыемная жанчына з Украіны, з Ровенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Пінскі мяса-малочны тэхнікум, а затым па размеркаванні прыехала на Бераставіцкі масласырзавод. Такая работа была ёй “па духу” блізкая, бо сама Галя з вёскі, са звычайнай сялянскай сям’і, дзе трымалі хатнюю гаспадарку. Кароў тады вяскоўцы трымалі абавязкова, бо не лічыўся руплівым гаспадаром той чалавек, які не трымаў дома такую спрадвечную карміцельку, і каб дзеці не мелі цёплага смачнага сырадою. Таму з адпаведнай харчовай галіной Галіна звязала і сваю адукацыю, і далейшы лёс. Пра той выбар не шкадуе, ён сапраўды быў удалы.
У Бераставіцу дзяўчына прыехала з маладым імпэтам. Уражанні ад нашага гарадскога пасёлка, аднак, былі ў яе неадназначныя.
— Вядома, тады тут усё было зусім не такім, як зараз, — успамінае Галіна Міхайлаўна. — Некаторыя вуліцы былі брукаваныя каменем, а не заасфальтаваныя. Дамоў было значна менш, кааператыўнага будаўніцтва таксама. Як пачала я ў маладосці працаваць на маслазаводзе, дык і засталася там. Нікуды больш ехаць ужо не захацела. Я люблю сваю работу.
А тады вельмі спадабалася маладому спецыялісту, што маслазавод адразу забяспечыў дзяўчыну жыллём – паклапаціліся тут аб маладых спецыялістах. Не прыйшлося шукаць прыватную кватэру, як гэта часта даводзіцца рабіць у іншых месцах. Тады давалі на маслазаводзе адну кватэру на некалькіх дзяўчат. Ды і зарплата на тыя часы прыемна ўразіла – 250 рублёў. Спачатку працавала Галіна майстрам, затым перайшла ў лабараторыю. У тыя гады і прадукцыя на маслазаводзе была не такая, і абсталяванне не такое добрае, як зараз. Калісьці выпускалі і смятану, і масла, і дыетычны тварог. Зараз акцэнт робіцца на сычужныя сыры, якія карыстаюцца попытам за мяжой. Гэта дае прадпрыемству валюту.
Малако правяраецца лабарантам пры прыёмцы. Зараз тэхналогіі значна пайшлі наперад. Цыстэрны пасля здачы малака адпраўляюцца на аўтамыйку і там мыюцца з дапамогай спецыяльных сродкаў. Раней жа мыйка была ручная, нязручная. Цяпер у гаспадарках ёсць сучасныя эфектыўныя магутныя халадзільнікі. Тэмпература сыравіны пры прыёмцы павінна быць не вышэй за 10 градусаў па Цэльсію. Малако правяраецца на кіслотнасць, чысціню, утрыманне тлушчу і іншае. Чысціня вызначаецца з дапамогай спецыяльных фільтраў. Хаця фільтры ёсць і ў сельгаскааператывах на малочнатаварных комплексах, здараецца, што аналіз у вытворчым цэху паказвае некаторую забруджанасць. Гэта, вядома, ніколі не пакідаецца без увагі. За парушэнне неабходных патрабаванняў зніжаецца гатунак і адпаведна аплата за яго. Таму вытворцы павінны сачыць за якасцю сыравіны. У малацэ таксама вызначаецца ўтрыманне тлушчу, для гэтага ёсць спецыяльнае сучаснае прыстасаванне. Прыбор вельмі дакладны. Аплата за сыравіну ідзе таксама з улікам утрымання тлустасці. Магчыма, чытачоў газеты зацікавіць, ці могуць быць у гатовай прадукцыі рэшткі антыбіётыкаў, калі кароў лячылі, напрыклад, ад мастытаў? Галіна Міхайлаўна можа супакоіць людзей – не, бо кантроль наладжаны строгі. Гэта зроблена ў інтарэсах спажыўцоў, ды і на экспарт немагчыма адправіць няякасную прадукцыю, там яна таксама правяраецца. Дарэчы, у адрас нашага цэха такіх прэтэнзій ні разу не было.
Работа ў лабаранта хіманалізу няпростая і нялёгкая. Працаваць прыходзіцца і ў начныя змены. Галіна Міхайлаўна правярае таксама разам з іншымі лабарантамі тэхналогіі вытворчасці сыроў. Усё яны стараюцца рабіць, як мага лепш, таму што гэта прэстыж і цэха, і Бераставіччыны, якая для Галіны даўно ўжо стала роднай.
— А ў Ровенскай вобласці ўжо даўно ўсё стала не так, як раней, пры Савецкім Саюзе, — расказвае мая субяседніца. – Калгасаў там няма. У вёсках таксама стала менш жыхароў, бо няма і работы. На маёй малой радзіме засталіся толькі “лічаныя” пенсіянеры. Людзі трымаюць хатнюю гаспадарку, садзяць бульбу. Я сваіх бацькоў адтуль забрала. У мяне ва Украіне засталіся толькі дваюрадныя сёстры і браты. Эканамічная абстаноўка там зараз вельмі няпростая.
Галіна выйшла замуж за нашага мясцовага хлопца, яны пабудавалі кааператыўную кватэру. У сям’і выраслі двое дзяцей. Дачка працуе эканамістам у Гродне, сын у банку ў Бераставіцы. У вольны час любіць жанчына працаваць на дачы, займаецца агародам. Трымаюць яны з мужам і хатнюю гаспадарку. Цікава мне было, ці гатуе якія-небудзь украінскія нацыянальныя стравы Галіна Міхайлаўна? Думалася, што раскажа мая субяседніца пра смачныя “галушкі” ці традыцыйны боршч. Аднак яна з усмешкай адказала:
— Дык такі самы боршч і Вы ўмееце гатаваць. Нічога там складанага няма, бо галоўныя традыцыйныя кампаненты — бурак з капустай. А астатняе можна дабаўляць на свой густ і смак, усё роўна будзе смачна, нягледзячы на розныя варыяцыі. А за столькі гадоў я прызвычаілася да мясцовай кухні, гатую, як і ўсе. І галушак адмысловых не раблю, а проста імкнуся, каб было смачна. Думаю, што гэта і ёсць маленькі сакрэт кожнай добрай гаспадыні.
Далучымся да такога трапнага меркавання…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *