На Бераставіччыне ідзе нарыхтоўка кармоў

Сельское хозяйство

IMG_0001Ад таго, як пройдуць укосы траў летам, залежыць, ці добра будзе накормлена жывёла зімой. Надвор’е ў гэтым годзе не вельмі спрыяла нарыхтоўцы кармоў, часта неба хмурылася, і зялёнаму канвееру перашкаджалі праліўныя дажджы. Але ў гаспадарках Бераставіччыны стараліся выкарыстоўваць прыдатныя дзянькі і гадзіны, таму работы вяліся без раскачкі, інтэнсіўна. Нельга было дапускаць, каб травы перастойвалі, а значыць, страчвалі сваю карысць.
Кожны год у раёне вядзецца кантроль якасці ў час нарыхтоўкі кармоў. Гэта вельмі важна, таму што наша харчаванне – дарослых і дзяцей, з’яўляецца своеасаблівым працягам таго, чым кормяць жывёлу. Жывёлагадоўчая прадукцыя павінна быць бяспечнай для здароўя людзей. Напрыклад, калі карова атрымлівае кармы з павышаным утрыманнем нітратаў, яны адпаведна будуць утрымлівацца і ў малацэ. У арганізме чалавека яны ператвараюцца ў яшчэ больш шкодныя рэчывы – нітрыты і атручваюць яго. Таму спецыялісты Бераставіцкай райветстанцыі трымаюць праблему ў полі зроку, правозяць лабараторныя даследаванні. Перавышэння дапушчальнай нормы ўтрымання нітратаў у кармах ні ў адной гаспадарцы не выяўлена. Па словах ветурача-таксіколага Наталлі Дзешка, за ўсе гады яе работы, а стаж гэтага спецыяліста наблізіўся ўжо да 10 гадоў, ні аднаго перавышэння не было.
Сянаж і сена павінны быць паўнацэннымі, даваць энергію жывёле, спрыяць павышэнню прадуктыўнасці. Асноўным паказчыкам, які характарызуе вартасць корму, з’яўляецца ўтрыманне ў ім сухога рэчыва. Пратэін, вугляводы, вітаміны, мінералы ўтвараюць той падмурак, які падтрымлівае жыццядзейнасць. Па ўтрыманні сухога рэчыва сянаж з двух укосаў першым – трэцім класам у гаспадарках Бераставіччыны складае 100 працэнтаў.
А па ўтрыманні каратыну ў сенажы першым класам нарыхтавана ў раёне 66 працэнтаў, другім – 28 працэнтаў, трэцім – 6. Без трэцяга класа, а значыць, яшчэ лепшай якасці, поўнасцю нарыхтавалі сянаж у СВК імя Варанецкага і РУСП “Масаляны”.
Сена – традыцыйны корм для буйной рагатай жывёлы. Па ўтрыманні сухога рэчыва першым класам у сельгаскааператывах яго маюць 94 працэнты, другім – 6.
Каб тэхналогіі пры нарыхтоўцы кармоў строга захоўваліся, сітуацыю трымаюць пад кантролем спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама і райветстанцыі. Трамбоўку пры закладцы сенажу правяраюць нават ноччу. Кожны дзень там вымяраецца тэмпература і вільготнасць. Тэмпература не павінна перавышаць 38 градусаў па Цэльсію, а вільготнасць – 57 – 59 працэнтаў.
Сянажныя траншэі ў дождж накрываюцца плёнкай. І днём, і ноччу за гэтым сочаць адказныя прызначаныя працаўнікі сельгаскааператываў.
Нялёгка прыходзіцца і меха­нізатарам на трамбоўцы. Тут трэба мець асаблівае майстэрства.
У СВК “Цецяроўка” добра папрацаваў на трамбоўцы зернесенажу механізатар Віктар Трахімік (на здымку). У яго вялікі вопыт работы, а трамбаваў будучы корм для жывёлы ён на новым “Амкадоры”. Зараз чалавек выконвае іншыя віды работ.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *