Малады спецыяліст СВК імя Варанецкага

Лента новостей

IMG_0013Многіх выпускнікоў школ прывабліваюць агні вялікага горада, але ёсць нямала і тых, хто шануе свае карані і жадае жыць і працаваць у вёсцы.
Цікавы лёс маладога спецыяліста з СВК імя Варанецкага Яўгена Родзіка. Ён гараджанін, бацькі яго працуюць на заводах у Гродне, ён закончыў гарадскую школу. Але яго бабуля жыла ў вёсцы Вярэйкі, і хлопчыка адвозілі туды на канікулы. Кожны раз гэта была радасць. Бабуля працавала даяркай, і як шчырая руплівая гаспадыня, трымала і дома дзве каровы. А ўнук стараўся ва ўсім ёй дапамагчы. Хлопчык змалку навучыўся даіць кароў, даглядаць іх. Прыходзіў з бабуляй і на ферму, там было шмат ручной працы, а даенне на малакаправодзе – па старых тэхналогіях. Ён любіў жывёлу, стараўся, каб кароў добра даглядалі. Бабуля нарадавацца не магла, што яе Жэня такі добры хлопчык. Задаволеныя былі і бацькі, што сын стараецца.
Таму пасля заканчэння сярэдняй школы ў юнака сумненняў не было – трэба ісці туды, у тую прафесію, пра якую ён ужо не толькі ведае, але і мае сапраўдны немалы досвед, можна сказаць, практычны вопыт. Хлопец падаў дакументы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Вучыцца было вельмі цікава. Там ён даведаўся, як правільна карміць жывёлу, павышаць прадуктыўнасць, раскрываць багаты генетычны патэнцыял.
— А чаму не паехалі ў Вярэйкі па размеркаванні? СВК імя Варанецкага больш спадабаўся? – цікаўлюся. – Магчыма, ведалі, што гаспадарка моцная і перспектыўная?
— Выйшла гэта выпадкова, — расказаў малады спецыяліст. – Справа ў тым, што да нас на размеркаванне прыехаў старшыня СВК імя Варанецкага Іосіф Іосіфавіч Колас. Яму патрэбны былі маладыя спецыялісты. Ён і прапанаваў мне паехаць у гэтую гаспадарку. Раней я тут не бываў, але многа чуў пра яе поспехі.
— Дык атрымалася, што Іосіф Іосіфавіч Вас знайшоў?
— Мы разам з ім адзін аднаго знайшлі, — усміхаецца Яўген.
— А як прыехалі ў аграгарадок Вялікія Эйсманты, якое ў Вас было першае ўражанне? – працягваю гутарку.
— Выдатнае! Вельмі прыгожыя мясціны, і ў аграгарадку ўсё ёсць для жыцця. Можна займацца спортам, культурна адпачываць, тут развітая інфраструктура. Ды і купіць можна, што трэба, ніякіх праблем няма.
Згаджаюся з гэтым, тут сапраўды клапоцяцца пра людзей.
— А жыллём Вас, Яўген Сяргеевіч, забяспечылі?
— Вядома! Нам з іншымі маладымі людзьмі далі трохпакаёвую кватэру, кожнаму па асобным пакоі. А хутка мне самому дадуць асобную кватэру, з жыллём тут няма праблем.
Самыя добрыя словы сказаў малады спецыяліст у адрас вяскоўцаў. Яўген гаворыць, што яны адрозніваюцца ад гараджан, больш спакойныя, памяркоўныя, разважлівыя, добразычлівыя. Выдатна прынялі яго і на малочнатаварным комплексе “Мацеевічы”, куды ён па прыездзе прыйшоў працаваць заатэхнікам-селекцыянерам. Шмат дапамагаюць яму ветспецыялісты, многаму яго навучылі, удзяч­ны ён і ўсяму дружнаму калектыву. А амаль 7 месяцаў таму аказалі ў гаспадарцы маладому спецыялісту вялікі давер – назначылі ўпраўляючым гэтым комплексам. Так што Яўген расце па прафесійнай лесвіцы, а заадно набывае і другую вышэйшую адукацыю, павышае свой узровень.
Прыемным аказалася наша знаём­ства. Больш бы такіх заці­каўленых маладых людзей у нашы вёскі!
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *