Праграма адраджэння і развіцця вёскі — у дзеянні

Лента новостей

У гэтым годзе ў нашай рэспубліцы спаўняецца 15 гадоў з прыняцця першай дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, а таксама завяршаецца дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця сяла на 2011 – 2015 гады. За гэты час у мадэрнізацыю нашага IMG_0027аграрнага сектару былі ўкладзены вялікія сродкі. Змены ў вёсцы відавочныя. Не толькі новая энерганасычаная тэхніка з’явілася на машынных дварах, выраслі шматлікія сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, сем’і вяскоўцаў атрымлівалі камфортнае жыллё.
Такая пільная ўвага да развіцця сельскай гаспадаркі дае свае вынікі. Нашу краіну ўсё больш ведаюць у свеце, а па вытворчасці некаторых відаў прадукцыі яна сярод лідараў. Па даных харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН па вытворчасці ільну, трыцікале, журавін, бульбы Беларусь увайшла ў першую дзясятку сусветных вытворцаў, а таксама значна ўзнялася ў рэйтынгу па вытворчасці бульбы і рапсу.
У краіне ставіцца задача аднавіць былы паспяховы экспарт “другога хлеба”. Калісьці беларускую бульбу ведалі нават у краінах Сярэдняй Азіі і на Далёкім Усходзе. Бульба для нас – культура традыцыйная і па-сапраўднаму незаменная. Бульба – гэта і галоўная прадуктыўная культура нашых падворкаў. Вясна ўжо ўпэўнена ідзе па краіне, таму варта падумаць і пра якасны насенны матэрыял. Патэнцыял для высокага ўраджаю ў бульбы выдатны. Не толькі сучасныя тэхналогіі вырошчвання адыгрываюць вялікую ролю, але і прыдатныя гатункі, і своечасовая і якасная ахова раслін. Усе гэтыя фактары непадзельныя адзін ад аднаго і разам, у комплексе, дадуць найлепшы вынік.
Стварэнне новых перспектыўных гатункаў бульбы – вельмі карпатлівая праца. Ёю займаюцца вучоныя Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводству і пладаагароднінаводству”. Менавіта там, дзе ствараюцца і ўдасканальваюцца гатункі, уключаныя ў дзяржаўны рэестр і дапушчаныя для выкарыстання на тэрыторыі нашай рэспублікі, СВК “Малабераставіцкі элітгас” набывае здаровыя расліны, якія потым размнажае ў стэрыльных умовах шляхам чаранкавання. Пасля высаджвання ў адкрыты грунт у першы год атрымліваецца першае клубневае пакаленне, у наступным годзе – гадавальнік папярэдняга размнажэння, на трэці – суперэліта, на чацвёрты – эліта. Гэта ўсё насенне вышэйшых рэпрадукцый. У СВК “Малабераставіцкі элітгас” ёсць гатункі бульбы, якія адпавядаюць любым пажаданням людзей. Сёння адметнасцю беларускай селекцыі з’яўляюцца гатункі з добрымі смакавымі якасцямі, якія выдатна захоўваюцца і ўстойлівыя да захворванняў. А самыя новыя яшчэ больш устойлівыя да хвароб.
Што можна параіць набыць пакупнікам? Па словах галоўнага агранома Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяны Жыўлюк, сярод ранніх гатункаў бульбы варта парэкамендаваць Зорачку, з сярэдняранніх – Брыз, з сярэдняспелых – Янку, Універсал і Маніфест, з позніх – Рагнеду і Вектар.
У мінулым годзе ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” у сярэднім па ўсіх рэпрадукцыях, якія вырошчваюцца, гатунак Вектар даў 458 цэнтнераў з гектара, Янка – 447, Універсал – 344, новы перспектыўны гатунак Маніфест у першым клубневым пакаленні – 312 цэнтнераў з гектара. А ў СВК “Пархімаўцы” летась парадаваў Янка – 515 цэнтнераў з гектара, у СВК імя Варанецкага Скарб (у сярэднім па другой рэпрадукцыі) – 463 цэнтнеры з гектара. Відавочна, што аддача выдатная.
Насенны элітны матэрыял, вядома, даражэйшы, чым звычайны, але гэта акупіцца высокім ураджаем. Кожны можа выбраць для сябе тое, што яму найбольш падабаецца і гаспадарыць эфектыўна. Дарэчы, вядомы паспяховы беларускі фермер Міхаіл Шруб не толькі вырошчвае бульбу, але і адкрыў цэх па расфасоўцы яе для гандлёвай сеткі. Ён прадае яе памытую і ўпакаванаю, збіраецца таксама адпраўляць і на экспарт. Гэта яшчэ адна магчымасць зарабляць добрыя грошы, і не толькі для яго. Удалай задумкай могуць скарыстацца і іншыя прадпрымальныя людзі, у тым ліку і на Бераставіччыне.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *