“Дамоў я вярнулася 9 мая”

Лента новостей

3Надзея Сцяпанаўна Кулікоўская нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Старынцы – за выключэннем тых гадоў, калі прымусова парабкавала ў Нямеччыне. Ведаю жанчыну даўно і паважаю за прыроджаныя розум ды сялянскую кемлівасць, за стрыманасць у ацэнцы лю­дзей і, вядома, за працавітасць. 4 красавіка ёй споўніцца 91 год. Жыццё пражыта доўгае і – нялёгкае. У 1946-м, калі выйшла замуж, не стала бацькі, а муж, Іван Кірылавіч, тады быў ужо круглым сіратой. Вось як кажа жанчына:
– Дастаткаў мы не мелі ніякіх, бо ў пасляваенны час будаваліся. Працавалі ў калгасе, трымалі немалую ўласную гаспадарку. Цяжка было, але, ці паверыце, ні разу нават не пасварыліся. Залатым мужам Іван быў, і таткам добрым.
У жанчыны ёсць два ўнукі, падрастае праўнучка. І самае вялікае яе жаданне, каб не зведалі яны, што такое вайна.
– Гляджу тэлевізар і на сэрцы робіцца трывожна ад таго, што сёння дзеецца ў свеце, – кажа Надзея Сцяпанаўна. – Там ваююць, там узбройваюцца, а там танкі праз акіян перапраўляюць… Няўжо людзі за сем дзясяткаў гадоў забыліся, колькі жыццяў забрала вайна? Калі б Гітлер тады перамог, то ўсе сталі б рабамі, не мелі б права ні на што, адно толькі на працу да сёмага поту. А што гэта значыць, я добра ведаю, бо была ў Нямеччыне.
У Надзеі Сцяпанаўны свае ўспаміны пра вайну. Яны скупыя, але такія вобразныя, што з іх, быццам з пазлаў, складваюцца цэласныя жывыя карцінкі.
Эпізод першы
… Раненька я выбегла на агарод па цыбулю. Па звычцы зірнула на Кодзю – пясчаную гару пад лесам. І… Ногі быццам прыраслі да зямлі: на Кодзі – танк з чорным крыжам, а побач – немец. Ён глядзіць у бінокль проста на мяне. Божачка! Зрываюся з месца і віхрам імчуся дахаты.
А праз нейкі час па вуліцы ўжо грымацяць кованымі чаравікамі чужыя салдаты з аўтаматамі. Едзе і тэхніка. Тады ўздоўж дарогі платоў не было, і нашы куры звыкла “купаліся” за брукам у пясчаным рыштоку. Глядзім, адна з машын прытарможвае. З яе выскоквае салдат і, зняўшы з галавы жалезную каску, кідае яе па курах. Падымае іх за шыі – і ў машыну.
– Во, прыйшлі “заваявальнікі…”, – кажа татка, які разам з намі глядзіць у акно паверх фіранкі.
Эпізод другі
… Восень. Бацька малоціць у гумне снапы. Бачыць, у бок гумна ідзе вясковы стараста Васіль Вішнеўскі. Павітаўся і кажа:
– Збірай усё ж, Сцяпан, сваю старэйшую дачку ў Германію. А не – дык усю сям’ю, сказалі, забяруць. Ты не крыўдуй, Іван, я тут ні пры чым…
Татка прыйшоў дахаты белы як мел. Маці – да яго:
– Што, Іван, здарылася? Чаго Васіль да цябе прыходзіў?
– Нават не ведаю, як вам і сказаць…, – татка ўздыхнуў і выцер рукавом мокрыя вочы. – Надзю забіраюць ў Нямеччыну…”
Хата напоўнілася плачам. Маці галосіць сабе, мае малодшыя сястрычкі Зіна і Шура – сабе, дзяўчаткі абдымаюць, цалуюць мяне.
…І вось бацька вязе мяне на возе ў пастарунак у Бераставіцу. Ужо ў лес уехалі, а я ўсё яшчэ бачу на дарозе постаці сястрычак, якія доўга беглі за возам. На душы так маркотна і гаротна, такі скоўвае страх перад невядомасцю, што плачу не сціхаючы. Тая дарога да Бераставіцы на ўсё жыццё ў памяць і сэрца ўрэзалася.
На тую пару ў Нямеччыну з нашай вёскі былі ўжо забраны Наталля Акуліч, Вера Маржэвіч, Міша Мелянец, Зіна Лазарчык, Мікалай Міхальчук. А цяпер толькі мне адной загад такі выйшаў.
Эпізод трэці
У Беластоку моладдзю цэлы цягнік бітком запоўнілі. За ноч мы заехалі ў горад Тыльзіт. Там усіх размеркавалі па гаспадарах. Я трапіла да багатых: многа зямлі, вялізная хата, кароўнік, свінарнік – усе пабудовы дабротныя, на вякі. Аж злосць мяне ўзяла: “ Чаго ж гэта, – думаю, – вам не хапала, што на ўвесь свет вайною пайшлі?! Жылі б сабе, рабілі б на сваёй зямлі”.
Прыставілі мяне карміць свіней: штодня варыла і таўкла буракі, сырыя здрабняла. Летам траву касілі і падвозілі. Работы не баялася, яе і дома ў таткі хапала. Але так крыўдна было рабом быць! Любы немец, нават не твой гаспадар, мог накрычаць, прыгразіць.
… За шашою – бульбяное поле. Паляк Владэк араў, а я ўслед накідала бульбу ў баразну. Раптам лінуў дождж. Мы – хутчэй пад дрэва. І тут чуем:
– Шнэль!, Шнэль!
Нейкі гаспадар з вёскі злосна тупае на дарозе нагамі і махае нам, загадвае, каб ішлі рабіць. Я потым ўсё лета кашляла.
… Да гэтай пары ў вачах стаіць, як наша армія Інстэнбург бамбіла. Чырвонае зарава і дым стаялі ва ўсё неба. Самалёты разварочваюцца і зноў ляцяць бамбіць проста над намі – парабак касіў касяркай, а я за ім траву на жмені клала. Так, паверце, страшна было! Але ісці з поля не мелі права.
Эпізод чацвёрты
Праз дзень-два немцы пачалі ўцякаць. Нас таксама вывезлі – капаць акопы пад Кёнігсбергам. Крушня не крушня, гліна не гліна, а норму выканай. Есці давалі кавалачак хлеба і халодную гарбату, спалі покатам на саломе ў гумне – ад холаду зуб на зуб не трапляў. Там я і застудзіла калена, далягае ўсё жыццё. Ведалі: нас збіраюцца гнаць да Балтыйскага мора і грузіць на баржы. Але аднойчы прачнуліся ранкам, а ўсюды – цішыня. Немцы, высветлілася, ўцяклі.
Мы пабрылі куды вочы гля­дзяць. У нейкай вёсцы каля самай чыгункі, дзе стаяў разбіты поезд з вопраткай, зайшлі з сяброўкамі ў адну з хат. Гаспадароў няма, а пліта яшчэ гарачая. Схадзілі да поезда. Ідзем назад і радуемся: во як цёпла прыадзеліся! Адна дзяўчына кажа:
– Пабеглі хутчэй! Бульбы можа знойдзем, то зварым.
Толькі забеглі ў сенцы, як над дахам прасвістаў снарад і разарваўся якраз у тым месцы, дзе мы толькі што ішлі…
Потым не раз яшчэ і пад абстрэл, і пад бамбёжку трапляла. Але шанцавала, не кантузіла нават.
Ад шчасця, калі напаткалі нашых салдат, плакалі. Хлопцаў, рускіх і беларусаў, адразу афармлялі на фронт, а нас, восемдзесят дзяўчат, прыставілі да пральні. Тры месяцы адзенне для байцоў мылі і сушылі.
У свае Старынцы я дабралася 9 мая. Толькі ніхто ў вёсцы тады яшчэ не ведаў, што дзень гэты ўвойдзе ў гісторыю як Дзень Перамогі.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *