1920…Верасень… Баі пад Бераставіцай

Из истории земли Берестовицкой Культура

У сярэдзіне верасня 1920 г. польскія пазіцыі ад літоўскай граніцы па Нёмане да Гродна, а далей па левым узбярэжжы ракі Свіслач аж да мястэчка Свіслач займала 2-я армія, якой камандаваў ужо вядомы ў той час польскі генерал Рыдз-Сміглы, будучы маршал Польшчы. У склад арміі ўваходзіла  і 3-я дывізія легіянераў (добраахвотнікаў). З савецкага боку на гэтым участку фронту, паводле звестак польскіх гісторыкаў, канцэнтраваліся вялікія сілы Чырвонай Арміі, якія павінны былі любой цаной спыніць непрыяцеля, моцным контрударам разбіць яго і развіваць наступленне на Беласток.
Каб аслабіць контрудар савецкіх часцей, польскае камандаванне таксама зрабіла шэраг захадаў. Быў распрацаваны план наступальнай аперацыі, у якім прадугледжвалася падраздзяленням 3-й дывізіі легіянераў адначасова фарсіраваць Свіслач у двух месцах: на паўночным участку – у раёне вёскі Генюшы і накіраваць свой удар на Малую Бераставіцу – Карпаўцы, на паўднёвым участку – у раёне вёскі Мастаўляны і, развіваючы наступленне праз Клепачы і Паўлюшкі, захапіць Вялікую Бераставіцу. Злучыўшыся ў Карпаўцах, яны павінны былі знішчыць савецкія часці, трапіўшыя ў акружэнне і, праследуючы праціўніка, выйсці да Нёмана ў раёне мястэчка Лунна, захапіць там пераправы, утрымліваць іх да прыходу галоўных часцей.
Загад аб наступленні паступіў у польскія часці 20 верасня ў 14 гадзін, а ў 17 гадзін 30 хвілін два артылерыйскія дывізіёны адкрылі моцны агонь па савецкіх пазіцыях на ўчастку Мастаўляны – Бурсаўшчына. Пасля артпадрыхтоўкі тры роты легіянераў кінуліся ў атаку цераз раку Свіслач на супрацьлеглы бераг. Чырвонаармейцы адкрылі моцны кулямётны і ружэйны агонь. Не звяртаючы ўвагі на значныя страты, легіянеры пераправіліся праз раку і дзве іх роты з боем наступалі на Каласы, адна рота – на паўночны ўсход на вышыню з адметкай 175, а чацвёртая рота ўзяла кірунак на Клепачы, паспяхова адбіваючы ўсе контратакі чырвонаармейцаў. Узяўшы вышыню 175, да чацвёртай роты далучылася і трэцяя. Але каля Клепачоў чырвонаармейцы аказалі настолькі жорсткае супраціўленне, што легіянерам давялося паспешна акопвацца. Завязаўся цяжкі бой, як з аднаго, так і з другога боку былі вялікія страты. Салдаты варагуючых бакоў у баі праявілі вялікую мужнасць і стойкасць, але першымі не вытрымалі польскія легіянеры. А тут яшчэ загінуў камандзір 4-й роты падпаручнік Сташкевіч. Пад націскам чырвонаармейцаў жаўнеры сталі адыходзіць назад, у бок ракі Свіслач. Адступленне роты з некалькімі легіянерамі прыкрываў сяржант Базыль Мік, які праявіў у гэтым баі вялікую мужнасць і вытрымку. Да апошняй хвіліны ён вёў агонь, адбіваючыся ад непрыяцеля, і толькі цяжка параненага салдаты вынеслі яго з поля бою. За 4-й ротай стала адкочвацца да Свіслачы і 3-я рота.
У той жа час крыху на поўнач ад Мастаўлян пераправіўся цераз Свіслач 2-і польскі батальён, які выйшаў на Клепачы з паўночнага боку і з тылу. Чырвонаармейцы яўна не чакалі такога манеўру, а іх разведка і камандаванне не сумелі ў час прыняць адпаведных мер. Нечаканым ударам легіянеры зламалі супраціўленне і захапілі іх пазіцыі, у палон трапіла 120 чырвонаармейцаў, былі захоплены 2 кулямёты і 3 гарматы. Адступаўшыя да Свіслачы 3-я і 4-я польскія роты павярнулі назад і зноў увайшлі ў Клепачы.
У гэты час пад Каласамі ўпарта абараняліся чырвонаармейцы 91-га савецкага палку. Бой быў зацяты і кровапралітны, працягваўся некалькі гадзін. На Каласы наступалі дзве роты 7-га палка, якімі камандаваў маёр Зентарскі. У час бою да іх далучыліся частка батальёна 8-га палка і падраздзяленні кавалерыйскага дывізіёна, якія з вялікімі стратамі, але ўсё-такі паспяхова адбівалі контратакі чырвонаармейцаў.
У той жа час пад Клепачамі чырвонаармейцы пайшлі ў новую контратаку, наступаючы на вёску з поўдня. Ім удалося прарвацца ў яе, у цэнтры завязаўся жорсткі рукапашны бой. Перамога была, здаецца, ўжо ў руках чырвонаармейцаў, але ў гэты час на дапамогу польскім легіянерам падаспелі рэзервовыя роты 7-га палка. Савецкія часці сталі адступаць на ўсход, на Гарбачы. А тым часам 2-і батальён капітана Немец-Мароньскага прарваўся да Паўлюшак і захапіў паўночную частку вёскі. Заняўшы кругавую абарону, батальён стаў чакаць падыходу астатніх часцей свайго палка, якія ўжо былі ў Клепачах. Туды падцягваліся і іншыя польскія падраздзяленні. Стаяла цёмная восеньская ноч, пайшоў густы дождж. Усё гэта перашкаджала баявым дзеянням пяхоты як з аднаго, так і з другога боку.
21 верасня ў 5 гадзін 30 хвілін, пасля ўзгаднення плана баявых дзеянняў на новы дзень, падраздзяленні 7-га палка легіянераў зноў распачалі  баявыя дзеянні ў напрамку Вялікай Бераставіцы. У выніку нядоўгага, але жорсткага бою супраціўленне “чырвоных” было зломлена, і жаўнеры 2-га батальёна, якія наступалі ад Паўлюшак, уварваліся ў мястэчка. У палон трапілі 150 чырвонаармейцаў, захоплены 2 кулямёты і шмат абозных фурманак. Неўзабаве польская разведка данесла, што з боку Лепесаў рухаецца на Бераставіцу вялікая калона чырвонаармейцаў. Па ўсім відаць, гэта была адступаючая часць, байцы якой яшчэ не ведалі, што Бераставіца занята легіянерамі. Тры роты легіянераў хутка развярнуліся на ўскраіне мястэчка. “Чырвоныя” заўважылі баявыя парадкі непрыяцеля і з ходу атакавалі паспеўшых ужо акапацца жаўнераў, але іх атака захлынулася. Пасля кароткага бою, зразумеўшы марнасць намаганняў прарвацца ў Бераставіцу, чырвонаармейцы сталі абыходзіць яе з заходняга і паўночнага боку і рухацца на Карпаўцы, пакінуўшы на полі бою 3 кулямёты, 4 гарматы і некалькі дзесяткаў параненых.
На Карпаўцы, якія яшчэ былі заняты савецкімі войскамі, павінны былі наступаць часці 9-га польскага палка з боку Айцова. Камандаванне 7-га палка паставіла задачу 1-му батальёну рухацца з Бераставіцы на Карпаўцы і з паўднёвага напрамку ўдарыць па савецкіх пазіцыях і гэтым самым аказаць дапамогу легіянерам 9-га палка ў разгроме непрыяцеля. Толькі ў поўдзень пасля жорсткага і працяглага бою легіянерам удалося захапіць Карпаўцы. Пасля гэтага пад Карпаўцамі і ў Станіславове  засталася 1-я рота, а ўсе астатнія падраздзяленні 1-га батальёна вярнуліся ў Бераставіцу. Распалажэнне 7-га палка легіянераў 21 верасня ў поўдзень было наступным: на шашы пад Станіславовам знаходзілася 1-я рота 1-га батальёна, баявыя парадкі якой былі павернуты на ўсход і паўночны ўсход. На паўночна-ўсходняй і ўсходняй ускраінах Вялікай Бераставіцы акапаліся 5-я і 6-я роты, у самым мястэчку – 7-я рота і камандаванне 7-га палка. На паўднёвай ускраіне мястэчка пазіцыі займаў 3-і батальён, падраздзяленні якога наступалі ад Мастаўлян на Цецяроўку – Гарбачы і цяпер падышлі да мястэчка.
У Бераставіцу прыбыло камандаванне 5-й брыгады з двума батальёнамі пяхоты 8-га палка і артылерыяй. За імі пацягнуліся абозы з ваенным рыштункам, якія некалькі разоў інтэнсіўна абстрэльваліся прыцэльным агнём расійскай артылерыі. Нечакана паявіўся савецкі самалёт, які таксама інтэнсіўна пачаў абстрэльваць польскія абозы. Гэта ўнесла перапалох і паніку сярод абознікаў. Многія фурманкі павярнулі да рэчкі, тыя, што засталіся на гасцінцы, пачалі гарэць, у іх ірваліся боепрыпасы. Неўзабаве пад жорсткі артылерыйскі абстрэл трапілі роты 3-га батальёна 8-га палка легіянераў, якія толькі што з боем занялі Паўлюшкі, Зарачаны, заходнюю частку Кватар і Гарбачы і размясціліся ў іх. Артылерыйскі агонь ураганам накатваўся на польскія пазіцыі па ўсім фронце – ад Каласоў да Карпаўцаў. Стала зразумелым, што “чырвоныя” рыхтуюцца да контратакі па ўсім участку. А неўзабаве і польская разведка паведаміла: на расійскім баку ідзе перагрупоўка і канцэнтрацыя значных сіл. Савецкае камандаванне пасля няўдалых начных баёў вырашыла ўзяць рэванш і ўдарыць усімі сіламі на Бераставіцу і суседнія з ёю участкі, выйсці на рубеж Свіслачы і маланкавым маршам рушыць на Беласток.
Пад вечар таго ж дня чырвонаармейцы пайшлі ў атаку. На сярэднім участку фронту разгарэўся гарачы бой за Бераставічаны, які хутка перайшоў у рукапашную схватку. У наступіўшай цемры чырвонаармейцам удалося выбіць легіянераў з Бераставічан і адкінуць іх на паўкіламетра на захад. Але тут да іх падаспела падмога. Зноў завязаўся рукапашны бой. Тут ужо не ўстаялі чырвонаармейцы і, пакінуўшы Бераставічаны, адступілі ў бок Сямёнаўкі да самага лесу, пакінуўшы на полі бою 68 загінуўшых і 32 цяжка параненых. Вёску зноў занялі легіянеры, да іх на падмогу прыйшлі дзве батарэі лёгкай артылерыі, якія разам з пяхотай занялі пазіцыі на паўднёвы ўсход ад Бераставічан.
Чырвонаармейцы акапаліся на заходняй ускраіне Сямёнаўскага лесу і на ўзгорках каля вёскі Эймінаўцы. Абвастрылася абстаноўка для легіянераў на ўчастку Мянькі – Паўлюшкі – Кватары. Тут іх 3-і батальён з вялікімі стратамі адбіваўся  ад наступаючых савецкіх часцей.
Пасля адносна спакойнай ночы раніцай 22 верасня агонь з савецкага боку аднавіўся з новай сілай. Стала зразумела, што ў бой уступілі новыя часці, якія пайшлі на прарыў польскай абароны на ўчастку Бераставіца – Бераставічаны – Мянькі – Кватары – Гарбачы. Першая атака на Мянькі спачатку прынесла чырвонаармейцам поспех: ім удалося на нейкі час заняць вёску. Але ўтрымаць яе не ўдалося. Контратака легіянераў пры дапамозе двух рот 8-га палка заставіла чырвонаармейцаў адступіць на ўсход. Праз некаторы час яны зноў пайшлі ў наступленне. Вельмі настойліва аітакавалі пазіцыі непрыяцеля на ўчастку Бераставіца – Бераставічаны, але адолець іх на працягу дня ім так і не ўдалося. З 7 гадзін раніцы 22 верасня ішоў упарты і працяглы бой на ўчастку Кватары – Гарбачы, каля 11 гадзін ён дасягнуў самага высокага напружання. Чырвонаармейцам удалося выбіць непрыяцеля з гэтых вёсак, але ненадоўга. Легіянерам на падмогу прыйшлі тры роты 8-га палка. Пасля рукапашнай сутычкі яны адваявалі здадзеныя пазіцыі, захапіўшы некалькі дзесяткаў палонных, 2 кулямёты. На полі бою як з аднаго, так і з другога боку засталося дзесяткі загінуўшых і параненых.
Пасля няўдалых спроб на цэнтральным і паўднёвым участках (Бераставіца – Кватары – Гарбачы) савецкае камандаванне накіравала свае намаганні на поўнач ад Бераставіцы: Станіславова – Карпаўцы, дзе абарону займала 1-я рота 7-га палка і 9-ы полк 6-й брыгады легіянераў.
Пасля моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі чырвонаармейцы пайшлі ў атаку. Яна была адбіта. Атакі ішлі адна за адной. У 14 гадзін 22 верасня на ўчастку Станіславова – Карпаўцы становішча для легіянераў было катастрафічным, Карпаўцы занялі чырвонаармейцы. Але ваенная ўдача зноў была не на іх баку. У выніку праведзенай контратакі легіянерам удалося адбіць Карпаўцы і заставіць непрыяцеля адступіць ад Станіславова. З наступленнем цемнаты чырвоныя роты яшчэ робяць адну спробу адбіць Бераставічаны і Бераставіцу, але зноў безвынікова. Пад ураганным агнём польскай артылерыі і кулямётаў чырвонаармейцам давялося адступіць, пакінуўшы на полі начнога бою многа параненых і загінуўшых. Страты былі вельмі адчувальнымі для абодвух бакоў. Пад раніцу 23 верасня стала відаць, што ў савецкага камандавання няма ўжо больш значных рэзерваў, няма і таго першапачатковага націску.
На працягу ночы з 22 па 23 верасня ні адзін з бакоў баявых дзеянняў не пачынаў. Польскае камандаванне ўзмацніла правае крыло  фронту, даслаўшы пад Гарбачы – Кватары свежыя роты 4-й брыгады. І гэта было зроблена своечасова, бо ўжо раніцай 23 верасня чырвонаармейцы зноў паспрабавалі атакаваць польскія пазіцыі на гэтым участку. Атакі былі намнога слабейшымі, чым у мінулы дзень. Прыкметна слабейшым быў і артылерыйскі агонь.
Раніцай 24 верасня агонь савецкай артылерыі на непрыяцельскія пазіцыі на ўчастку Бераставіца – Бераставічаны працягваўся. Хоць сярод легіянераў і былі значныя людскія страты, але ўжо было відаць, што наступлення з савецкага боку не будзе. У 17 гадзін 24 верасня польскія жаўнеры зноў пайшлі ў наступленне на Сямёнаўскі лес. А крыху пазней, з надыходам змроку, ударылі па савецкіх пазіцыях каля Эймінаўцаў рэзервовыя роты легіянераў з Бераставіцы. Пасля кароткага, але гарачага бою, у якім чырвонаармейцы праявілі цуды храбрасці, ім прыйшлося адступіць у паўночна-ўсходнім накірунку, у бок Нёмана. У апошнім баі былі захоплены ў палон 183 чырвонаармейцы і ўзяты 2 кулямёты. А ў цэлым за гэтыя дні баёў пад Бераставіцай палякі захапілі 7 гармат, 15 кулямётаў, шмат ваеннай амуніцыі і каля тысячы палонных.
Як сцвярджалі польскія ваенныя спецыялісты і гісторыкі таго часу, бой пад Бераставіцай быў значнай аперацыяй у савецка-польскай вайне летам – восенню 1920 г. У зводцы генеральнага штаба польскай арміі гаворыцца: “У раёне на поўнач ад Вялікай Бераставіцы разбіты моцныя непрыяцельскія групіроўкі, парушаны іх планы. У ноч з 21 на 22 верасня падраздзяленні 3-й дывізіі разграмілі 5 палкоў 2-й савецкай дывізіі і ўзялі ў палон каля 1100 салдат, 3 гарматы, 10 кулямётаў, 150 фурманак, 450 коней і сцяг артылерыйскага палка 11-й дывізіі. Контратака, прыйшоўшай на дапамогу свежай дывізіі, адбіта. Захоплена яшчэ 50 палонных і 6 кулямётаў. Акрамя гэтага непрыяцель панёс у гэтых баях вялікія страты загінуўшымі і параненымі”.
У зводцы камандавання 2-й польскай арміі ад 21 верасня сцвярджаецца: “У баях на ўчастку Бераставіца – Гарбачы з савецкага боку прымала ўдзел 3 пяхотныя дывізіі і падраздзяленні кавалераі. Непрыяцель на працягу дня атакаваў 5 разоў. З вялікімі для яго стратамі ўсе атакі былі адбіты. На полі бою засталося не менш  1000 загінуўшых салдат, узята ў палон 160 чалавек, захоплена 4 кулямёты і 5 фурманак з боепрыпасамі”.
Пасля жорсткіх і кровапралітных баёў пад Бераставіцай савецкія часці паспешна сталі адыходзіць на ўсход і на паўночны ўсход за Нёман.      

       Памяць аб загінуўшых жаўнерах Войска Польскага ў 1920 гадах была ўшанавана помнікам, які тады знаходзіўся на ўскраіне Бераставіцы. Падчас будаўніцтва новай школы ў пачатку 1970-х гадоў ён быў разбураны, а ў першай палавіне 90-х гадоў па ініцыятыве грамадскасці сумеснымі намаганнямі мясцовых улад і Саюза палякаў быў адноўлены. Праўда, ужо на новым месцы – каля каталіцкіх могілак. Польская дзяржава памятала сваіх воінаў.
У баях на бераставіцкай зямлі загінулі сотні чырвонаармейцаў. Ёсць некаторыя  звесткі аб месцы іх  масавага пахавання. Але Савецкая дзяржава нічога не зрабіла па ўшанаванні іх памяці. Крыўдна перад памяццю загінуўшых і сорамна перад сумленнем нашчадкаў… За іх і за сябе…

Мікалай Пацэнка, метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны РМЦ НТ



1 комментарий по теме “1920…Верасень… Баі пад Бераставіцай

  1. Горе побежденным.
    Поляки около 90 человек были похоронены недалеко от нового костела и именно там и стоял им памятник с рогатывкой- ближе к теперешней школе. Копия которого стоит у входа на католическое кладбище в настоящее время.
    Советские солдаты около тысячи, говорят были похоронены около Дикого става при дороге обсаженой липами.. Граф Коссаковский разрешил похоронить их в братской могиле на своем поле. Позже на этом месте никогда не пахали и не сеяли. Земля заросла лесом и кустами. Никаких памятников или хоть памятного камня никто не ставил.С началом фермерства эта земля была выделена фермеру.Фермер ничего не зная выкорчевал эти кусты и теперь здесь пахота. Хорошо бы установить точно место и поставить хоть какой памятник.
    Бой возле Берестовицы считается чрезвычайно важным для Польши. На памятнике неизвестному солдату в Варшаве где записаны важнейшие битвы определившие судьбу Польши. Высечено в граните
    Берестовица и дата битвы. Но это в Варшаве, а в Берестовице -нет.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *