Вопытны выкладчык Бераставіцкага ліцэя

Лента новостей

IMG_0010Лагодны і сонечны кастрычнік багаты на святы. На гэтую залатую пару года прыходзіцца Дзень настаўніка, затым на змену прыходзіць Дзень маці. Мы шчыра віншуем прадстаўніц прыгожага полу, якіх шмат сярод выкладчыкаў, ахопліваем вялікай увагай матуль, якім прысвечаны нават не дзень, а цэлы тыдзень. А калі жанчына рэалізавала сябе і ў любімай прафесіі, і ў мацярынстве, ёй варта нізка пакланіцца.
Бывае, ёсць у чалавека захапленне, і ён з радасцю дзеліцца ім з іншымі. Настаўнікам, а менавіта філолагам, у гэтым асабліва пашанцавала. Калі дакладныя прадметы не заўсёды знаходзяць хуткі жывы водгук у сэрцах дзяцей, патрабуюць немалых здольнасцей і своеасаблівай упартасці, дык літаратура – гэта той велічны акіян, які кліча маленькага і дарослага чытача ў дзівоснае падарожжа, адкрывае чароўны свет.
У Бераставіцкі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй прыходзяць учарашнія школьнікі, якія жадаюць атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць, робяць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Многія з іх цікавяцца Інтэрнэтам, гэта сапраўдная інфармацыйная адзнака часу. Але ёсць тут вопытныя выкладчыкі, якія прывучаюць дзяцей цаніць і шанаваць свае карані і спадчыну. Філолаг Галіна Міхайлаўна Акудовіч – менавіта такі чалавек. Яна закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, 15 гадоў адпрацавала настаўніцай і намеснікам дырэктара ў вясковай школе ў Свіслацкім раёне, а зараз ужо нямала гадоў выкладае беларускую і рускую мову і літаратуру ў ліцэі. Праграма тут скарочаная, таму немагчыма прысвяціць цікавым прадметам больш гадзін, чым вызначана. Але па мовах асаблівая ўвага надаецца правапісу і прафесійнай лексіцы, каб будучыя працаўнікі валодалі гэтым, а літаратура для Галіны Міхайлаўны і яе навучэнцаў – сапраўдная справа для душы.
Памятаеце вядомую казку, калі з вуснаў беднай дзяўчынкі, якую неўзлюбіла злая мачыха, раптам сталі замест словаў сыпацца самацветы? Менавіта такая асацыяцыя ў думках узнікла ў мяне, калі я пачула, як прыгожа, яскрава і эмацыянальна гаворыць Галіна Міхайлаўна на нашай роднай матчынай мове, як загараюцца ў яе вочы. На жаль, беларуская мова становіцца ў апошні час прыярытэтам толькі выкладчыкаў або на ёй яшчэ можна пачуць навіны па тэлевізары… Прызнаем, што ў паўсядзённым жыцці на ёй гаворыць мала людзей, асабліва ў гарадах. Пачуеш яе, сакавітую, трапную, якая адразу знаходзіць шлях да сэрца, хіба толькі ў вёсках, ды і ад старэйшага пакалення. Маладыя саромеюцца на ёй гаварыць… Але застацца раўнадушным да роднай мовы і літаратуры немагчыма, асабліва калі настаўніца шчыра любіць яе і ад душы стараецца перадаць гэтае пачуццё юнакам і дзяўчатам.
— Я вельмі люблю Быкава, Шамякіна, – расказвае Галіна Міхайлаўна. – Аповесці Быкава пра вайну – вялікі скарб, каштоўны для будучых пакаленняў менавіта жорсткай, непрыхаванай праўдай пра тыя вогненныя гады. З пазіцыі сённяшняга дня мы ведаем, што немалы шэраг твораў мае і прапагандысцкі характар, дзе часам не відаць перажыванняў простага чалавека. Быкаў, як ніхто іншы, паказаў нам душу салдата на вайне. Калі падлеткі пачынаюць чытаць або слухаць урыўкі з яго твораў, яны суперажываюць. А вось Шамякіна зараз успрымаюць неадназначна. У наш час, калі я была маладая, пачуцці герояў і іх трапяткое каханне кранала сэрца. А сёння заляцанні Пятра Шапятовіча да Сашы ў некаторых вучняў выклікаюць нават смех. Але ўсё роўна яны слухаюць, асэнсоўваюць, нават гультаяватыя вучні, ім таксама цікава.
Вядома, што заці­кавіць дзяцей няпроста, асабліва тых, хто не прывык чытаць, а іх у век Інтэрнэту становіцца ўсё больш. Толькі асоба нераўнадушнага вы­кладчыка і яго прафе­сіяналізм могуць падштурхнуць вучняў не прайсці міма сапраўдных каштоўнасцей, стварыць матывацыю да іх пошуку. Параіць пачытаць добрую кнігу, дапамагчы яе знайсці – такі просты і адначасова эфектыўны метад апрабавала Галіна Міхайлаўна на ўласных дзецях, а іх у яе трое. Калі дачка, напрыклад, чытала Булгакава, у мамы сэрца радавалася. Так радуецца выкладчык, і калі яго навучэнцы робяць часам хаця і невялікія, але поспехі, павышаюць свой узровень. Разам з імі Галіна Міхайлаўна зараз пачынае рыхтаваць цікавае мерапрыемства па творчасці Івана Чыгрынава, а творчасць яго – гэта цэлы свет, дзе можна многаму павучыцца і нават адчуць асалоду даследчыка.
Мне давялося пабачыць, якімі вачамі глядзяць на Галіну Міхайлаўну яе дачка Таццяна, тэхработнік ліцэя, а таксама навучэнцы.
— Любіце беларускую мову? – запыталася я ў навучэнцаў ліцэя, будучых электрагазазваршчыкаў і вадзіцеляў Паўла Эйсманта і Алега Брылевіча.
— Як беларускую мову не любіць, не вучыць? – шчыра адказалі яны мне. І дадалі, што ў ліцэі ім вельмі падабаецца, тут не толькі можна навучыцца добрай прафесіі, але і атрымаць сапраўдны багаж ведаў, было б толькі жаданне.
Галіна Міхайлаўна шчас­лівая ў любімай прафесіі і ў сям’і. Сын і дзве дачкі выраслі ў гэтай жанчыны, радуюць яе ўжо тры ўнукі. Жыццё з пастаянным верным спадарожнікам – кнігай, якая ў любых абставінах для чалавека з’яўляецца магутнай апорай, добры прыклад для іншых. А мацярынства – вялікае шчасце для жанчыны. Багатая тая жанчына, чый род разрастаецца, дае новыя парасткі. Сонечная дзіцячая ўсмешка – каштоўная ўзнагарода для ўсіх нас.
На здымку: Галіна Акудовіч з дачкой Таццянай і навучэнцамі Паўлам Эйсмантам і Алегам Брылевічам.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *