Рэжысёр, пісьменнік і артыст з Вялікай Бераставіцы Барыс Лагода

Лента новостей

Здымак 2014 года
Здымак 2014 года

 

Агітбрыгада “Сонейка”.  Барыс Лагода крайні злева
Агітбрыгада “Сонейка”.
Барыс Лагода крайні злева

У настольным “Беларускім краязнаўчым  календары” ў канцы 2014 года значыцца: “Спаўняецца 50 гадоў Барысу Лагодзе – беларускаму рэжысёру, артысту, пісьменніку”. Гэты юбілей, як сведчаць інтэрнэт-крыніцы, адзначаўся ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, дзе шмат гадоў працаваў мастацкім кіраўніком і рэжысёрам Барыс Лагода, у Сыктыўкары – у сталічным Тэатры оперы і балета Рэспублікі Комі, дзе паспяхова працуе цяпер галоўным рэжысёрам наш зямляк, і яшчэ ў некаторых расійскіх і нават украінскіх тэатрах, у творчым рэпертуары якіх   пакінуў ён свой прыкметны след.

У 1988 годзе ў кінатэатрах Беларусі з вялікім поспехам ішоў двухсерыйны фільм “Меня зовут Арлекино” вытворчасці “Беларусьфільм”. Там упершыню ў беларускім кінематографе падымалася праблема наркаманіі сярод моладзі. А ў бераставіцкім кінатэатры “Радзіма” замест запланаваных двух дзён фільм дэманстравалі 4 дні. Павышаная зацікаўленасць да яго была звязана з невялікай прыпіскай на рэкламнай афішы: “У фільме здымаўся наш зямляк Барыс Лагода”. Часопіс “На экранах Беларусі” ў той час пісаў: ”Фільму даюць DSCF6653 1 DSCF6656 1неадназначную ацэнку як крытыкі, так і гледачы. Камусьці ён падабаецца, хтосьці катэгарычна яго не прымае. Мы ж лічым, як у кожным мастацкім творы, у ім ёсць і моцныя, і слабыя бакі… Сярод іншых выканаўцаў ролей хацелася б адзначыць маладога артыста Барыса Лагоду. Хаця ў фільме яго герой паяўляецца эпізадычна, але артысту ўдалося стварыць каларытную фігуру “маладога піжона”, якому быццам бы і “мора па калена”. Але ў жыцці за ўсё трэба плаціць: за добрае і кепскае”.
Прыйшлося расплачвацца і герою Лагоды: бацькоўскім домам, загубленай дружбай з сябрамі і каханнем любай дзяўчыны.
Дарэчы, як адзначаецца ў 4-ым томе чатырохтомнай “Гісторыі беларускага кінамастацтва”, гэта быў “… самы папулярны за ўсю гісторыю беларускі фільм, што ўвайшоў пад №98-99 у першую сотню касавых лідараў савецкага кіно. Аўдыторыя яго гледачоў (да 1990 г.) склала амаль 42 мільёны чалавек на кожную з дзвюх серый. А па выніках першага года яго дэманстрацыі на тэрыторыі былога СССР (1988 г.) карціна заняла 4-ае месца сярод усіх паказаных тады савецкіх фільмаў”. Канешне, гэта заслуга ўсяго здымачнага калектыву, у якім былі і вядомыя майстры кінамастацтва. Але парадуемся разам з Барысам, што яму пашчасціла здымацца ў гэтым фільме, і пацешым сябе разважаннем, што і ён унёс — можа і маленькую – часцінку душы і сэрца.
Барыс Барысавіч Лагода нарадзіўся ў 1964 го­дзе ў Вялікай Бераставіцы. Яшчэ ў час вучобы ў мясцовай школе, як успамінаюць яго былыя аднакласніцы Таццяна Дудко, Галіна Піхун і былая настаўніца Ала Генрыхаўна Піхун, у Барыса праяўляліся літаратурныя і акцёрскія здольнасці. Ён актыўна ўдзельнічаў у школьных вечарах і конкурсах, сачыняў песні і выконваў іх сам пад акампанемент гітары. Запомніўся многім конкурс КВЗ паміж “фізікамі і лірыкамі”. І ўжо тады ўсе разумелі, што ў іх аднакласніка сапраўдны артыстычны і літаратурны талент. А яшчэ Барыс быў душой кампаніі – ці то былі суботнікі на палях мясцовага калгаса, ці экскурсіі ў Мінск або Рыгу.
IMG889Ужо ў адзінаццатым класе Барыс цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з тэатрам. Першая спроба паступіць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) аказалася няўдалай. Але ён не падае духам: жыццярадасны, іранічна-смяшлівы, працуе ў раённым Доме культуры, актыўна ўдзельнічае ў народнай агітбрыгадзе “Сонейка”. Гэтым самабытным калектывам тады кіраваў выпуснік рэжысёрскага факультэта Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Аляксандр Барысевіч. Як успамінаў Барыс Лагода, выступаючы на літаратурным вечары ў раённай бібліятэцы ў 2004 годзе, Барысевіч аказаў на яго значны ўплыў пры выбары далейшага шляху. А яшчэ – і дапамогу пры падрыхтоўцы да творчых экзаменаў у той жа інстытут (а іх было ажно 3 ды яшчэ 4 экзамены па прадметах).
У тое ж лета перад экзаменамі агітбрыгада па пуцёўцы ЦК УЛКСМ выязджала з канцэртамі да будаўнікоў БАМа. Як успамінае ўдзельніца агітбрыгады Яніна Бухмет (цяпер – работніца цэнтральнай раённай бальніцы), акрамя галоўнай праграмы на канцэртах выступалі з асобнымі нумарамі індывідуальныя выканаўцы. Аўтарскія песні Барыса, а некаторыя былі і на беларускай мове, карысталіся поспехам у “бамаўцаў”. Паездка была цікавай, але нялёгкай. Іншы раз прыходзілася спаць на чыгуначных станцыях на рукзаках, але артысты не журыліся. І ў гэтым дапамагаў вясёлы і жыццярадасны Барыс.
У ­­­­­­­­­­­­1984 годзе Барыс стаў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута. На часы вучобы ў сталіцы прыпадаюць першыя яго выступленні ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Адна з першых публікацый у часопісе “Маладосць” – падборка вершаў. Друкавацца ў гэтым часопісе, які выдаваў Саюз пісьменнікаў БССР, было і прафесійным прызнаннем яго таленту. Ужо першыя радкі аднаго з вершаў прыемна здзіўлялі сваёй паэтычнай вобразнасцю і лірызмам:
“Павуцінне ляціць. Павуцінне…
У барвяна-жоўтай хусціне.
На галіне
Сядзіць сонейка, ціха дрэмле.
Жмурыць левае вока-
Зіма недалёка…
IM14А потым пайшла проза: з лёгкім подыхам паэзіі і лірыкі. Можа занадта гучнае параўнанне, але яна чымсьці нагадвала ранняга Янку Брыля і позняга Барыса Сачанку, а штосьці было і ад Васілія Шукшына. Гэта асабліва прасочваецца ў аповесці “Адшукаць свой храм”, у апавяданнях “Споведзь”, “Саўка і наяда”, “Вялікі Трубач” ды і ў аповесці “Зімовы раманс для сабакі без ашыйніка”.
У кароткай ана­­тацыі на першую кнігу нашага зямляка “Сабака без ашыйніка” (1994г.) пісьменнік Анатоль Казлоў пісаў: “Аповесці і апавяданні маладога празаіка Барыса Лагоды напоўнены глыбокай пяшчотай, музычным лірызмам і разам з тым – боллю і клопатам за зменлівасць, няўстойлівасць чалавечых лёсаў. Аўтар прымушае задумацца над спрадвечнымі каштоўнасцямі чалавечага быцця – любоўю да нашых блізкіх і родных, да тых, хто поплеч з намі. Не пазбаўленны яго творы і псіхалагічных даследванняў узаемаадносін чалавека з прыродай. Аўтар запрашае кожнага з чытачоў знайсці сваю асабістую дарогу да Храма для душэўнага і цялеснага ачышчэння”.
Нічога не скажаш – высокая ацэнка творчасці маладога празаіка.
Пасля заканчэння інстытута Барыс Лагода працаваў акцёрам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. У гэты час, у 1989 годзе, выходзіць карціна “Беларусьфільма” з удзелам зноў-такі Барыса Лагоды “Пад небам блакітным”. Як адзначаецца ў тым жа чатырохтомніку “фільм атрымаўся больш цэласным (аўтар сцэнарыя вядомы расійскі драматург В. Мярэжка), аднак ён менш хваляваў гледачоў у параўнанні з ужо з’явіўшыміся на той час фільмамі пра бацькоў і дзяцей…”.
У 1990 годзе паяўляецца на экранах кінатэатраў адзін з першых фільмаў, пастаўленых па творах Уладзіміра Караткевіча – «Маці Урагану». Ён, як і адна­іменная п’еса пісьменніка, прысвечаны гістарычнаму факту – паўстанню на тэрыторыі Беларусі, якое адбылося ў XIII стагоддзі пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Здымацца ў фільмах па творах Караткевіча – увогуле вялікі гонар і прызнанне. Такая творчая ўдача менавіта прадставілася нашаму земляку. Аднак фільм атрымаўся з многімі недахопамі і не меў вялікага прызнання ў гледачоў.
IMG 11 IMG12jpg IMG121jpgА потым Барыс Лагода пра­цаваў у тэатрах Украіны, Расіі. Пасля некалькіх удалых пастановак спектакляў у музычным тэатры ў Навасібірску яго запрасілі ў Беларускі тэатр музычнай камедыі для пастаноўкі аперэты Штрауса “Капялюш Напалеона”. Прэм’ера атрымалася ўдалай, і яму прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі ў Мінску (так у той час называўся цяперашні Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр). За некалькі гадоў працы ў Мінску Барыс Лагода паставіў больш за 10 музычных спектакляў, якія карысталіся вялікай папулярнасцю ў гледачоў, асабліва ў моладзі. А мюзікл “Пацалуй мяне, Кэт!”, аперэты “Баядэрка”, “Сева­стопальскі вальс” (у яго паста­ноўцы было задзейнічана 245 чалавек – у тым ліку і ансамбль песні і танца Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь) і некаторыя іншыя ўвайшлі ў залаты фонд рэпертуара тэатра.
Апошнія некалькі гадоў Ба­рыс Лагода служыць у г.Сык­тыўкары галоўным рэжысёрам Тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі.
Творчыя людзі часта мяняюць месца жыхарства. Гэта, бадай што, аксіёма… Але вось што піша маскоўскі часопіс “Музыкальная жизнь”: “У режиссёра Бориса Лагоды – репутация кометы. Где бы он волею обстоятельств ни работал, он оставляет после себя яркий шлейф звёздности и театрального праздника. Он имеет репутацию человека– оркестра…».

Кадр з фільма “Пад небам блакітным”. Барыс Лагода (справа) у ролі Русаса
Кадр з фільма “Пад небам блакітным”. Барыс Лагода (справа) у ролі Русаса

За час свайго творчага жыцця Барыс Барысавіч паставіў больш за 100 спектакляў у розных тэатрах, у тым ліку аперэты “Сільва” , “Марыца”, музычныя камедыі “Паўлінка”, “Ханума”. “Любина роща”, оперы “Кармен” і “А зори здесь тихие”, балеты “Фантазия о любви и смерти Дон Жуана” і “Щелкунчик”, мюзіклы “Моя прекрасная леди” і “31-й серебряник” (у апошнім – ён і аўтар лібрэта і музыкі) і многае іншае. Здымаўся ў фільмах (акрамя «Меня зовут Арлекино») “Мать Урагана”, “Под небом голубым” і “Гладиатор по найму”.
Часопіс «Музыкальная жизнь» і публікацыі ў інтэрнэце даюць шмат захапляючых водгукаў калег аб нашым земляку. Вось некаторыя з іх. Галоўны дырыжор Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра, Заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Б.Надельман піша: “Борис Лагода стремительно ворвался в когорту музыкальных режиссёров страны и за весьма короткий срок своими постановками сумел снискать любовь артистов, театральных зрителей и уважение коллег по профессии. Он по праву является одним из ярких представителей элиты музыкальной режиссуры России».
Ірына Сітнова – Народная артыстка Расіі: “Я считаю, что режиссёр Борис Лагода талантлив во многом: он прекрасно пишет стихи, играет на гитаре, здорово поет и очень артистичен и пластичен на сцене… А ещё в Барборисовиче – так я называю его любя – меня подкупает его природное обаяние…».
Бераставічане сустракаюцца з “Барбарысавічам” кожнае лета, часцей за ўсё — на возеры, дзе ён любіць пасядзець з вудачкай у руках. Ён штогод прыязджае ў Бераставіцу хаця б на некалькі дзён. Тут жыве яго маці, Ала Іванаўна Лагода, якая, дарэчы, таксама піша вершы і сачыняе на іх мелодыі. Можа гэтакі талент яму перадаўся ў спадчыну, а яшчэ развіццю яго таленту дапамаглі, напэўна, школа, сябры па агітбрыгадзе і незвычайная аўра Вялікай Бераставіцы, над якой усё лета наразаюць кругі птушкі з бела-чорнымі крыламі.
Мікалай Пацэнка

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *