Маленькі сакрэт Галіны Стасюкевіч

Лента новостей Человек и его дело

IMG_1897Памятаю, як мая мама на сваім падворку лячыла захварэлае кураня. Яно ўжо нават не хадзіла, а ляжала, распусціўшы крылы і панура апусціўшы кволую слабую галоўку. Уліваючы яму ў дзюбку лекі і ваду, мама пяшчотна прыгаворвала, прасіла:
— А мой ты маленькі, пі! Я так хачу, каб ты быў здаровы! Пі, мой харошы!
І куранятка слухалася, глытала горкія кроплі, быццам разумела, што яму стараюцца дапамагчы. А праз некаторы час выздаравела і ўжо бадзёрае і жыццярадаснае, жвава бегала разам з іншымі.
Гэты выпадак мне ўспомніўся пры размове з Галінай Стасюкевіч (на здымку), цялятніцай малочнатаварнага комплексу “Малая Бераставіца”. Яна нешматслоўна расказвала пра сваю работу і пра малых цялят, і ў яе голасе раптам прагучалі падобныя ласкавыя ноткі. Занятак яе хаця і цяжкі, як часта бывае ў сельскай гаспадарцы, але адчулася адразу, што чалавек яна нераўнадушны, і гэта галоўнае.
Спачатку Галіна працавала аператарам машыннага даення на комплексе, яшчэ да таго, як там правялі рэканструкцыю і ўстанавілі сучасную даільную залу.
— Пакуль даілі на малакаправодзе, дык быў у нас адзін толькі транспарцёр, — расказвае субяседніца. — Кармы раздавалі ўручную, прыбіралі. Было вельмі цяжка. А потым уся такая ручная работа адпала. Стала прасцей і лягчэй, не так рукі стамляюцца. І для кожнага малога цяляці паставілі асобны домік. Я перайшла ў цялятніцы. Мама ў мяне хварэла, мне так зручней было яе даглядаць.
На комплексе зараз 1500 галоў жывёлы. Нараджаецца цялятка з вагой 35 – 40 кілаграмаў.
— Я прымаю і расцёлы, — працягвае жанчына далей.
Нованароджаныя цяляты атрымліваюць малодзіва, а затым у індывідуальных доміках іх выпойваюць пастэрызаваным малаком са спецыяльных ёмістасцей з соскамі. У цялят “сняданак” вельмі ранні, таму і цялятніцам прыходзіцца ўставаць, калі ўсе яшчэ соладка спяць. А пакарміць трэба тры разы, памыць посуд пасля кармлення. Работа няпростая, трэба яшчэ даглядаць цялят, падсцілаць. У доміках яны 21 дзень, затым іх пераводзяць у памяшканне прафілакторнага перыяду. Усіх зараз у Галіны каля ста цялят у доміках і будынку.
— Яны зараз пад нумарамі, не так, як раней было ў вёсцы, — кажу. – Але для Вас яны, мабыць, ўсё роўна розныя, кожнае са сваім характарам?
— Так. Ёсць павольныя, ёсць рухавыя. Я ім часта імёны даю. Як народзіцца, і ўбачу цялятка, такое маленькае, бездапаможнае, дык і называю яго Гномік, Кнопачка… Як і да дзяцей, да кожнага з іх патрэбен свой падыход.
— А як захварэе, адразу ўбачыце?
— Вядома. Здараецца, учора бычок рухавы, а сёння яму ўжо дрэнна. Калі вушы апушчаныя, язык сухі, у цяляці тэмпература. Калі вялы, не есць, у яго баліць жывот. Тады клічу ветэрынара.
А каб цяля хутчэй выздаравела, у вопытнай цялятніцы і проста добрай жанчыны ёсць універсальны рэцэпт:
— Яму патрэбны ўвага, ласка! Хвалю, як убачу, што цяля ўжо патроху ідзе на папраўку.
Прыемна чуць такія словы. Вось як рэалізаваўся чалавек у нялёгкай прафесіі, бо ўкладвае туды душу.
Моцнага здароўя і шчасця Вам, паважаная Галіна Мікалаеўна!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *