Ці меў стары бераставіцкі касцёл дзве вежы?

Актуально Из истории земли Берестовицкой Культура

24Калі ў сучасных энцыклапедычных даведніках Беларусі і краязнаўчых выданнях адкрыць старонку, звязаную з гісторыяй і архітэктурна-мастацкімі характарыстыкамі бераставіцкага касцёла Візітацыі Панны Марыі, то ў большасці з іх можна прачытаць, што галоўны (заходні) фасад пабудовы — бязвежавы, падзелены пілястрамі на тры часткі і завершаны ступеньчатым атыкам, сярэдняя ўзвышаная частка якога ўвенчана франтонам з авальнай нішай у цэнтры і г. д.

Тэрмін “бязвежавы фасад” у дадзеным выпадку азначае, што старажытны храм, аб якім ідзе размова, быў пабудаваны без дзвюх высокіх бакавых вежаў, якія можна бачыць на фасадах многіх каталіцкіх святыняў. На думку некаторых сучасных даследчыкаў архітэктуры, гэта якраз адрознівае бераставіцкі касцёл ад іншых касцёлаў Беларусі.
Яго мураваны будынак узняўся над мястэчкам бліжэй да сярэдзіны 18 ст., калі ўладальнікамі гэтых земляў былі Мнішкі. Бераставіцкі касцёл пабудаваны ў стылі позняга барока, дзе адначасова прысутнічаюць элементы класіцызму – стылю, больш сціплага і строгага.
Дазволю сабе не пагадзіцца з некаторымі вядомымі беларускімі спецыялістамі ў вобласці архітэктуры ў плане таго, што бераставіцкі касцёл ніколі не меў вежаў. Упэўнены, што дзве сіметрычныя барокавыя вежы ўпрыгожвалі кампазіцыю нашага храма на працягу не менш 100 гадоў. Аб гэтым гаворыць сама структура фасада. У яго верхняй частцы над карнізам размяшчаецца атычная сценка з акном, якая завяршаецца трохвугольным франтонам. Па абодва бакі сценкі вырысоўваюцца дэталі ў выглядзе чацверыковых аб’ёмаў. Менавіта на гэтым месцы некалі ўзвышаліся ўвенчаныя крыжамі вежы. Сёння гэтыя вежы, быццам, “просяцца” на сваё ранейшае месца. Якой яны былі вышыні, колькі мелі ярусаў, высветліць цяпер не так проста. Тым не менш, зыходзячы з канструкцыі будынка, можна дапусціць, што вежы былі васьмібаковымі і вышэйшымі за франтон. Звычайна ў сярэдзіне іх падвешваліся званы, да якіх можна было трапіць, уздымаючыся па вузкай лесвіцы.
Узор для параўнання можна знайсці на прыкладзе некаторых сакральных пабудоў у межах сённяшняй Гарадзеншчыны. Да прыкладу, касцёл Святога Францішка Ксаверыя (фарны) у Гродне, які ўзведзены ў другой палове 17 ст., і некалі з’яўляўся адным з самых велічных храмаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Параўноўваючы гэтыя касцёлы, можна зрабіць выснову, што іх будынкі даволі блізкія па сваёй канструкцыі. Абодва маюць форму выцягнутага лацінскага крыжа, які завяршаецца на ўсходзе паўкруглай апсідай (аб’ёмная самастойная частка хрысціянскага храма ў выглядзе прамавугольнага, паўцыркулярнага ці шматграннага выступа ў сцяне). Асабліва выразна крыжападобная форма бераставіцкага і гарадзенскага касцёлаў вырысоўваецца, калі паглядзець на іх з вышыні птушынага палёту. Акрамя гэтага, ёсць відавочнае падабенства і ў некаторых дэталях фасадаў. У першую чаргу трэба ўзгадаць тую самую 22прамавугольную атычную сценку з трохвугольным франтонам уверсе і, зразумела, дзве бакавыя вежы. І гэта не адзінкавы выпадак. Апрача фарнага касцёла, можна звярнуць увагу на касцёлы Візітацы Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (брыгіцкі), драўляны касцёл Св.Яна Хрысціцеля ў Воўпе, касцёл Св. Ганны ў Варончы (Карэліцкі р-н) і г.д. Кожны з іх мае на фасадзе падобны атык з трохвугольным франтонам з двума вежамі па баках.
У адным з архіваў Вільнюса захоўваецца дакумент, дзе ёсць сціплая ўзгадка аб вежах старога бераставіцкага касцёла. “Kronika Kosciola Parafialnego w miasteczku Wielkiej Brzostowicy” (“Хроніка парафіяльнага Касцёла ў мястэчку Вялікая Бераставіца”) – такую назву носіць гэта пісьмовая крыніца. Склаў дакумент і замацаваў уласным подпісам 19 снежня 1849 года ксёндз Ян Геркулан, адміністратар Вялікай Бераставіцы. У адным з раздзелаў “Хронікі” прыводзіцца кароткае апісанне храма: “ Касцёл знаходзіцца ў цэнтры мястэчка на Рынку. Вымураваны з цэглы ў выглядзе фігуры крыжа, накіраванага на ўсход, з дзвюма капліцамі, дзвюма вежамі і шчытом на фасадзе, на якім жалезны крыж. Пасярэдзіне касцёла купал, выведзены на дах, таксама з жалезным крыжам. Па абодвух баках касцёла – закрысціі” (пераклад з польскай мовы).
У 1865-1867 гг., падчас прыстасавання касцёла пад праваслаўную царкву, будынак пазбавілі некаторых барокавых дэталяў і, у першую чаргу, разабралі дзве вежы-званіцы. Менавіта яны ніяк не ўпісаваліся ў фасад будучай царквы. Яшчэ ў 1865 г. іх намерваліся замяніць праваслаўнымі купаламі, а побач з царквой пабудаваць асобную званіцу. Аб гэтым намеры сведчаць матэрыялы гродзенскіх архіваў. “…Означенный костел может быть легко перестроен в православную церковь и находится алтарем к Востоку. Для большей сея наружной благовидности, свойственной православному храму, необходимо посреди здания устроить купол и два маленькие на фронтоне, и увеличить окна, а гонтовую крышу заменить железною, построить колокольню и сделать соответствующий наружному благолепию храма иконостас”– гаворыцца ў афіцыйнай перапісцы губернскіх чыноўнікаў за 1865 г. У выніку, асобную вежу-званіцу так і не пабудавалі, а званы падвесілі ў сярэдзіне будынка пры вокнах на Рынак.
Вядомы пісьменнік і публіцыст з Варшавы Мельхіёр Ваньковіч пасля сваёй краязнаўчай экспедыцыі ў мястэчка ў 1937 г. адзначаў: “ Калі ў 1866 г. касцёл аддалі пад царкву, зваліўшы вежы, прыляпіўшы да барочнага будынку псеўдавізантыйскія купалочкі, ачысціўшы памяшканне ад усялякіх абразоў, канфесіяналаў, алтароў, надгробкаў, надпісаў, католікі сталі праводзіць набажэнствы ў капліцы на могілках”.
Застаецца заблытанай гісторыя з царкоўнымі купаламі, аб якіх гавораць многія даследчыкі. Да сённяшняга дня невядома, калі яны з’явіліся на будынку былога касцёла, колькі іх было, і ці былі яны там увогуле. На старых здымках, зробленых у канцы 19-пачатку 20 ст. праваслаўным святаром-фатографам Паўлам Валынцэвічам, добра відаць, што ніякіх купалоў на царкве няма.
На заканчэнне хочацца ўзгадаць гісторыю з майстрам, які ў той час спрабаваў перарабіць каталіцкае ўкрыжаванне Хрыста на іншы манер, і якому, у выніку, адбіла ногі ўпаўшая зверху масіўная цагліна. Не выключана, што гэта магло здарыцца пры дэмантажы тых самых касцёльных вежаў, аб якіх ідзе размова вышэй. На жаль, сёння ад велічнага храма засталіся толькі рэшткі ў выглядзе сцен, без вежаў і без даху ўвогуле.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *