У беражлівых руках і тэхніка добра служыць

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_0021Прызванне – неад’емная і важная складаючая далейшай паспяховай рэалізацыі чалавека ў любімай прафесіі. Гэта той “вечны рухавік”, які прымушае людзей выбіраць справу па душы, каб яна прыносіла маральнае задавальненне.
Загадчык майстэрні РУСП “Масаляны” Генадзь Гарбачык (на здымку) пачынаў механізатарам, затым закончыў Жыровіцкі сельгастэхнікум. Дапытліваму юнаку ўсё было цікава — прафесійную падрыхтоўку там давалі добрую, было б толькі жаданне вучыцца. А Генадзь ужо быў не навічок, ён быў больш умелы і самастойны, чым тыя, хто прыйшоў у навучальную ўстанову прама са школьнай парты. Калі атрымаў дыплом, прыехаў працаваць у родны тагачасны саўгас “Бераставіцкі” і з той пары іншага месца для сябе не шукаў.
– На тыя гады, пры Савецкім Саюзе, матэрыяльная база гаспадаркі не сказаць што была слабая, – успамінае спецыяліст. – Але імпартнай тэхнікі тады, вядома, не было.
– А калі яна ўпершыню ў вас з’явілася? – цікаўлюся.
– Першы імпартны камбайн “Лексіён – 580” паспяхова адпрацаваў у нас ужо свой восьмы сезон, зараз ён разам з іншымі камбайнамі, акрамя буракаўборачнага, пастаўлены на захаванне.
– І якое было ўражанне тады ад такой тэхнікі? Не праехалі на ім?
– Не, сам не праехаў, але добра памятаю, як радаваўся камбайнер. Вельмі камфортная тэхніка і эфектыўная.
Мне давялося пабачыць, як пастаўлены на захаванне камбайны ў спецыяльных боксах. Яны маюць сапраўды дагледжаны выгляд, як і трэба ў руплівых гаспадароў. Не трапіць у закрытае памяшканне ні дождж, ні снег.
– А растлумачце, калі ласка, як спецыяліст з інжынернай адукацыяй, чаму камбайны ўсё ж часта ламаюцца, яны ж працуюць у год два тыдні на жніве, а астатні час “адпачываюць”. Іншая тэхніка ж, напрыклад, круглы год эксплуатуецца, і ў спёку, і ў мароз, – працягваю гутарку.
Мой субяседнік усміхаецца:
– Можна і з такога боку пагля­дзець. Я лічу, што галоўнае пры эксплуатацыі тэхнікі, асабліва такой вытворчай і дарагой – гэта “чалавечы фактар”. Колькі раз мне даводзілася ўпэўнівацца, што ў беражлівага чалавека, у клапатлівых руках яна добра і даўжэй служыць.
Ці шмат такіх адказных людзей у гэтай гаспадарцы? Не сумнявалася, што адказ загадчыка майстэрні будзе станоўчым. Генадзь Васільевіч адзначае за старанне, адказнасць і добрасумленнасць механізатараў Аляксандра Іваноўскага, Віктара Карпука і іншых, а таксама электрагазазваршчыка Іосіфа Чайкоўскага, без майстэрства якога не было б якаснага рамонту тэхнікі і абсталявання. Людзі ў РУСП “Масаляны” стараюцца, таму ўсе сельскагаспадарчыя работы тут выконваюцца ў аптымальныя тэрміны, без раскачкі.
Тэхнічнае забеспячэнне вытворчага працэсу ў гэтай гаспадарцы дастойнае. А сапраўдным гонарам тут з’яўляецца буракаўборачны нямецкі пагрузчык “міні – маус”, які будзе працаваць другі сезон. Гарантыйнае абслугоўванне прыязджаў нядаўна рабіць яго вынаходнік і вытворца – інжынер з Германіі Брэтмайстар. Маленькі ўвішны пагрузчык ужо гатовы выйсці на бураковае поле.
Сын Генадзя Васільевіча таксама цікавіцца тэхнікай, але іншага профілю, яго спецыяльнасць — радыёэлектроніка, і працуе ён у фірме ў Мінску. А дачка, наадварот, гуманітарый – вучыцца ў лінгвістычным універсітэце ў Мінску.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *