Адбыўся выязны семінар работнікаў бібліятэчных устаноў Бераставіцкага раёна

Культура Лента новостей

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16“Бібліятэка – цэнтр гістарычнай памяці,  энцыклапедыя роднага краю” – пад такой назвай на мінулым тыдні адбыўся выязны семінар работнікаў бібліятэчных устаноў раёна.

Год гасціннасці, які падыходзіць ужо да свайго завяршэння, прымусіў па-іншаму зірнуць на праблему стварэння ў рэгіёнах прывабных для турыстаў аб’ектаў, распрацоўку турыстычных маршрутаў з наведваннем каштоўных з гістарычнага і этнаграфічнага пунктаў гледжання помнікаў культуры, архітэктуры, адметных сваёй прыгажосцю куточкаў прыроды, а таксама назапашванне краязнаўчага матэрыялу, які быў бы цікавым у тым ліку і гасцям, наведваючым нашу краіну. Разам з іншымі зацікаўленымі структурамі бібліятэкі прымаюць самы актыўны ўдзел у гэтым працэсе. Бібліятэчныя ўстановы нашага раёна – не выключэнне. Чым можа зацікавіць турыстаў макараўская зямля? Якая работа праводзіцца тут па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны? Менавіта пра гэта і вялася гаворка падчас семінара, які праходзіў на базе Макараўскай і Лішкаўскай сельскіх бібліятэк.
Яркая адметнасць Макараўцаў – гэта, безумоўна, касцёл Уз­вы­шэння Святога Крыжа, які з’яўляецца адным з найстарэйшых помнікаў архітэктуры драўлянага дойлідства на Гродзеншчыне. Святыня была пабудавана ў 1795 годзе. Аб мінулым і сучасным храма ўдзельнікам семінара расказаў бібліятэкар Макараўскай сельскай бібліятэкі Руслан Руды, суправа­джаючы пры гэтым свой аповед відэапрэзентацыяй з ілюстрацыямі касцёла ў розныя часы. Моцнае ўражанне бібліятэкары атрымалі і непасрэдна ад наведвання храма, будынак якога і звонку, і ўнутры папрыгажэў пасля рамонту. Удзельнікі семінара сустрэліся з настаяцелем храма, ксяндзом Паўлам Беланосам, які зрабіў невялічкі экскурс у гісторыю касцёла і парафіі, расказаў пра аднаўленне будынка.
Шмат цікавага з гісторыі мястэчка бібліятэкары ўбачылі і пачулі ў краязнаўчым музеі Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы. Яго загадчыца, гісторык, настаўнік-дэфектолаг Алена Панкевіч у гутарцы з удзельнікамі семінара спынілася на найбольш значных гістарычных падзеях з жыцця Макараўцаў, расказала аб лю­дзях, якія сваёй дзейнасцю аказалі ўплыў на станаўленне і развіццё вёскі.
Пра тое, як канкрэтна бібліятэч­ныя ўстановы могуць далучыцца да захавання гістарычнай спадчыны, удзельнікі абмеркавалі ў Лішкаўскай сельскай бібліятэцы, куды пераехалі пасля наведвання школьнага музея ў Макараўцах. Аднак спачатку бібліятэкар Лішкаўскай СБ Зоя Хлебнікава падзялілася вопытам сваёй работы па краязнаўчаму выхаванню моладзі і арганізацыі вольнага часу чытачоў. І зрабіла гэта ў форме літаратурна-музычнай вечарыны. З выкарыстаннем відэапрэзентацыі пры ўдзеле юных чытачоў адбылося знаёмства гасцей з гісторыяй сядзібы ў вёсцы Лішкі і палаца, які хоць і ў аварыйным стане, але ўсё ж захаваўся да нашых дзён. Бібліятэкары праверылі сябе на веданне назваў старадаўніх прылад працы і прадметаў побыту, прыняўшы ўдзел у віктарыне-гульні. Аднак найбольшую цікавасць у гасцей выклікала сустрэча з мясцовымі пявуннямі – надзейнымі памочнікамі Зоі Якаўлеўны ва ўсіх яе творчых задумках – Верай Міхайлаўнай Сяргейчык і Лідзіяй Мікалаеўнай Галавач з Сямёнаўкі, Праскоўяй Міхайлаўнай Шах з Лішак, а таксама з яе сынам Аляксандрам Уладзіміравічам, дарэчы, удзельнікам народнага мужчынскага хору ААТ «Мастадрэў».
Апранутыя ў прыгожае нацыянальнае аддзенне, размясціўшыся ў краязнаўчым пакоі бібліятэкі, аформленым у выглядзе сялянскай хаты, яны праспявалі некалькі народных песень, ужо даўно забытых, а таму асабліва прыцягальных. Сваім каларытным выглядам і цудоўнымі спевамі яны пацвердзілі тое, што наш рэгіён, безумоўна, можа быць цікавым сваёй непаўторнай аўтэнтычнай культурай.
У прадаўжэнне семінара слова было прадастаўлена навуковаму супрацоўніку Музея Вавёркі Мікалаю Пацэнка, які расказаў аб страчаных помніках гісторыі і культуры Бераставіччыны.
Загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла Аксана Кумпель прапанавала бібліяграфічны агляд літара­туры аб культурна-гіста­рычнай спадчыне раёна. Бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі РЦБ Святлана Гладкая звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на ўласную выдавецкую прадукцыю райбібліятэкі, якую можна выкарыстаць ў краязнаўчай рабоце. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу РЦБ Алена Огер спы­нілася на асаблівасцях і відах краязнаўчых кніжных выстаў.
Падвяла вынікі семінара дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч.
У сустрэчы прыняў удзел старшыня Канюхоўскага сельвыканкама Іван Ятэль.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *