“Эйсмантаўскі фэст”: дотык да польскай культуры

Лента новостей

46 1 2 3 4 5 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45У нядзелю, 29 чэрвеня, аграгарадок Вялікія Эйсманты ўжо з раніцы напоўніўся музыкай, гоманам, прыўзнятым святочным настроем. Мясцовыя жыхары і шматлікія госці сабраліся ў цэнтры мястэчка, каб прыняць удзел у ІІІ фестывалі польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”. Невялічкі дожджык, які марасіў з раніцы, не перашкодзіў гэтай адметнай для рэгіёна падзеі. І дарослыя, і дзеці – усе з нецярпеннем чакалі свята і магчымасці зноў дакрануцца да самабытнага свету польскіх нацыянальных традыцый і культуры.
У касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе па традыцыі праходзіла служба пад сімвалічнай назвай “За яднанне народаў”, нават не хапіла месца ўсім, хто хацеў прыняць удзел у набажэнстве і паслухаць пропаведзь айца Мікалая. Да таго ж, у гэты дзень адзначалася ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла – адных з найбольш шанаваных каталікамі святых.
Горад майстроў, які раскінуўся перад Эйсмантаўскім цэнтральным Домам культуры, уражваў разнастайнасцю і багаццем вырабаў рамеснікаў з розных куточкаў шматнацыянальнай Гродзеншчыны – з абласнога цэнтра, Зэльвы, Мастоў, Ваўкавыска, Свіслачы. Чаго тут толькі не было! Цудоўныя вязаныя, саламяныя, гліняныя, скураныя і драўляныя вырабы, ювелірныя ўпрыгожванні з самацветаў, самаробныя лялькі-абярэгі, сплеценыя з лазы прадметы, карціны – усяго і не пералічыць. Можна было нават сесці за сапраўдны ганчарны круг і паспрабаваць з дапамогай майстра самому зрабіць невялічкі гліняны збанок ці які-небудзь іншы нескладаны выраб.
Як і заўсёды, попытам у мясцовых жыхароў карысталіся саламяныя і гліняныя вырабы Бераставіцкага Дома рамёстваў, а дакладней, майстроў Тамары Касьян і Наталлі Галавач. Многім хацелася сыграць у наладжаную імі латарэю. Людзі з ахвотай раскуплялі сувенірныя паштоўкі з сімволікай фэсту, выкананыя настаўнікам Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, мастаком, мясцовым краязнаўцам, аўтарам эмблемы свята Андрэем Втарушыным.
Традыцыйна ўсіх гасцей вітаў “Заможны фальварак” – падворак СВК імя Варанецкага, дзе кожны мог пачаставацца польскай нацыянальнай стравай – бігасам. А ў фае Дома культуры размясцілася персанальная выстава карцін бераставіцкай мастачкі Валянціны Шышпаронак пад назвай «Свет захапленняў». Дваццаць дзевяць прыгожых пейзажаў, адлюстроўваючых куточкі роднай прыроды ў розныя поры года, безумоўна, зацікавілі мясцовых жыхароў і гасцей свята. Сярод іх, напэўна, з’явілася нямала прыхільнікаў пазітыўнай і зразумелай кожнаму творчасці Валянціны Канстанцінаўны.
Тут жа, у фае, размясціліся і работы вучняў мастацкага аддзялення Эйсмантаўскага філіяла Бераставіцкай школы мастацтваў у рамках конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак пад назвай “Запрашаем у Эйсманты”. А супрацоўнікі Бераставіцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага падрыхтавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу аб мінулым і сучасным мястэчка.
“Нас яднае фестываль!” – пад такой назвай распачаўся святочны канцэрт з удзелам калектываў і асобных выканаўцаў, у рэпертуары якіх гучалі песні на польскай мове ці польскіх аўтараў. Але спачатку адбылося ўрачыстае адкрыццё “Эйсмантаўскага фэсту-2014”. З прывітальнымі словамі да гасцей і ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён адзначыў, што правядзенне фэсту ў жамчужыне Бераставіцкага раёна – аграгарадку Вялікя Эйсманты – стала ўжо добрай традыцыяй. Антон Станіслававіч выказаў таксама ўдзячнасць спонсару мерапрыемства – СВК імя Варанецкага і яго страшыні Іосіфу Коласу.
Ганаровы госць свята, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Лысы ў сваім выступленні пад­крэсліў важнасць правядзення “Эйсмантаўскага фэсту” ў справе захавання польскіх традыцый і культуры нароўні з падобнымі імпрэзамі ў Астраўцы, Нясвіжы, Слоніме, Навагрудку і ў іншых памежных раёнах Гродзеншчыны. Разам са старшынёй Гродзенскага гарадскога аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Казімірам Знайдзінскім Мечыслаў Часлававіч уручыў старшыні Эйсмантаўскага сельскага аддзела Уладзіміру Янкойцю сцяг аб’яднання.
Падчас ўрачыстасці ўшанавалі землякоў, якія нарадзіліся на эйсмантаўскай зямлі і якія дасягнулі кожны ў сваёй справе пэўных поспехаў. На сцэну былі запрошаны былы старшыня Гродзенскага гарвыканкама і гарадскога савета народных дэпутатаў Станіслаў Андрэеўскі, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама Віктар Цыдзік, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кансультант планава-хірургічнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, вядучы хірург і дзіцячы ўролаг Казімір Іядкоўскі і заслужаны работнік СВК імя Варанецкага, Ганаровы грамадзянін Береставіцкага раёна Міхаіл Стралкоўскі. Ім уручылі памятныя падарункі і папрасілі расказаць пра сябе.
У канцэртнай праграме прынялі ўдзел юныя наведвальнікі гурткоў польскай мовы агульнаадукацыйнай школы і дзіцячага садка, ансамбль песні “Верацейцы” Старадварэцкага СДКіНТ і ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага ДНК, а таксама Андрэй Аруткін, Юрый Заяц, Алёна Варонік, Антон Бажко, Міраслава Маціеўская, Віялета Шуміла, Агата Каўшук, Ганна Кулікоўская, Анастасія Лісоўская, Алег Залескі, Збігнеў Эйсмант і Анастаія Пляхневіч.
Выступленне танцавальнага ансамбля “Крэсовэ забавы” польскага Дома Лідскага раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” надало святу непаўторны каларыт сваёй яскравасцю, вытанчанасцю, прыгажосцю касцюмаў, жанравай разнастайнасцю і высокім выканальніцкім узроўнем.
Як і ў жыцці на эйсмантаўскай зямлі спрадвеку суіснуюць дзве мовы – польская і беларуская, так і на сцэне яны гучалі з вуснаў вядучых праграмы Марыны Хамяні і Паўла Каржанеўскага. Што таксама падкрэслівала галоўную ідэю фэсту – жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей і канфесій і сумеснымі намаганнямі рабіць усё магчымае, каб родная зямля багацела і квітнела.
***
На адкрытай пляцоўцы “Заможнага фальварка” адбылося выступленне кавер-групы «NO-VA» Гродзенскай абласной філармоніі. Працавалі атракцыёны і гандлёвыя кропкі. Адбылася дыскатэка. Фэст завяршыўся святочным феерверкам.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *