«Дажынкі» ў Старым Дворцы

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0004 Аграфірма “Стары Дворац” трэцяга кастрычніка сустракала гасцей з усёй рэспублікі. Тут пабывалі намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Леанід Шэнец, генеральны дырэктар Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белэнерга” Яўген Воранаў, генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднаэнерга” Уладзімір Шатэрнік, прадстаўнікі сельскагаспадарчых філіялаў гэтай галіны краіны. Мэтай такога мерапрыемства было не толькі традыцыйнае і сапраўды народнае ўшанаванне людзей, чые рукі пахнуць хлебам, але і папулярызацыя перадавога вопыту ў аграрнай вытворчасці.
Надвор’е спрыяла святу. Панавала сапраўднае “бабіна лета”, восеньскі дзень выдаўся сонечны і цёплы. Аграгарадок Стары Дворац сустрэў шаноўных гасцей песнямі на беларускай, рускай і польскай мовах, што ўдала сімвалізавала еднасць розных нацыянальнасцей на нашай зямлі ў мірнай стваральнай працы, а таксама духмянымі смачнымі караваямі з мукі новага ўраджаю.
Удзельнікам рэспубліканскага мерапрыемства прадставілі цікавую змястоўную інфармацыю аб гісторыі і станаўленні аграфірмы “Стары Дворац”, а таксама аб яе эканамічным развіцці.
IMG_0018 IMG_0013 IMG_0005Агульная зямельная плошча гаспадаркі складае 3200 гектараў. Спецыялізуецца аграфірма на малочна – мясной жывёлагадоўлі з развітым збожжавым кірункам і вырошчваннем цукровых буракоў. Тут дастаткова тэхнікі – 8 зернеўборачных камбайнаў, 31 трактар, 14 грузавых машын. Валавы збор збожжа ў гэтым годзе дасягнуў 7595 тон, што на 2180 тон больш мінулагодняга. Ураджайнасць збожжавых у аграфірме – 66,7 цэнтнера з гектара, азімага рапсу – 31,8. Яго сабралі на 257 тон больш, чым летась. План вытворчасці гэтых культур перавыкананы на 23,8 і 13 працэнтаў адпаведна. Выкананы дзяржзаказ па продажы збожжа. Зараз заканчваецца нарыхтоўка сіласу, убіраюцца цукровыя буракі.
У жывёлагадоўлі ўсяго налічваецца 2218 галоў, з якіх 745 дойных кароў. На адну ўмоўную галаву жывёлы ў гэтым годзе на 1 верасня нарыхтавалі 36,2 цэнтнера кармавых адзінак, у тым ліку травяных кармоў – 11,9 цэнтнера кармавых адзінак. Зараз сярэднясутачны надой на карову на 1,2 кілаграма большы, чым на такі ж час мінулага года. На 100 гектараў сельгасугоддзяў выраблена 1268 цэнтнераў малака і 101 цэнтнер мяса.
За 8 месяцаў гэтага года выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, работ і паслуг склала 28,4 мільярда рублёў, з іх 19,4 мільярда рублёў атрымалі ад жывёлагадоўлі. Ад рэалізацыі малака атрымана палова ўсёй выручкі. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі дасягнуў аднаго мільярда 140 мільёнаў рублёў, у тым ліку ад продажу малака – 2,6 мільярда рублёў.
Вядома, такія значныя поспехі ў аграфірме сталі магчымымі не толькі дзякуючы выдатнаму “чалавечаму фактару”, але і важкім фінансавым укладанням. З 2005 года ў эканоміку аграфірмы паступіла 77,7 мільярда рублёў. Гэта дало магчымасць мадэрнізаваць вытворчасць. Напрыклад, поўнасцю абноўлены машынна – трактарны парк. Набываліся зернеўборачныя і кормаўборачныя камбайны, трактары, аўтамабілі, пагрузчыкі і іншая тэхніка. Добраўпарадкавана тэрыторыя мехдвара, праведзена рэканструкцыя майстэрні. Уведзены ў эксплуатацыю новы сучасны зернеачышчальна — сушыльны комплекс “Петкус”, малочнатаварны комплекс. Зроблена рэканструкцыя фермы буйной рагатай жывёлы для адкорму бычкоў.
Не сакрэт, што ў краіне нямала стратных, нерэнтабельных гаспадарак. У аграфірме эфектыўныя ўкладанні дазволілі гаспадарыць так, каб была добрая аддача. Тут удалося павялічыць рэнтабельнасць вытворчасці па чыстым прыбытку ў два разы ў параўнанні з мінулагодняй. Яна дасягнула 7,6 працэнта.
У аграфірме не спыняюцца на дасягнутым. Тут павышаюць прадуктыўнасць жывёлы, год ад года паляпшаюць селекцыйную работу, збіраюцца набыць яшчэ адзін камбайн.
Клопат аб людзях – галоўны прыярытэт. Добрае жыллё ўмацоўвае сем’і, стварае працаўнікам ба-дзёры настрой. Зараз на балансе аграфірмы 30 жылых дамоў.
Для ўдзельнікаў рэспубліканскага мерапрыемства правялі цікавую экскурсію па вытворчых аб’ектах гаспадаркі. Госці “Дажынак” пабывалі ў мехмайстэрні, на малочнатаварным комплексе, паглядзелі КЗС “Петкус”. Людзі былі ўражаны. Мне давялося пагутарыць з дырэктарам адной з аграфірм з Гомельскай вобласці. Ён быў у захапленні ад такога выдатнага аднаўлення. Асабліва ўразіла яго майстэрня, у яе сапраўды еўрапейскі выгляд, спрыяльныя камфортныя ўмовы працы. Ён адзначыў, што і менталітэт у нас некалькі іншы, людзі тут больш “выкладваюцца”, каб у дружнай каман-дзе хутчэй дасягаць пастаўленай мэты, што з кожным годам павышае агульны дабрабыт працаўнікоў.
Уклад аграфірмы “Стары Дворац” у народную гаспадарку рэспублікі быў адзначаны Ганаровай граматай “Белэнерга”, а дырэктара Віктара Байрака – Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Галоўны аграном Дзмітрый Захарчук, вадзіцель Віталь Маслоўскі, аператары КЗС Павел Мазан і Сяргей Ліштван, а таксама камбайнеры Дзяніс Саўчанка, Аляксандр Кунец і Дзмітрый Кавальчук былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі “Белэнерга”.
Рэспубліканскае мерапрыемства “Дажынкі – 2014” у аграфірме “Стары Дворац” пакіне ў аграрыяў самыя лепшыя ўспаміны, стане стымулам для далейшых здабыткаў. Няхай спадарожнічаюць нашым землякам новыя поспехі!
На здымках: у час “Дажынак – 2014” у аграфірме “Стары Дворац”.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *