Удзячнасць за вызваленне Бераставіччыны

Без рубрики

22Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адыходзяць ад нас усё далей, але яны ніколі не згаснуць у памяці народа. І яскравы доказ гэтаму – тое, што той трагічны і гераічны час цікавіць не толькі дзяцей і ўнукаў ветэранаў, але і іх праўнукаў. Нядаўна мы друкавалі ўрыўкі з даследчай работы членаў вучнёўскага навуковага таварыства Пагранічнай гімназіі пра падзеі 23 чэрвеня 1941 года на чыгуначнай станцыі Бераставіца, дзе фашысты разбамбілі цягнік з сем’ямі ваеннаслужачых. Вялікую даследчую работу праводзяць і школьнікі Малабераставіцкай СШ. “Мой прадзед І.Д.Макулік мужна змагаўся на фронце, быў узнагароджаны, і я ганаруся ім!” – кажа адна з вучаніц, Ілона Макулік. Дзяўчынка імкнецца як мага больш даведацца пра падзеі ваеннага часу на роднай малабераставіцкай зямлі, а галоўнае – пра вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе цікавяць не толькі матэрыялы школьнага музея “Вытокі”, артыкулы з раённай кнігі “Памяць” і іншай літаратуры, але пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Т.І.Эйсмант школьніца знаёміцца з архіўнымі дакументамі, з ахвотай удзельнічае ў краязнаўчых экспедыцыях, запісвае ўспаміны старажылаў аграгарадка і навакольных вёсак. У ліку іншых лепшых даследчых работ вучняў раёна, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, работа Ілоны таксама была адабрана для ўдзелу ў абласной Вахце памяці.

– Нашу Малую Бераставіцу часта называюць беларускай Швейцарыяй, бо аграгарадок размясціўся ўздоўж лесу, – піша дзяўчынка. – Лес вельмі прыгожы, але ў час адной з нашых краязнаўчых экспедыцый мы знайшлі ў ім акопы, ірвы, рэшткі зямлянкі. Гэта маўклівыя сведкі баёў, што вяліся тут у сярэдзіне ліпеня 44-га года. Менавіта наш малабераставіцкі лес быў месцам, дзе канцэнтравалася значная частка савецкіх войск. Ён даволі вялікі па памерах – займае 88 гектараў і, узвышаючыся над нашай вёскай, размясціўся на некалькіх вялікіх узгорках уздоўж дарогі на Гродна. Шэсць акопаў у лесе, мяркуючы па іх канфігурацыі і памерах, былі прызначаны для артылерыйскіх гармат. Акопы размяшчаюцца ў ніжняй частцы ўзгорка, памер іх 4 на 3 метры. Усе яны накіраваны на паўночны захад у напрамку да ракі Свіслач. З архіўных дакументаў вядома, што фашысты, адступаючы, пераўтварылі яе бераг ва ўмацаваны рубеж, за якім знаходзіліся Магілянскія вышыні. У зоне гэтых вышынь вораг стварыў умацаваны плацдарм. Такім чынам, наш лес быў месцам, дзе канцэнтравалася вялікая колькасць войскаў. Тут размяшчаўся і камандны пункт 250-ай Бабруйскай Чырвона­сцяжнай стралковай дывізіі пад камандаваннем Г.Н.Цітаішвілі. Ад яго ў напрамку вёсак Калеснікі – Яліна – Малыя Эйсманты і цяпер ёсць адна шырокая дарога, якая пачынаецца ад круглай пляцоўкі ў цэнтры лесу. Далей, уздоўж правага боку дарогі, размяшчаюцца каталіцкія могілкі, а заканчваецца яна на ўскрайку лесу, непадалёку ад касцёла і царквы. Дарога на Гродна ішла тады каля царквы, і толькі ў 1970-я гады быў зроблены вялікі насып і з’явілася шаша, па якой ездзім цяпер.
Падчас даследавання жыцця і баявога шляху Г.Н.Цітаішвілі вучаніца карысталася і Інтэрнет-рэсурсамі. У прыватнасці, знайшла матэрыялы пра 22-гі механізаваны корпус 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту, у якім пачынаў ваяваць Г.Н.Цітаішвілі. Дзякуючы зноў жа архіўным матэрыялам даведалася, што непасрэдна на Бераставіччыне баявы шлях 250-й дывізіі пралягаў праз вёскі Данілкі, Даўбянкі, Карпаўцы, Малая Бераставіца, Калеснікі, Малыя Эйсманты, Яліна, Спудзвілы, Дзіневічы.
– Баі ішлі цяжкія, савецкія воіны мужна змагаліся з ворагам, – піша ў сваёй рабоце юная даследчыца. – І доказам гэтага з’яўляюцца запісы ў дакументах, копіі якіх знаходзяцца ў нашым музеі. Асабліва вызначылася ў гэтых баях рота, якою камандаваў Заўялаў: “Рота внезапно форсировала р.Свислочь, захватив плацдарм. Первыми форсировали: Баграневых, Молодцев, Лебедев. Командованием они представлены к правительственной награде – орденом Красного Знамени». Цяжка паранены быў падпалкоўнік Уладзімір Васільевіч Саколін, пазней ён памёр. Факты біяграфіі храбрага сына грузінскага народа Геронція Несцеравіча Цітаішвіл, сведчаць пра тое, што ён быў выдатным чалавекам і камандзірам. Да прыкладу, у біяграфічнай даведцы ёсць такія радкі: ”Награждён орденами: Ленина, Боевого Красного Знамени, Отечественной войны I-й степени, Красной звезды и многими медалями”. Геронцій Несцеравіч прайшоў цяжкімі дарогамі вайны ад самага яе пачатку да 14 ліпеня 1944 года.
23Вось што запісана на лісце 206 у журнале баявых дзеянняў дывыізіі: «Боевое донесение от 19.07.44г. 250 СД – прочно обороняя плацдарм на зап. берегу р. Свислочь 1,5 км восточнее Игнатовичей основными силами обороняет рубеж по восточному берегу. Правый фланг – Олекшицы, левый фланг – Непорожневцы.
При выполнении боевой задачи смертью храбрых погиб ком. див. 250 СД п-к Цитаишвили».
Геронцій Несцеравіч Цітаішвілі быў пахаваны ў Данілках, а потым яго астанкі, а таксама астанкіі яго загінуўшых аднапалчан былі перапахаваны ў брацкую магілу ў В.Бераставіцы. Увогуле, у ліпені 1944 г. па тэрыторыі нашага раёна з баямі праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях дзесяці стралковых дывізій. За ліпень толькі ў 250-й дывізіі страты асабовага саставу склалі: афіцэраў – 122, сяржантаў – 291, радавых чырвонаармейцаў – 780 чалавек. На жаль, імёны большасці з іх да гэтага часу застаюцца для нас невядомымі. 8 мая 1982 года адбылася ўрачыстая падзея – адкрыццё мемарыяльнай дошкі ля сасны на ўскрайку Малабераставіцкага лесу. Той самай сасны, ля якой 14 ліпеня 1944 года быў смяротна паранены палкоўнік Г.Н.Цітаішвілі. Цяпер тут устаноўлены мемарыяльны знак.
Дзяўчынка прызнаецца, што заўсёды з заміраннем сэрца слухае і запісвае ўспаміны мясцовых жыхароў – сведкаў падзей вызвалення Малой Бераставіцы і навакольных вёсак. Вось што яна пачула ад жыхара в. Петраўцы Уладзіміра Аляксеевіча Руселіка: ”У 1944 годзе мне споўнілася 14 год, і я добра запомніў тыя дні. Немцы адступалі з баямі, забралі ў вёсцы ўсіх кароў і пагналі іх на Айцова. Вечарам мы схаваліся спачатку ў свіран, а потым бацька загадаў перабрацца ў глыбокую яму, якая была выкапана ў нашым садзе. Усю ноч чулі стрэлы, а потым загула зямля – гэта пайшлі нямецкія танкі. Было вельмі страшна, мама нас супакойвала, але сама ледзь стрымлівала слёзы. Наступіў ранак, з усіх бакоў чуўся гул ваеннай тэхнікі і стрэлы, але стралялі ўжо далей ад нашай вёскі. Пасля абеду я з некалькімі хлопцамі накіраваўся ў бок Світкова ў пошуках адабраных немцамі кароў. І вось на дарозе мы ўбачылі групу фашыстаў, якія гналі перад сабой дзеда Аляксандра Акулевіча з нашай вёскі. Мы схаваліся ў жыце. Калі вярнуліся ў вёску, каля хаты Акулевіча ўбачылі ўзрушаных вяскоўцаў. На ганку сядзеў абяссілены дзед Аляксандр і паціхеньку расказваў пра тое, што група адстаўшых немцаў загадала весці іх да сваіх. Гітлераўцам трэба было трапіць у Айцова, каб потым выйсці да ракі Свіслач. Рызыкуючы жыццём, дзед павёў іх не да ракі, а ў іншы бок – у кірунку наступаючай 250-й стралковай дывізіі. Немцы пачалі непакоіцца і пагражаць зброяй, але ў апошні момант з-за хмызняка раздаліся стрэлы і савецкія аўтаматчыкі акружылі фашыстаў. Гітлераўцы ад нечаканасці не паспелі аказаць супраціўленне.
У канцы лета на фронт пайшоў мой бацька, ён загінуў недзе пад Гданьскам”.
З успамінаў Леаніда Лук’янавіча Алізаровіча, жыхара в. Малая Бераставіца: “Прыйшло лета 1944 года, усе мы спадзяваліся на хуткае вызваленне. Немцы адыходзілі да ракі Свіслач і ў бок Дзіневічаў. Людзі хаваліся ад ворагаў, і наша сям’я таксама. Аднойчы прыбег сусед і сказаў, што ў вёсцы ўжо чырвонаармейцы. Нашы людзі дапамагалі вызваліцелям усім, чым маглі. А камандаванне ў сваю чаргу папярэджвала жыхароў аб тым, што ідзе падрыхтоўка да значнага бою і нават прапаноўвала перабрацца, па магчымасці, у вёскі, якія ўжо вызвалены. Некаторыя так і зрабілі. Напрыклад, суседзі выехалі ў вёску Леснявічы. Набліжаўся бой. Камандзір дывізіі, як потым стала вядома, гэта палкоўнік Цітаішвілі, выехаў на сваёй машыне на ўзлесак у напрамку да варожых умацаванняў і стаў разглядваць у бінокль мясцовасць. Але фашысты, якія пакінулі на звонніцы нашай царквы карэкціроўшчыка, адкрылі прыцэльны агонь з гармат. Адзін са снарадаў разарваўся каля ног камандзіра і смяротна параніў яго. Цітаішвілі спачатку пахавалі ў Данілках, а затым перапахавалі ў Вялікай Бераставіцы. Так мне расказваў мой бацька.”
Вось што сведчыў жыхар вёскі Малыя Эйсманты Мар’ян Юзэфавіч Эйсмант: “Калі пачалася вайна, мне было 15 год. Я назаўсёды запомніў гэтыя дні. Гэта было прыкладна 16 ліпеня. Непадалёк ад нашай хаты ў каменным склепе размясціўся савецкі штаб. І вось мы ўбачылі, як шасцёра салдат накіраваліся да ракі Свіслач. Спачатку яны перабягалі, а потым папаўзлі па балоце і амаль дапаўзлі ўжо да броду праз раку, але ў гэты момант немцы пачалі страляць з боку Магілянскіх гор. Усе гэтыя маладыя хлопцы загінулі. Хутчэй за ўсё яны былі разведчыкамі”.
Успаміны сведкаў маюць вялікую каштоўнасць, адзначае юная даследчыца, бо яны ўтрымліваюць канкрэтныя факты пра зпізоды баявых дзеянняў падчас вызвалення нашага рэгіёна.
Марыя Драпеза
На здымках: камандзір дывізіі, гвардыі палкоўнік Г.Н.Цітаішвілі; малабераставіцкія школьнікі каля мемарыльнага знака, уста­­ноўленага на месцы гібелі Г.Н.Цітаішвілі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *