Краязнаўства —справа жыцця Мікалая Пацэнкі

Актуально Человек и его дело

Сярод дзеячаў культуры краіны, якія напярэдадні свайго прафесійнага свята атрымалі ў Мінску дзяржаўныя ўзнагароды, быў і наш зямляк. Мясцовы краязнаўца, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства “Веды”, метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны РМЦ НТ Мікалай Іванавіч ПАЦЭНКА атрымаў Прэмію Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі «Літаратура і журналістыка».

Да шматлікіх “рэгалій” Мікалая Іванавіча, чалавека паважанага ў нашым пасёлку і раёне, пра што, дарэчы, сведчыць і неаднаразовае выбранне яго дэпутатам райсавета, дадалося і яшчэ адно званне лаўрэата прэстыжнай, ганаровай прэміі. Яна была заснавана Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры ў 2008 годзе з мэтай заахвоціць адметных прадстаўнікоў культуры і мастацтва краіны за заслугі і высокія дасягненні ў літаратуры і журналістыцы, тэатральным, экранным і музычным мастацтве, жывапісу, скульптуры, графіцы, дызайне і дэкаратыўна-прыкладным, народным і самадзейным мастацтве. Прэмія прысуджаецца да Дня работнікаў культуры адзін раз на год і атрымліваюць яе адзінкі. Як мне стала вядома, на атрыманне прэміі ў намінацыі “літаратура і журналістыка” акрамя Мікалая Іванавіча прэтэндавалі яшчэ дзесяць кандыдатаў, прычым усе яны—прафесійныя літаратары. Аднак члены камісіі па прысуджэнні прэміі, якую ўзначальвае рэктар Акадэміі музыкі Рычард Смольскі і ў склад якой увахо-дзяць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і шэраг знакамітых дзеячаў мастацтва краіны, аддалі перавагу менавіта нашаму земляку. Гэта адначасова і высокая адзнака яго літаратурнай дзейнасці і падтрымка, заахвочванне ў асобе Мікалая Іванавіча зусім нешматлікіх энтузіястаў-літаратараў, краязнаўцаў з рэгіёнаў. Пра такіх людзей, пра іх уклад у вывучэнне беларускай гісторыі нельга забываць, бо менавіта з гісторыі асобных мястэчак і складаецца па крупіцах гісторыя ўсёй краіны.
Тыя з мясцовых аматараў краязнаўства, хто ўважліва сочыць за дзейнасцю Мікалая Іванавіча на ніве вывучэння гісторыі роднага краю, добра ведаюць, што яна, гэтая дзейнасць, не абмежавалася выданнем у 1999 годзе раённай кнігі-хронікі “Памяць”. У працы па яе стварэнні, якая доўжылася не адзін год, у пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў прынялі ўдзел шмат ініцыятыўных, нераўнадушных людзей раёна. Тады, як рэдактару-складальніку хронікі, Мікалаю Іванавічу неабходна было сістэматызаваць вялікі фактычны матэрыял. Выдатнае веданне беларускай і рускай мовы і літаратуры, гісторыі, атрыманае падчас вучобы ў БДУ, добрае валоданне словам вельмі дапамагалі яму ў рабоце. У выніку—менавіта наша кніга “Памяць” была вылучана сярод іншых падобных работ за фундаментальнасць гістарычнага даследавання, праведзенага яе стваральнікамі, аб’ектыўнасць адлюстравання грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываліся на бераставіцкай зямлі, насычанасць архіўнымі дакументамі. А Мікалай Іванавіч атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
Творчы пошук, цяга да вывучэння гісторыі свайго краю прымушаюць мясцовага краязнаўцу займацца ўсё новымі праектамі, ажыццяўляць новыя задумкі. У кнігу “Памяць” увайшлі далёка не ўсе матэрыялы. І гэта падштурхнула Мікалая Іванавіча да стварэння ўнікальнай у сваім родзе працы—“Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, пачынаючы са старажытных часоў і да нашых дзён. Гэта вялікі збор гістарычных фактаў, архіўных дакументаў, сярод якіх і знойдзеныя зусім нядаўна, а таксама аўтарскіх каментарыяў да іх. Ужо шосты том рыхтуецца да выхаду ў свет! Разумеючы неабходнасць гэтай працы для раёна, яе гістарычную каштоўнасць, у стварэнні “Летапіснай хронікі” Мікалаю Іванавічу дапамагаюць работнікі ідэалагічнага аддзела райвыканкама, бібліятэкары, яго намаганні падтрымліваюць кіраўнікі мясцовай улады.
Падчас пошукавай дзейнасці ў Мікалая Іванавіча “нарадзіліся” гісторыка-біяграфічныя нарысы-партрэты вядомых людзей—ураджэнцаў Бераставіччыны або тых, чые лёсы былі звязаны з нашым краем. У апошнія гады былі выдадзены цэлыя серыі—“Іх імёнамі названы вуліцы на Бераставіччыне”, “Нашы знакамітыя землякі”, “З Бераставіччынай лёсам знітаваныя”, “Помнікі гісторыі і культуры Бераставіччыны”. У гэтых брашурах ажываюць постаці гетмана Вялікага княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча, магістра філасофіі, прафесара Віленскага ўніверсітэта Ігната Анацэвіча з Малой Бераставіцы, міністра будаў-ніцтва БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Івана Жыжаля з Сыраежак…Адлюстроўваецца гераічны подзвіг партызанкі з Лашы Вольгі Соламавай, генерал-маёра Івана Міхайліна і г.д. Праследжваецца лёс помнікаў гісторыі і культуры—касцёла Прасвятой Дзевы Марыі ў Бераставіцы і Алекшыцкай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Усе гэтыя выданні перададзены ў навучальныя ўстановы раёна, бібліятэкі і нават у Гро-дзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Карскага, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзяржаўныя архівы Гродна. І гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што краязнаўчая дзейнасць Мікалая Іванавіча важная не толькі для нашага раёна, але і для Гродзеншчыны, краіны ў цэлым. На яго працы ўжо абапіраюцца ў вывучэнні гісторыі роднага краю студэнты і юныя края-знаўцы. А ў Мікалая Іванавіча, па-сапраўднаму ўлюбёнага ў сваю справу і ў свой край, ўжо “зрэюць” новыя задумкі— падрыхтаваць серыю матэрыялаў аб помніках Бераставіччыны, аб земляках з незвычайным лёсам, нашых сучасніках: навукоўцах, вынаходніках, работніках культуры, ардэнаносцах-ветэранах працы. Дарэчы, адзін з іх—“Штырліц” з Бераставіччыны”—ужо друкаваўся ў нашай газеце.
Мяне здзіўляе і адначасова захапляе такая прага Мікалая Іванавіча да гісторыі. Ён заўсёды ў працы—амаль увесь свой вольны час, часта ахвяруючы зносінамі з блізкімі, сям’ёй. А можа яна і заканамерная, такая зацікаўленасць Мікалая Іванавіча краязнаўствам. Лёсам выпала яму вучыцца ў школе ў Алеся Белакоза, вядомага педагога і краязнаўцы, стваральніка музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна, адкуль родам Мікалай Іванавіч, у БДУ – у выкладчыкаў, вядомых пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Алега Лойкі, Івана Навуменкі. Пакінула свой адбітак знаёмства з Васілём Быкавым, з паэтамі Казімірам Камейшам, Міколам Чарняўскім, Міколам Маляўкам, Міхасём Губернатаравым, Анатолем Сербантовічам… Сустрэчы з цікавымі людзьмі падчас работы на раённым радыё, у газеце, камсамоле, райкоме партыі… Ды і наша зямля, адкуль родам матуля Мікалая Іванавіча, зямля, апавітая легендамі, якая тоіць у сябе яшчэ так многа гістарычных “белых плямаў”, спрыяе жаданню краязнаўцы пазнаць усе яе таямніцы.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *