Маладым спецыялістам у СВК імя Варанецкага падабаецца

Лента новостей

IMG_0017Пра маладога спецыяліста, ветэрынара і проста прыгожую дзяўчыну мне парэкамендаваў напісаць галоўны заатэхнік СВК імя Варанецкага Вікенцій Адамчук. А такі вопытны і заслужаны прафесіянал абы каго не пахваліць. Жывёлагадоўля ў гаспадарцы на высокім узроўні, тут неаднаразова праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары, прыязджалі калегі з іншых месцаў па перадавы вопыт. І кожны раз дзівіліся, маўляў, нічога асаблівага тут няма, такія ж будынкі комплексаў, як зараз і ў многіх сельгаскааператывах, без вельмі дарагіх “робатаў” па апошнім слове тэхнікі ў даільных залах, а надоі высокія. Вядома, сучасныя тэхналогіі і моцная кармавая база гэтаму добра спрыяюць, але ўсё ж “чалавечы фактар” нічым не заменіш. Ніякая самая лепшая тэхніка не будзе доўга і надзейна працаваць без пільнага чалавечага вока і клапатлівых рук. Таму ўжо трапіць у такую моцную гаспадарку для маладога спецыяліста сапраўдная ўдача, а папрацаваўшы з такімі старэйшымі калегамі, наўрад ці захоча ён потым шукаць іншае месца.
Менавіта такое меркаванне мне і давялося пачуць ад Ганны Навумовіч (на здымку). Два разы на практыцы яна пабывала ў СВК імя Варанецкага ў час вучобы ў Гродзенскім аграрным універсітэце, прыехала сюды па размеркаванні і літаральна не хавае сваіх захаплення і энтузіязму:
— Я працую ветурачом на малочнатаварным комплексе “Рымуцеўцы”. У гаспадарцы і на аб’екце мяне сустрэлі вельмі добразычліва, людзі тут прыязныя. Калектыў мне спадабаўся. Ды і на ферме чысціня і парадак. Не сакрэт, што ў іншых месцах ветурачам часта прыходзіцца хадзіць у ботах, таму што інакш і не пройдзеш, а тут строга сочаць за санітарыяй, а гэта яшчэ і добрая прафілактыка розных захворванняў, асабліва ў цялят.
— А чым запомніўся Вам першы працоўны дзень у гаспадарцы, Ганна?
— Гэта быў сапраўды радасны дзень. Я сустрэлася і пазнаёмілася з многімі людзьмі, мне ўсе былі вельмі рады. Азнаёмілася дэталёва са сваімі працоўнымі абавязкамі, занялася планаваннем работы.
— У першы дзень жывёлу не лячылі? – цікаўлюся.
— Не, у першы дзень не лячыла.
— А чаму надаецца асаблівая ўвага ў ветэрынарыі?
— Прафілактыцы, бо лепш папярэдзіць захворванне, чым лячыць. Напрыклад, своечасовая выпайка малодзіва цялятам умацоўвае іх імунную сістэму, затым жывёле праводзяцца прышчэпкі. Добры догляд і кармленне ўмацоўваюць здароўе. Ранняе выяўленне мастытаў у кароў дапамагае паспяховаму лячэнню. Тут дастаткова добрых прэпаратаў, ёсць чым лячыць, калі ў гэтым здараецца патрэба.
— Ці застанецеся ў нас пасля адпрацоўкі?
— Я тут застануся. Мне ў СВК імя Варанецкага вельмі падабаецца. Нават сваіх калег, з якімі я разам вучылася, хачу сюды “перацягнуць” з іншых месцаў.
Прыемна чуць такія словы. Калі маладыя жадаюць заставацца ў вёсцы, звязаць з гаспадаркай свой лёс, гэта найлепшая для яе адзнака.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *