Выйшла кніга нашага земляка Канстан­ціна Станкевіча “На Парнасе”

Лента новостей

4 444Для нашага земляка Канстан­ціна Станкевіча 2014 год быў адметны тым, што ён адзначыў свой юбілей. А яшчэ адбылася прэзентацыя яго новай кніжкі. Зборнік вершаў і прозы атрымаў назву “На Парнасе”. Можна меркаваць, што аўтар знаходзіцца на вышыні свайго творчага ўздыму.
Канстанцін Станкевіч нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Алекшыцкага сельсавета. Скончыў фізіка–матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута імя Я.Купалы.
Тэрміновую (чатырохгадовую) вайсковую службу прайшоў на Чырвонасцяжным Паўночным Флоце. Працаваў настаўнікам, затым дырэктарам Вішнеўскай школы. На той час прыпадае пачатак яго журналісцкай і літаратурнай дзейнасці. Ён шмат піша ў раённую газету. Гэта кароткія інфармацыі аб падзеях, грунтоўныя замалёўкі і нарысы аб цікавых людскіх лёсах аднавяскоўцаў. На літаратурных старонках усё часцей друкуюцца вершы Канстанціна, спрабуе ён свае сілы ў сатыры і гумары. Яго байка “Зязюля і певень” пасля публікацыі ў раённай газеце загучала нават са сцэны.
“Ён, певень, прыгожы, цыбаты і гладкі…
Таўкуцца натоўпам за пеўнем чубаткі,
Такі ганарысты, з падскокам, няйначай,
Хадзіць навучыўся – няхай усе ўбачаць…”
З гэтым творам, а таксама з байкай “Сарока на сметніку” загадчыца Бераставічанскага клуба Вера Акуліч нават выступала на абласным конкурсе ў Гродне.
“Сарока мела сметнік свой,
Сюды лятала сілкавацца.
Ды паспяшалася прызнацца,
Што стала дужа папраўляцца–
Так дагаджалі людзі ёй…”
З 1980 года Канстанцін Станкевіч перайшоў на працу загадчыкам аддзела пісьмаў Іўеўскай раёнкі. Пераехаўшы потым у Воранава, загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі і сацыяльных праблем раённай газеты. Член Саюза журналістаў БССР з 1984 года.
Першы зборнік прозы і паэзіі “Берёза моя в голубой косынке” ўбачыў чытач на паліцах кніжных крамаў у 2004 годзе. Выдадзены ён быў у Мінску, у выдавецтве “Парус”. Кнігу ўмоўна можна падзяліць на тры раздзелы: нарысы і замалёўкі, фельетоны і гумарэскі, паэзія-лірыка і сатыра. У кожным раздзеле ёсць творы і на беларускай, і на рускай мовах.
А вось паэзія – толькі на беларускай мове. Па ўсім відаць, яна бліжэй аўтару, таму вершы атрымаліся з багатай вобразнасцю і шчымлівым лірызмам, а байкі – са “смачным” беларускім гумарам і колкай сатырай. У байках адчуваецца ўплыў нашых беларускіх байкапісцаў – Кандрата Крапівы, Уладзіміра Корбана і Міхася Скрыпкі. Зазначым, да гонару аўтара, раздзел паэзіі пачынаецца з “Песні аб Бераставіцы”:
“Стройныя бярозкі, быццам маладзіцы,
Ручайком прыгожым радуюць
прастор.
Сустракае дружна іх Бераставіца,
Як сваіх чаканых дарагіх сясцёр”.
Што і казаць, верш так і просіцца на музыку. Будзем спадзявацца, што знойдзецца аўтар і для музычнага асэнсавання гэтага лірычнага верша.
Яшчэ дзве дэтэктыўныя аповесці падрыхтаваны да друку. Аўтар мае намер выдаць іх у Маскве, дзе жыве і працуе яго дачка. У творчым партфелі аўтара таксама ёсць сцэнарый мастацкай стужкі. Згаданы сцэнарый цяпер знаходзіцца на кінастудыі “Беларусфільм”, дзе праходзіць яго абмеркаванне. У творчых планах Канстанціна Станкевіча зборнік сатыры і гамару, над якім ён працуе.
Неабходна заўважыць, што, як і раней, Канстанцін Станкевіч (былы ўласны карэспандэнт рэспубліканскай газеты “Транспортный вестник” па Гродзенскай, затым у сувязі з пераездам у г. Баранавічы – па Брэсцкай вобласці) захаваў вернасць транспартнай тэматыцы. У першым раздзеле новай кніжкі (нарысы, апавяданні) змешчаны творы аб аўтамабілістах і чыгуначніках. Болей за 20 старонак выдання займаюць творы (сатыра і гумар) на розныя жыццёвыя тэмы.
Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *