Прафесія для душы

Лента новостей

IMG_0003Сорак гадоў аддаў любімай прафесіі загадчык лабараторыі Бераставіцкай райветстанцыі Станіслаў Сідаровіч (на здымку). Пра галоўны выбар свайго жыцця вопытны спецыяліст гаворыць, што гэта было свядома, хаця быў ён тады бязвусым юнаком.
Нарадзіўся хлопец у шматдзетнай сям’і ў адной з вёсак Ваўкавыскага раёна. Дзяцей было шасцёра, бацькам прыходзілася нялёгка, таму вырошчвалі бульбу, агародніну, трымалі хатнюю гаспадарку. Дамашняя жывёла – вялікая ўцеха для хлопчыкаў і дзяўчынак. Тады і навучыўся Стасік спагадзе да ўсяго жывога. Пасля заканчэння базавай школы падаў дакументы ў Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Тады дэмаграфічная сітуацыя была спрыяльная, і конкурс аказаўся значны — аж чатыры чалавекі на месца. Хаця і пахваляваўся юнак, але экзамены здаў добра, паступіў. Дамоў вяртаўся, як на крылах. Колькі было радасці і яму самому, і дамачадцам, калі даведаўся, што залічылі ў тэхнікум! Усе радаваліся яго поспеху.
Менавіта гады вучобы ў тэхнікуме і патрабавальныя выкладчыкі дагэтуль успамінаюцца Станіславу Мечыслававічу як важны этап у жыцці, першыя прыступкі ў любімую прафесію. Будучых ветфельчараў вучылі, як правільна дыягнаставаць хваробу, якія прызначаць эфектыўныя прэпараты. Вострае вока, чулыя рукі і лагічнае мысленне – “тры кіты” правільнай дыягностыкі. А вось метады лячэння за столькі гадоў з той пары перацярпелі немалыя змены. Нездарма вучоныя адзначаюць, што мутацыі ў вірусаў бываюць настолькі хуткія і разнастайныя, што часам цяжка бывае з імі справіцца.
Наступным крокам у рэалізацыі свайго патэнцыялу для маладога чалавека была Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Студэнцкія гады незабыўныя, а ўзровень навучальнай установы быў вельмі высокі.
— А якія прадметы былі для Вас самыя цяжкія? – цікаўлюся.
— У ветэрынарыі няма лёгкіх і цяжкіх прадметаў, — адказвае спецыяліст. – Там усё цяжка, патрабуе старання і ўпартай работы.
Сапраўды, медыцынская і ветэрынарная навукі – гэта цэлы свет. Па словах вядомага вучонага Паўлава, медыцына лечыць чалавека, а ветэрынарыя не толькі жывёлу, але і ўсё чалавецтва. Жывёлагадоўчая прадукцыя не павінна ўяўляць небяспекі для здароўя дарослых і дзяцей. Таму адной з кардынальных задач ветэрынарыі з’яўляецца прафілактыка і недапушчэнне распаўсюджвання небяспечных захворванняў жывёлы.
У Станіслава Мечыслававіча багаты вопыт практычнай работы. Прымяняў свае змястоўныя веды ён 5 гадоў у Дубаўской ветэрынарнай лячэбніцы ў Ваўкавыскім раёне, затым 24 гады адпрацаваў у былым калгасе “Чырвоны кастрычнік”, зараз СВП “АграМір”, на Бераставіччыне.
— А ці даводзілася Вам рабіць аперацыі? – задаю пытанне.
— Для аперацый не было адпаведнай базы. Даводзілася, напрыклад, зашываць раны жывёле або рабіць яшчэ нешта не вельмі складанае.
Пра гаспадарку, якой аддаў спецыяліст нямала гадоў, ён гаворыць, што радасна бачыць змены, якія там адбыліся. Новы малочнатаварны комплекс “Галава” не толькі палепшыў умовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы, даў магчымасць атрымліваць каштоўнае малако гатунку “экстра”, але і людзі задаволены там умовамі працы, што таксама нямала ўплывае на вынікі работы.
Ужо 10 гадоў Станіслаў Сідаровіч працуе ў лабараторыі райветстанцыі, апошні час загадчыкам. Гэта вельмі адказны ўчастак работы. У лабараторыі некалькі аддзелаў. Вірусалагічны, напрыклад, займаецца даследаваннямі на лейкоз буйной рагатай жы­вёлы, а таксама шаленства. Апошні выпадак лейкозу кароў у нашым раёне быў ужо даўно, праблема гэтая ліквідавана. Аднак сітуацыя трымаецца пад строгім кантролем, аналізы крыві жывёлы праводзяцца рэгулярна. Каб вызначыць шаленства, адбіраюцца пробы біяматэрыялаў, робіцца падворны абыход. Дапамагае вырашэнню вострага пытання вакцынацыя. У бактэрыялагічнага аддзела не менш важныя функцыі. Даследуецца стан здаровай жывёлы, бяруцца матэрыялы на наяўнасць узбуджальнікаў захворванняў. У полі зроку таксама санітарны стан малочнага абсталявання на фермах, санітарны стан у вытворчым цэху “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір” і іншае. У сералагічным аддзеле правяраецца кроў на бруцэлёз, лептаспіроз і іншае. Гэта небяспечныя захворванні жывёлы, ранняе іх выяўленне дапамагае кантраляваць сітуацыю. Біяхімічны аддзел займаецца даследаваннямі крыві здаровай жывёлы. Па такіх аналізах можна меркаваць, чаго не хапае ў арганізме, як можна дапамагчы ўмацаванню здароўя жывёлы. А радыёлагічны аддзел лабараторыі займаецца радыёлагічнай харчовай бяспекай і станам кармоў. Дарэчы, павышанага радыяцыйнага фону ў кармах на Бераставіччыне ні разу не было выяўлена.
З удзячнасцю гаворыць загадчык пра свой зладжаны і дружны калектыў. Вірусолаг Ядзвіга Хамяня, біяхімік Наталля Дзешка, серолаг і паразітолаг Ала Гарбуз, радыёлаг Ларыса Кажадуб добра ведаюць свае абавязкі, яны адказныя працаўніцы. Райветстанцыя і лабараторыя працуюць у інтарэсах грамадзян, каб на рынак не трапіла няякасная прадукцыя.
Станіслаў Мечыслававіч за ўсе сорак гадоў сваёй нялёгкай працы ні разу нават не падумаў, каб знайсці іншае, больш спакойнае месца работы. Ён застаецца верным сваёй прафесіі, таму што любіць яе. Радуе яго і сям’я, дзе выраслі дзве дачкі, ёсць ужо і ўнукі. А на падворку каля ўласнага ўтульнага дома ёсць сабака і кот, раней і кароўку трымаў руплівы гаспадар. Любіць ён жывёлу, таму і прафесія ў яго адпаведная – для душы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *