У СВК «Алекшыцы» падвялі вынікі мінулага года ў жывёлагадоўлі

Лента новостей

IMG_0350Роля жывёлагадоўлі ў аграпрамысловым сектары нашай краіны вельмі важная. Рэспубліка забяспечвае сваё насельніцтва прадуктамі харчавання і імкнецца развіваць экспарт. А для гэтага патрабуецца нарошчваць выпуск сыравіны.
Варта адзначыць, што ўдаецца ў краіне гэта далёка не ўсім вытворцам.
У СВК “Алекшыцы” падвялі вынікі мінулага года ў жывёлагадоўлі. У гэтым сельгаскааператыве развіццю такой важнай галіны надаецца пастаянная пільная ўвага. Стаўка тут робіцца на дынамічнае нарошчванне вытворчасці малака і ялавічыны. Мінулы год выдаўся ўдалым. У параўнанні з пазамінулым надой на карову тут павялічыўся на 173 кілаграмы і дасягнуў 8414 кілаграмаў, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам, а заданне выканана на 102,1 працэнта. На фоне рэспублікі пакуль што нешматлікія гаспадаркі ўзялі такую высокую планку па надоі на карову. Многія дояць ад рагулі ўдвая менш, а дагэтуль ёсць і такія, што і ўтрая. А сыравіна вельмі выгадная менавіта пры нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці, таму і будуюцца па рэспубліцы новыя сучасныя малочнатаварныя комплексы, якія ўжо паказалі сваю эфектыўнасць.
Малочнатаварны комплекс “Алекшыцы” спаўна апраўдвае спадзяванні жывёлаводаў. Тут ахайная дагледжаная тэрыторыя, вясной і летам радуюць вока прыгожыя клумбы з кветкамі, на ўзроўні культура вытворчасці. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць дабівацца добрых вынікаў. На карову за мінулы год тут надаілі 8567 кілаграмаў малака, а на ферме “Падбагонікі” – 7677 кілаграмаў. Там была праведзена належная рэканструкцыя.
А валавая вытворчасць каштоў­най сыравіны ў гэтай гаспадарцы склала 8291 тону, важкі “плюс” пацягнуў на 639 тон. У полі зроку таксама якасць малака. Таварнасць склала 92,6 працэнта пры тлустасці 3,76 працэнта. Вышэйшым гатункам прададзена 99,6 працэнта малака.
Валавая прывага ялавічыны ўзрасла на 47 тон і дасягнула 1973 тон. Заданне выканана на 102,3 працэнта. На мясакамбінат рэалізавана 3301 галава маладняку буйной рагатай жывёлы з сярэдняй вагой 563 кілаграмы. На комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы атрымана 1786 тон прывагі. Сярэднясутачная прывага склала 1024 грамы (на ўзроўні 2013 года). Гэта таксама вельмі добры паказчык на фоне такіх жывёлагадоўчых аб’ектаў рэспублікі, і сваё лідарства нашы землякі падтрымліваюць і ўмацоўваюць кожны год.
У гаспадарцы клапоцяцца пра людзей. Гэта сапраўдны “залаты фонд” сельгаскааператыва. Не толькі маральнае, але і дастойнае матэрыяльнае заахвочванне стымулюе здабыткі. Па выніках гэтага напружанага года ў жывёлагадоўлі перадавікамі сталі аператары машыннага даення малочнатаварнага комплексу “Алекшыцы” Ірына Балюк, Ірына Янюк і Ірына Ганчарова, аператары комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы Людміла Лаўрашук, Ірына Фёдарава, Ірына Танчынская, Людміла Раманчук, Тамара Харытонава, Галіна Агіевіч. Сярод лепшых працаўнікоў таксама аператар гэтага комплексу Марыя Астравух і слесары Сяргей Шкрабін і Іван Бах.
На 2015 год у СВК “Алекшыцы” пастаўлена мэта эфектыўна развівацца і далей. Ад каровы трэба будзе надаіць 8503 кілаграмы малака, валавую вытворчасць давесці да 8466 тон. Дзяржаве неабходна будзе рэалізаваць 7831 тону малака. У мясной жывёлагадоўлі таксама пастаўлены няпростыя задачы.
Жывёлаводы ў гэтай гаспадарцы ўмеюць працаваць. Пажадаем ім моцнага здароўя і новых поспехаў у 2015 годзе!
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *