Восеньскі кірмаш у Бераставіцы

Актуально Лента новостей

IMG_0021 2 IMG_0047 1 IMG_0061 1 IMG_0090 1 IMG_0099 1Сапраўдная залатая восень усталявалася ў гэтыя дні ў нашых мясцінах. З яе яркімі фарбамі гарманічна спалучаліся ў мінулую суботу на кірмашовых пляцоўках у Вялікай Бераставіцы рознакаляровыя дары садоў і агародаў.

“Залатая восень” – менавіта такую назву атрымаў традыцыйны восеньскі кірмаш у нашым раённым цэнтры. Людзі запасаліся на зіму морквай, цыбуляй, капустай, яблыкамі. А ў гандлёвай палатцы “Малочнага Міра” нават маліну з уласнага сада СВП “АграМір” можна было купіць. Цэны амаль на ўсе тавары былі ніжэйшыя, чым у магазінах. У прыватнасці, капусту прадавалі ў сярэднім па 2500 рублёў за кілаграм, моркву — па 3500, бульбу — па 2 тысячы. Дарэчы, на бульбу такога попыту, як у мінулыя гады, не назіралася. Ды і прывезлі яе нямала. Толькі з СВК імя Варанецкага цэлы грузавік з бульбай стаяў насупраць “Беларусбанка”.
Для тых жа, хто стаўку робіць на ўласную садавіну, таксама было што выбраць. Шматлікія саджанцы пладовых дрэваў прыцягвалі ўвагу аматараў садаводства. А той, хто трымае хатнюю жывёлу, мог таксама папоўніць неабходны кармавы запас. Некалькі машын з гаспадарак прывезлі на продаж збожжа.
Шырокі асартымент тавараў прадставіў на кірмашы наш філіял аблспажыўтаварыства. Бойка ішоў гандаль прадукцыяй Бераставіцкай птушкафабрыкі. Жадаючыя маглі набыць і некаторыя прамысловыя вырабы мясцовага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Мабыць, найбольш ажыўлена было на вуліцы Леніна каля палатак з мясам. Свініна і ялавічына прадаваліся таксама танней, чым у магазінах — па 45 тысяч рублёў за кілаграм. Побач з мяснымі палаткамі ў двух месцах прадавалі рыбу. І гэты тавар таксама карыстаўся попытам.
А ўзняць кірмашовы настрой пакупнікам імкнуліся зазывалы – самадзейныя артысты з раённага Дома культуры, якія з песнямі і танцамі хадзілі ўздоўж гандлёвых палатак і заклікалі ўсіх актыўней рабіць неабходныя пакупкі. Вельмі даспадобы прыйшлося такое вулічнае шоу артыстаў многім наведвальнікам кірмаша.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *