У полі зроку кіраўніцтва СВК “Макараўцы”– эфектыўнасць гаспадарання

Лента новостей Сельское хозяйство

Віктар Аўдзей
Віктар Аўдзей

Мінулы год прынёс новыя значныя дасягненні ў скарбонку працоўных перамог СВК “Макараўцы”. Гаспадарка стала пераможцам раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў у 2013 годзе і была ўзнагароджана Ганаровай граматай Бераставіцкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. А за дасягненне высокіх паказчыкаў і трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых сельгаскааператыў атрымаў Ганаровы дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Пры ўсёй значнасці “вала” ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці наперад у сённяшніх умовах выступае не менш прыярытэтны паказчык – прыбытак. Яго за 11 месяцаў мінулага года ў СВК “Макараўцы” атрымана 9 мільярдаў 307 мільёнаў рублёў. Павышэнне эфектыўнасці вытворчасці дасць магчымасць павышаць заробак людзям.
У раслінаводстве ў мінулым годзе тут прынесла добрую аддачу запатрабаваная выгадная культура – рапс. У вазе пасля дапрацоўкі яго сабралі 964 тоны.
Надзейная кармавая база – трывалы падмурак дынамічнага развіцця жывёлагадоўлі. Гэта самы важны фактар, без якога не дасць чаканага выніку ўкараненне новых тэхналогій. Усяго пад кармы ў мінулым годзе ў СВК “Макараўцы” было адведзена 2847 гектараў, пад карэнным чынам палепшаныя сенажаці – 1866 гектараў. Важнае значэнне для малочнай жывёлагадоўлі маюць шматгадовыя травы, таму пад іх быў выдзелены 3821 гектар. Яны своечасова падкормліваліся азотнымі і калійнымі ўгнаеннямі, якіх было ў дастатку. Два ўкосы прайшлі ў аптымальны тэрмін. На ўборцы траў была задзейнічана эфектыўная тэхніка – кормаўборачныя камбайны Нью-Холанд і айчынны КВК. Зялёны канвеер сапраўды парадаваў. А кукуруза на сілас вырошчвалася на 750 гектарах.

Юрый Хаданёнак
Юрый Хаданёнак

Стаўка ў гэтай гаспадарцы, як і ў многіх, робіцца на малако. Рэнтабельнасць яго высокая. Выгадна нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і павышаць якасць сыравіны.
Гонар сельгаскааператыва – новы малочнатаварны комплекс. Тут мне давялося пагутарыць з Віктарам Аўдзеем, які летам добра папрацаваў на нарыхтоўцы кармоў на Нью — Холандзе, а зараз на машыне МАЗ адвозіць на палі арганічныя ўгнаенні. Ён мясцовы жыхар, а стаж работы гэтага майстра сваёй справы ўжо дасягнуў двух дзясяткаў гадоў. Робіць ён зараз за змену ў сярэднім па 15 рэйсаў. Пра стараннага і адказнага працаўніка ў гаспадарцы мне давялося пачуць самыя добрыя словы павагі і ўдзячнасці.
На комплексе створаны камфортныя ўмовы для жывёлы. Працаваць жывёлаводам тут таксама зручна, ёсць душавыя кабінкі, утульныя пакоі для адпачынку.
У дойным статку зараз 710 кароў, плануецца давесці іх да 777. Даільная зала “Вестфалія” прасторная, змяшчаюцца тут адразу 36 рагуль. Абслугоўваюць статак 5 аператараў, адна з даярак падменная. Людміла Паўлава, Любоў Логіс, Святлана Саўко, Надзея Пужаль, Ніна Лявончык добра выконваюць свае абавязкі. За станам абсталявання сочаць слесары Уладзімір Шкіруць і Юрый Хаданёнак. Праз два працоўных дні ў мужчын два выхадныя, яны мяняюцца.
А працоўны дзень слесара – незаменнага тут чалавека, пачынаецца ў палове пятай гадзіны раніцы. Пасля падрыхтоўкі абсталявання пачынаецца першая дойка, а ўсяго іх тры. Заканчваецца працоўны дзень слесара ў 23 гадзіны. На пытанне, ці цяжка яму жыць у такім рытме, Юрый адказаў, што асабліва не стамляецца, бо вельмі дапамагае аўтаматыка.
І добрыя кармы, і захаванне сучасных тэхналогій даюць плён. Новы комплекс пачаў функцыянаваць з сакавіка мінулага года, але значна абагнаў па валавым надоі свайго “канкурэнта” — малочнатаварны комплекс “Лішкі”.
Вядома, працаваць у сельскай гаспадарцы няпроста. Але хочацца спадзявацца, што і новы год дадасць нашым аграрыям упэўненасці ў заўтрашнім дні і будзе прыбытковым.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *