Дорыць людзям радасць штукатур-маляр ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”

Лента новостей Человек и его дело

22Ганна Дзярнейка звыш трыццаці гадоў працуе ў сферы будаўніцтва. Яна – штукатур-маляр ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”. Гэтая прыемная і надзвычай сціплая жанчына разам з іншымі будаўнікамі стварае прыгажосць у адміністрацыйных, жылых і вытворчых будынках раёна. Нават і падлічыць цяжка, колькі аб’ектаў прайшло праз рукі Ганны Іванаўны. Значная работа была праведзена падчас падрыхтоўкі да 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Карэнным чынам змяніліся тады фасады старога будынка райвыканкама, аўтастанцыі, быткамбіната і іншых. А колькі ўнутранай аддзелкі праведзена за апошнія гады! Ганна Іванаўна працавала на будаўніцтве і рэканструкцыі такіх сацыяльных аб’ектаў, як Бераставіцкая сярэдняя школа, цэнтральная раённая бальніца, музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Была задзейнічана на аддзелачных работах малочнатаварных комплексаў “Галава”, “Рудаўляны”, “Канюхі”, станцыя абезжалезвання, словам, практычна ўсюды, дзе падрадчыкам выступала “Бераставіцкая ПМК-141”. Цяпер працуе на 40-кватэрным жылым доме ў гарпасёлку.
Штукатур-маляр – прафесія, згадзіцеся, не самая зайздросная. Але пры ўсім гэтым Ганна Іванаўна і яе калегі ўмеюць заставацца па-жаночаму абаяльнымі і прыгожымі.
Безумоўна, тынковачныя работы нялёгкія нават для мужчын, не гаворачы ўжо пра жанчын. Аднак гэтая прафесія ў Дзярнейкаў – сямейная: муж Ганны Іванаўны працуе ў адной брыгадзе з ёю.
– Пра цяжкасці забываешся, – кажа жанчына, – калі бачыш шчаслівыя вочы людзей. Тады адчуваеш радасць ад сваёй работы. І разумееш, што абраная некалі прафесія – неабходная і запатрабаваная.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *