На Бераставіцкай птушкафабрыцы запасаў няма, прыбытак ёсць

Лента новостей

494Птушкагадоўля – важная галіна жывёлагадоўлі і сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі. Яна ўмацоўвае харчовую бяспеку краіны і забяспечвае насельніцтва даступнай па цане прадукцыяй, а таксама ідзе на экспарт. Важна, што не толькі яйкі, але і мяса птушкі таксама адносна недарагое. Пры сабекошце, напрыклад, кілаграма бройлернага мяса прыкладна 20 тысяч рублёў, у магазінах яно прадаецца прыблізна па 30 тысяч рублёў. Гэта ўсё ж танней, чым свініна або ялавічына. Па статыстыцы, на душу насельніцтва ў сярэднім па краіне ў год прыходзіцца каля 28 кілаграмаў мяса і 396 яек. Сёння ў птушкагадоўлі выкарыстоўваюцца многія сучасныя тэхналогіі. А далейшае развіццё гэтай галіны магчыма за кошт інтэнсіфікацыі вытворчасці. На Бераставіцкай птушкафабрыцы кожны год запасы яек бываюць толькі летам, калі добра нясуцца куры ў вяскоўцаў. Каб прадаць такі запас, напрыклад, мінулым летам вытворцы былі вымушаны зніжаць цану прадукцыі, якая ідзе на экспарт, а таксама аптовым пакупнікам. А не ў летні сезон натуральная і папулярная прадукцыя карыстаецца трывалым попытам. Удалым тут у цэлым выдаўся мінулы год.
Ад нясушкі ў сярэднім атрымалі па 308 яек. Гэта вельмі добры паказчык, самы лепшы сярод іншых птушкафабрык на Гродзеншчыне. Такая прадуктыўнасць сведчыць аб належным доглядзе і збалансаваным кармленні птушкі. Тут і самы нізкі па вобласці расход кармоў на вытворчасць тысячы штук яек – 134,5 кармавой адзінкі, дзякуючы аптымальнай сістэме кармлення і добрасумленнасці працаўнікоў, якія пільна сочаць за тым, каб не было страт кармоў. Гэта спрыяе эканоміі і зніжэнню выдаткаў.
А ўсяго за мінулы год атрымалі на птушкафабрыцы 38801 тысячу штук яек. Рост у параўнанні з 2012 годам склаў 126 працэнтаў. Такі выдатны вынік атрыманы за кошт павелічэння пагалоўя і прадуктыўнасці. Прывага маладняку дасягнула 191 тону.
Пры заданні па росце валавой прадукцыі 107 працэнтаў у мінулым годзе ў параўнанні з пазамінулым рэальная лічба склала 122 працэнты. Парадаваў экспарт. Яек прадалі летась у Расійскую Федэрацыю (у Маскву, Санкт — Пецярбург) 11491 тысячу штук, што прынесла выручкі 987,6 тысячы долараў ЗША. Рэнтабельнасць продажу на экспарт – 8,4 працэнта за год, хаця летам у сувязі з нізкім попытам яна была мінусавая.
На ўнутраным рынку за мінулы год рэалізавалі 27331 тысячу штук яек. За валюту і на экспарт, вядома, прадаваць яйкі часам бывае выгадней. Напрыклад, кан’юнктура рынка склалася так, што гэтай восенню ў Расійскай Федэрацыі была вельмі выгадная цана на яйкі, хаця раней, наадварот, яна была ніжэйшая, чым у Беларусі.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг на Бераставіцкай птушкафабрыцы дасягнула ў мінулым годзе 38599 мільёнаў рублёў. На аднаго працаўніка ў сярэднім прыйшлося 459,5 мільёна рублёў. Гэта добры паказчык. Прыбытак ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг склаў 2385 мільёнаў рублёў. А чысты прыбытак дасягнуў 609 мільёнаў рублёў.
Магазін птушкафабрыкі і кафэ далі тавараабарот 5,4 мільярда рублёў. Гэта таксама ўклад у агульную справу. Магазін птушкафабрыкі вельмі папулярны ў райцэнтры.
Намінальная налічаная зарплата па прадпрыемству ў мінулым годзе склала 4 мільёны 696 тысяч рублёў.
Трымацца “на плаву”, калі ўсё даражэе, і ва ўмовах сённяшняй канкурэнцыі нашым вытворцам нялёгка. У гэтым годзе на птушкафабрыцы застаецца актуальнай праблема зніжэння выдаткаў, а таксама далейшага дынамічнага развіцця вытворчасці.
“Чалавечы фактар” па — ранейшаму не страчвае сваёй актуальнасці і зараз. На Бераставіцкай птушкафабрыцы працуюць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб рос агульны дабрабыт. Гэта адна са складаючых паспяховай работы.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *