Кожны дзень – сустрэчы з людзьмі

Лента новостей Человек и его дело

2Ведаючы, што Зінаіда Мікалаеў­на Радзівонава працуе ў гандлі больш за чатыры дзесяцігоддзі, я не ўтрымалася і спытала ў яе: ”Ці выбралі б зноў гэтую ж прафесію, калі б нейкім цудам вярнуліся ў юнацтва?”. На што мая субяседніца без развагі адказала:
– Толькі гэтую і выбрала б. Яшчэ вучаніцай Кватарскай шко­лы марыла працаваць у ма­газіне. Для мяне нічога не можа быць лепш за работу з людзьмі. Як скончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, так і працую за прылаўкам ужо 43 гады. І не надакучыла, не прыелася, паверце, ні кропелькі. А як можа надакучыць, калі кожны новы дзень не падобны на папярэдні? І калі заўсёды адчуваеш, наколькі твая работа патрэбна іншым. Вось вы, скажам, сабраліся ў магазін. На што пры гэтым разлічваеце? На тое, што пакінеце яго задаволенай: і пакупку патрэбную зрабілі, і абслужылі вас ветліва.
“Пакупнік для прадаўца – гэта чалавек, якому ты павінен быць рады заўсёды, нягледзячы ні на яго кепскі настрой, ні на яго празмерную прыдзірлівасць”, – Зінаіда Мікалаеўна так лічыць і менавіта так працуе. І гэта добра ведаюць яе пакупнікі ў Вялікіх Эйсмантах, дзе пасля вучобы была загадчыцай магазіна прамысловых тавараў, і ў пасёлку Пагранічны, дзе сямнаццаць гадоў працавала ў прадуктовым магазіне. Людзям імпануе яе спакойны, ураўнаважаны характар, прыемная ўсмешка.
– Ад райспажыўтаварыства ў 1996-м годзе атрымала кватэру ў Вялікай Бераставіцы, – расказвае мая субяседніца. – І з той пары тут працую: спачатку прадаўцом і загадчыцай “Універсама”, потым загадчыцай магазіна “Дзяжурны”.
У свой час Зінаіду Мікалаеўну вельмі сардэчна віншавалі ў райспажыўтаварыстве з яе 55-годдзем і шчыра дзякавалі за працу. Разам з тым запэўнілі, што былі б рады і далей бачыць у калектыве такога вопытнага і стараннага работніка. Ды і сама Зінаіда Мікалаеўна праз некалькі месяцаў зразумела, наколькі цяжка ёй без любімай справы. І ўжо пяты год загадвае магазінам “Ветэран” у Вялікай Бераставіцы. Чытаю свежы запіс у кнізе заўваг і прапаноў. Работніцы Бераставіцкага дзіця­чага ясляў-сада пішуць, што ім заўсёды прыемна зайсці ў гэты магазін, бо прадаўцы тут ветлівыя, добразычлівыя. Два апошнія гады разам з Зінаідай Мікалаеўнай працуе Галіна Шкляр, таксама вопытны гандлёвы работнік. Абе­дзве жанчыны многа робяць для таго, каб магазін карыстаўся папулярнасцю ў пакупнікоў. Асабліва любяць рабіць тут пакупкі людзі пажылога ўзросту.
– Мы клапоцімся пра тое, каб у нас можна было купіць свежыя субпрадукты, паўфабрыкаты, больш танныя каўбасы, аргані­зоўваем акцыі па зніжэнню цэн на асобныя тавары, – расказвае Зінаіда Мікалаеўна.
Яна рада, што па-ранейшаму кожны яе дзень – гэта новыя сус­трэчы з людзьмі і кожны дзень яна мае шчаслівую магчымасць быць карыснай іншым. Добрыя словы пра работніцу я пачула ад дырэктара філіяла аблспажыўтаварыства Валянціны Парманчук. Кіраўнік адзначыла, што Зінаіда Мікалаеўна носіць званне ветэрана працы, мае і мноства грамат, у тым ліку ад аблспажыўтаварыства, а партрэт яе быў занесены ў мінулым годзе на Дошку гонару філіяла.
Сваімі адносінамі да працы жанчына паказвае выдатны прыклад і сваім дзецям, і ўнукам. Сын у Зінаіды Мікалаеўны – ваенны, а дачка – медыцынскі работнік, старэйшая ж унучка ўжо вучыцца ва ўніверсітэце. Маці і бабуля задаволена, што кожны знайшоў сабе справу па душы.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *