Падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ вядзецца ў аграфірме “Стары Дворац”

Лента новостей

Валянцін Бартош, Аляксей Гук і Алег Турэйка
Валянцін Бартош, Аляксей Гук
і Алег Турэйка

У апошні перадсвяточны дзень старога года была прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1192 “Аб мерах па падрыхтоўцы сельгасарганізацый да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2014 годзе”. Гаворыцца там і аб дзейсных мерах па свое­часовым рамонце тэхнікі, таму што без яе аграрыям сапраўды, як без рук.
Марозным сонечным днём на мінулым тыдні, калі слупок тэрмометра паказваў аж 20 градусаў ніжэй нуля, я наведала мехмайстэрню аграфірмы “Стары Дворац”. Рамонтнікі былі заняты сваёй звычайнай справай. Яны з задавальненнем паведамілі мне сваю галоўную навіну, што хутка іх чакаюць вялікія перамены, і я ад душы парадавалася за людзей. У 2014 годзе, дзякуючы РУП “Гроднаэнерга”, майстэрня адновіцца і набудзе сучасны выгляд. Эфектыўная сістэма ацяплення на газу і дровах, камфортныя душавыя кабіны, пральныя машыны для спецадзення, дастойныя бытавыя ўмовы, якіх застаецца чакаць ужо нядоўга, дадуць яшчэ большы стымул для добрай работы.
А самая надзённая задача зараз – падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ. Палюбавацца можна на стройныя рады пасяўных агрэгатаў, трактароў, камбайнаў. Пры беражлівых адносінах усё гэта будзе служыць доўга. Шмат увагі надае догляду “прылад працы” аграрыяў дырэктар аграфірмы “Стары Дворац” Віктар Байрак. Ён клапоціцца, каб своечасова набываліся запчасткі, каб купіць іх у тых гандляроў, якія неабходны тавар прадаюць танней, чым іх канкурэнты, а значыць, зберагчы гаспадарцы грошы. Зараз як раз паступілі запчасткі да імпартнай сеялкі “Гаспарда” і да кормаўборачнага камбайна “Джон Дзір”, таму работа будзе спорыцца.
А спорыцца яна, дзякуючы трады­цыйнаму “чалавечаму фактару” — моцнай камандзе прафесіяналаў. Гэта адзначаюць і на самым высокім узроўні. Да нашых землякоў у 2014 годзе плануюць прыехаць калегі з усёй краіны на рэспубліканскія “Бел­энерга — Дажынкі”, таму будзе з кім падзяліцца перадавым вопытам.
Складаны рамонт па плячу загадчыку майстэрні Аляксею Гуку разам з адказнымі механізатарамі Валянцінам Бартошам, Дзянісам Саўчанкам, Валерыем Савенкам, Сяргеем Фурманчуком, Аляксандрам Калядой, Андрэем Затаўкай, Валянцінам Выкпішам, Дзмітрыем Кавальчуком і іншымі, вадзіцелем Алегам Турэйкам.
Механізатар Валянцін Бартош асноўныя навыкі ў выбранай любімай прафесіі атрымаў у Бераставіцкім прафтэхвучылішчы, а стаж яго адлічвае трэці дзясятак. Працуе ён на палявых работах і на жніве. Усё, што даручаць, выконвае якасна, а зімой стараецца падрыхтаваць тэхніку так, каб не паводзіла ў гарачую пару. Вадзіцель Алег Турэйка заняты часцей за ўсё на адвозцы сенажу, сіласу, цукровых буракоў, збожжа, зараз таксама займаецца рамонтам.
Своечасова ў аграфірме рыхтуюцца і да тэхагляду трактароў і трактарных прычэпаў.
Мінулы год быў “ураджайным” на ўзнагароды. Уклад механізатара Мікалая Лазарчыка быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі Віктар Аўгусціновіч і механізатар Сяргей Фурманчук атрымалі Падзякі ад Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белэнерга”, а Ганаровая грамата была ўручана механізатару Дзянісу Саўчанку.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *