Здароўе цяляці – у руках цялятніцы

Лента новостей

IMG_0033Вытворчы працэс на сучасных малочнатаварных комплексах значна адрозніваецца ад традыцыйнага гаспадарання вяскоўцаў. На падворках сяльчан нованароджанае цяля знаходзіцца каля каровы, і як толькі ўстане на хісткія ножкі, адразу шукае цёплае вымя і атрымлівае малодзіва. Так зрабіла сама прырода, каб даць удалы старт імуннай сістэме маленькай жывой істоты. Малодзіва – каштоўны эліксір, якое ўмацоўвае здароўе цялят. І хаця на вялікіх малочнатаварных комплексах цялятак утрымліваюць асобна ў індывідуальных доміках, без малодзіва яны не застаюцца і тут. У першыя дзве гадзіны пасля нараджэння ім трэба даць першую порцыю каштоўнага эліксіру, а на працягу сутак – прыкладна 10 працэнтаў ад вагі цела. Цялятніцам за гэта ўстаноўлена адпаведная даплата. А праверыць, ці выпойвалася цяляці малодзіва, проста. Пра гэта дакладна раскажа аналіз іх крыві на імунаглабуліны.
У аграфірме “Стары Дворац” на малочнатаварным комплексе зараз 105 цялят прафілакторнага перыяду. Перад запаўненнем кожны індывідуальны домік чыста мыецца спецыяльнай машынай пад ціскам, праводзіцца дэзінфекцыя. Гэта робіцца для прафілактыкі захворванняў. А даглядаюць маленькіх цялятак Людміла Раздзялоўская і Надзея Саўчанка (на здымку). Ёсць і падменная цялятніца Яўгенія Бартош. Пяць дзён цяляты атрымліваюць малодзіва, затым іх пераводзяць на стэрылізаванае малако і адпаведны камбікорм. Малако выпойваецца тры разы, а камбікорм знаходзіцца ў кармушках пастаянна. Так паступова страўнік прывыкае да разнастайнай ежы. Прывагі маладняку сістэматычна кантралююцца, а ў залежнасці ад вынікаў прымяняецца матэрыяльнае стымуляванне працаўніц. Людзі зацікаўлены ў выніках сваёй працы. Пасля таго, як цяляці спаўняецца месяц, сярэднясутачная прывага можа дасягаць 900 грамаў.
Цяляты, як дзеці, могуць нярэдка хварэць. На дапамогу прыходзяць не толькі хімічныя медыцынскія прэпараты, але і натуральныя фітачаі. Адварваюцца лекавыя травы, і цяляты п’юць іх ахвотна. Карацей кажучы, здароўе цяляці – у руках самой цялятніцы
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *