Вучыліся спецыялісты сельскай гаспадаркі

Лента новостей Сельское хозяйство

9fec9e299c54eb4acd2a8014f4e584ab (1)Традыцыйная вучоба кад­раў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, праводзіцца позняй восенню і зімой на базе санаторыя “Нёман”. Курсы павышэння кваліфікацыі ўдала спалучаюцца там з аздараўленнем, таму гэта дае зарад энергіі на цэлы год. Галоўныя інжынеры, галоўныя аграномы і галоўныя ветурачы сельгаскааператываў павышаюць свой узровень, імкнуцца быць у курсе ўсяго новага і перадавога.
Галоўны інжынер СВК “Малабе­ра­ставіцкі элітгас” Мікалай Шчар­бінін пабываў на такой вучобе ўжо пяты раз. Працягвалася яна для спецыялістаў яго профілю з 12 па 23 студзеня, а праводзілі яе вучоныя Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта і іншых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. У полі зроку была сучасная сельскагаспадарчая тэхніка айчыннай і замежнай вытворчасці. Адбыліся таксама цікавыя сустрэчы з прадстаўнікамі фірм і заводаў-вытворцаў тэхнікі.
Для галоўных інжынераў, якія любяць сваю прафесію і выбралі такую работу па прызванні, змястоўныя лекцыі з відэаматэрыяламі і слайдамі ўяўляюць вялікую цікавасць. Зараз зусім неабавязкова ездзіць, напрыклад, за мяжу, каб пабачыць новую вытворчую тэхніку. Курсы якраз і выконваюць задачу нагляднага прадстаўлення інфармацыі на месцы. Вынаходнікі ідуць наперад, распрацоўваюць новыя мадэлі, удасканальваюць тэхніку. Вельмі ўразіў інжынераў новы германскі магутны буракаўборачны камбайн “Рэксар”. Мікалай Уладзіміравіч гаворыць, што ў іх гаспадарцы ёсць два імпартныя буракаўборачныя камбайны “Вервайт” і “Кляйнэ”, першы з якіх ужо адпрацаваў 11 сезонаў, але, вядома, апошняя тэхнічная навінка – гэта яшчэ адно значнае дасягненне. І безумоўна, каштуе такая мадэль вельмі дорага, хаця прадстаўнікі вядомых заходніх фірм усё ж знаходзяць у нашай краіне сваіх удзячных пакупнікоў. А з айчынных камбайнаў інжынерам спадабаўся кормаўборачны КВК-800 завода “Гомсельмаш”. Айчынныя вытворцы таксама стараюцца, а тэхніка каштуе значна танней. Ды многае яшчэ можна ўзяць у лізінг.
Пабывалі спецыялісты і ў дзвюх гаспадарках Мастоўскага раёна. Нядаўна там праводзіўся абласны семінар. Машынныя двары добраўпарадкаваныя, у іх аднаўленне ўкладзены вялікія сродкі. Значна палепшаны ўмовы працы, ёсць выдатная магчымасць для якаснага рамонту тэхнікі. Для працаўнікоў устаноўлены сучасныя душавыя кабінкі, спецвопратку мые пральная машына.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” таксама ставяць задачу ісці ў нагу з часам, плануюць удасканаленні.
Людзі задаволеныя, што ў санаторыі адначасова можна было ўмацаваць сваё здароўе. У “Нёмане” ёсць адмысловыя трэнажоры, цудоўны басейн. Мікалай Уладзіміравіч аддаў перавагу менавіта плаванню, якое лічыцца самым карысным відам спорта, таму што не дае нагрузкі на суставы. Час правёў з карысцю, такія курсы сапраўды адметныя. Удала нехта прыдумаў сумяшчаць і павышэнне кваліфікацыі, і адпачынак.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *