Бізнес-стратэгія аграфірмы “Стары Дворац”

Лента новостей

business-plan_idТрымацца “на плаву” і атрым­ліваць добры прыбытак у сённяшніх умовах аграрыям няпроста, бо пакуль яны, напрыклад, яшчэ толькі вырасцяць новы ўраджай, даражэе літаральна ўсё, у тым ліку запчасткі для тэхнікі, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, кармавыя дабаўкі, паліва. Таму ў полі зроку эканамічных служб гаспадарак распрацоўка эфектыўнай бізнес — стратэгіі. Аграфірма “Стары Дворац” распрацаваныя планы і адпаведныя мерапрыемствы па іх выкананню абараняла перад раённай камісіяй 28 лютага і затым перад абласной 3 сакавіка. Галоўны эканаміст гаспадаркі Галіна Лойка мае багаты вопыт работы. Яна можа параўнаць гаспадаранне раней і зараз. Сярод несумненных “плюсаў” для аграфірмы, у прыватнасці, называе яна пастаянную важкую дапамогу РУП “Гроднаэнерга”. Дзякуючы галаўному прадпрыемству, закуплены мінеральныя ўгнаенні, ёсць грошы на сродкі аховы раслін, на паліва, на зарплату людзям. Сельгасвытворцы адчуваюць сябе абароненымі. У іх ёсць стымул старацца, каб апраўдаць давер. І калі па прычыне позняй вясны многае з задуманага ў мінулым годзе не ўдалося выканаць, земляробы спадзяюцца, што сёлета такое не паўтарыцца. Калі і надвор’е паспрыяе, пры адноўленым машынна-трактарным парку і добрай гатоўнасці глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі вясеннія палявыя работы пройдуць у аптымальны тэрмін.
У раслінаводстве тут запланавана давесці ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых з кукурузай у бункернай вазе да 63,4 цэнтнера з гектара, цукровых буракоў – да 480, рапсу (у вазе пасля дапрацоўкі) – да 20,7.
Добрыя якасныя кармы ў да­стат­ковай колькасці – аснова эфек­тыўнага вядзення жывё­лагадоўлі. У аграфірме запланавалі нарыхтаваць 7120 тон сенажу, 8990 – сіласу і 180 тон сена.
Дойны статак зараз у аграфірме “Стары Дворац” – 745 кароў. На рагулю ў мінулым годзе надаілі ў сярэднім 7341 кілаграм. Гэта вельмі добры паказчык на фоне рэспублікі, хаця тут, як і ўсюды, ёсць свае праблемы, напрыклад, захворванні жывёлы. Пры круглагадовым стойлавым утрыманні ў параўнанні з ранейшым, калі каровы шмат часу пасвіліся на вольным паветры пад сонейкам, узнікаюць свае нюансы. Жывёла мала рухаецца. Мацыён жа вельмі важны для любой жывой істоты. Павышэнне працягласці жыцця, колькасці лактацый, а значыць, і акупнасці, аддачы ад высокапрадуктыўнай жывёлы ў полі зроку аграрыяў і краіны, і нашых гаспадарак. Валавы надой у гэтым годзе ў аграфірме запланавалі давесці да 5642 тон, а ад каровы надаіць за год 7465 кілаграмаў. Нарошчваць вытворчасць якаснай прадукцыі выгадна. У аператараў машыннага даення ёсць стымул старацца. Ад таго, колькі малака надоена ў заліковай вазе, вышэйшым гатункам і “экстрай”, залежыць іх заробак. “Экстрай” здалі ў мінулым годзе 35,5 працэнта сыравіны. Рэзервы яшчэ ёсць. У гэтым годзе асаблівая ўвага будзе надавацца здароўю жывёлы. Правільнае кармленне, збалансаваныя рацыёны, прафілактыка і добры догляд дапамогуць аптымізаваць вынікі.
Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы павінна скласці 770 грамаў, а валавой прывагі неабходна будзе атрымаць 409 тон. На мясакамбінаты трэба здаць 315 тон мяса.
Стаўку робяць і на мадэрнізацыю вытворчасці. Адновіцца мехмайстэрня, на гэта ўсяго выдаткавана 1,3 мільярда рублёў. З тэхнікі патрабуецца толькі буракапагрузчык. Абыдзецца ён прыкладна ў паўтара мільярда рублёў.
Чысты прыбытак тут збіраюцца атрымаць 1,6 мільярда рублёў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі павінна скласці 6,4 працэнта, а рэнтабельнасць па канчатковым фінансавым выніку – 4,3.
Звернуць увагу і на зніжэнне выдаткаў. Пастаўлена задача эканоміць паліва, у тым ліку праз перавод аўтатранспарту на газ.
Працуе ў аграфірме 170 чалавек. Зарплата іх зараз у сярэднім каля чатырох мільёнаў рублёў. З пачаткам палявых работ, вядома, заробкі ўзрастуць. А на святы – Дзень абаронцаў Айчыны і Дзень жанчын працаўнікі атрымалі па 400 тысяч рублёў матэрыяльнай дапамогі.
Калектыву аграфірмы “Стары Дворац” трэба прыкласці нямала намаганняў, каб выканаць усё тое, што запланавалі. Але менавіта ад гэтага залежыць дынамічнае развіццё, а значыць, дабрабыт кожнага працаўніка.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *