У Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы працуюць дызайнеры і мастакі

Лента новостей

4У памяшканні Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы працягваецца работа па афармленні экспазіцыі, устаноўцы вітрын, дадатковага асвятлення, экспазіцыйнай мэблі. Тэндар на ажыццяўленне гэтай дзейнасці быў вый­г­раны Гродзенскім дзяр­­жаўным гісторыка-археалагічным музеем. Мастакамі і супрацоўнікамі навукова-метадычнага аддзела гэтай установы быў створаны мастацкі праект. Архітэктурна-мастацкае рашэнне распрацоўвалася згодна з навуковай канцэпцыяй экспазіцыі Музея Вавёркі. Былі ўлічаны мэты і задачы музея, сярод якіх – выхаванне патрыятычных адносін да гістарычнага мінулага роднага краю, экалагічнай граматнасці, гуманнага стаўлення чалавека да прыроды, імкненне зацікавіць наведвальнікаў пытаннямі геральдыкі.
Экспазіцыя будзе размешчана ў чатырох залах. Цяпер афармляюцца першы, другі і, часткова, трэці пакоі. Два з іх будуць прысвечаны вавёрцы. Тут можна будзе ўбачыць жывога звярка – сімвала нашага мястэчка. Электрыфікаваная карта пазнаёміць з арыяламі пражывання разнастайных родаў вавёрак. У экспазіцыйных вітрынах, у прыватнасці, у дыяраме “Лес”, размесцяцца чучалы птушак і звяроў. Вітрыны з высоўнымі скрынямі дазволяць, максімальна выка­ры­стоўваючы экспазіцыйную плошчу, дэманстраваць кнігі, паштоўкі, маркі, манеты, цацкі і іншыя рэчы ў выглядзе вавёркі ці пра вавёрак. Другую залу, дарэчы, плануецца выкарыстоўваць і ў якасці дэманстрацыйнай, паколькі ў ёй будзе ўстаноўлены плазменны экран. А трэцяя і чацвёртыя залы прысвечаны непасрэдна гісторыі роднага краю. Акрамя гэтага музейная экспазіцыя будзе мець тэхнічную падтрымку для дэманстрацыі гукаў і галасоў, музыкі, лакальнага падсвятлення экспанатаў.

На здымку: мастачкі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Валянціна Шы­мановіч і Вольга Буцько.

Святлана Ганчарова, фота  аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *