Чым запомніўся 2014-ы?

Актуально Лента новостей

2Сяргей Шляхотка, дырэктар Бераставіцкай ДЮСШ:
– Самай значнай падзеяй адыходзячага года і галоўным дасягненнем трэнераў і выхаванцаў нашай школы, безумоўна, трэба назваць перамогу зборнай каманды юнакоў на першынстве Беларусі ў праграме спартакіяды ДЮСШ і СДЮШАР па вольнай барацьбе сярод юных спартсменаў 1998-1999 гадоў нараджэння. Наша каманда ўпершыню стала чэмпіёнам краіны ў спаборніцтвах такога высокага рангу, і гэта, без сумнення, з’яўляецца прадметам гонару для ўсяго раёна.

 

222Таццяна Павераная, жыхарка райцэнтра:
– Мне і маёй сям’і – мужу Андрэю і дачцэ Анастасіі – 2014-ы год запомніцца тым, што мы атрымалі жыллё. Гэтай доўгачаканай падзеі чакалі, вядома ж, з асаблівым хваляваннем і радасцю. Бо, згадзіцеся, мець уласную кватэру так важна для любой сям’і. І хоць нашу двухпакаёвую кватэру нельга назваць уласнай у поўным сэнсе гэтага слова, паколькі пабудавана яна ў арэндным доме, усё роўна мы шчаслівыя, што пачалі жыць самастойным жыццём. Пабудаваць або купіць кватэру сёння досыць складана, а плата за арэнду камерцыйнага жылля па сілах нашаму сямейнаму бюджэту. Хацелася, каб такія дамы будаваліся і ў будычым.

 

 

22Вераніка Антанюк, жыхарка аграгарадка Вялікія Эйсманты:
Год адыходзячы для мяне і майго мужа асаблівы. Бо менавіта ў 2014-м мы пажаніліся. І Бог падарыў нам адразу двое дзяцей: нарадзіліся сынок Нікітка і дачушка Кацюша. Колькі радасці, колькі сямейнага шчасця прынеслі яны нам!
Адыходзячы год памятны для мяне і іншымі добрымі падзеямі. Да прыкладу, я закончыла эканамічнае аддзяленне Ваўкавыскага аграрнага каледжа і ўладкавалася працаваць эканамістам у родны сельскагаспадарчы кааператыў імя Варанецкага, дзе, дарэчы, ужо 24 гады бухгалтарам працуе мая мама. У гэтым жа годзе я паступіла вучыцца на эканамічнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Няхай 2015-ы будзе ўдалым і шчаслівым для маёй сям’і, і для ўсіх сем’яў нашага раёна!
Пыталіся Святлана Ганчарова, Марыя Драпеза



1 комментарий по теме “Чым запомніўся 2014-ы?

  1. Сяргей Сяргеевіч Шляхотка — выдатны трэнер. Канец 70-х — першая палова 80-х. Штогод улетку спартыўны лагер ў Эймінаўцах, у былой школе, пабудаванай яшчэ Касакоўскімі. Вясёлыя часы. Фінансы з раённага бюджэту. Усе спартоўцы Бераставіччыны падзяляляюцца на дзве катэгорыі — лёгкая атлетыка і вольная барацьба. Усё пераплятаецца. Сяброўства і ўзаемадапамога. Агульныя інтарэсы і агульныя трэнтроўкі.
    Трэнеры — Сяргей Шляхотка, Уладзімір Матысік, Вікенці Гладкі з Малой Бераставіцы, Янушкевіч — на той час дырэктар спартыўнай школы, Леанід Говар, з барцоў Уладзімір Валейчык і іншыя. Выдатныя вынікі па двух накірунках. Трэніравалісь і адстойвалі прэстыж Бераставіцкага раёна — Ігар Нікан, Сяргей Лушчык, Валодзя Лукавоз з Цецяроўкі, Мікалай Леська, Мікалай Трафімчык, Сяргей Кудлаш, Ігар Нячэпа, Вера Арол, Ліля Ігнацік, Дзіма Кулік, Антушэвіч Гена, браты Дудары, Сяргей Маржэвіч, Македон з Эйсмантаў і многія іншыя. Магчыма каго-небудзь не узгадаў. Здароўя і поспехаў, сябры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *