Адкрытасць перспектыўных пачынанняў, павага да кожнага кліента

Лента новостей Человек и его дело

Рэгіна Шмароўская працуе начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Макараўцах яшчэ некалькі год. Але тым не менш дабіваецца добрых паказчыкаў, бо любіць сваю справу, з цікавасцю ўнікае ў яе тонкасці і, увогуле, чалавек Рэгіна Іванаўна адказны, дасціпны.

Пра справы калектыву раённага вузла паштовай сувязі расказвае яго начальнік С.А.Лавягін.
—Сяргей Аляксандравіч, вузел паштовай сувязі сёння—гэта…
—Гэта паштовае аддзяленне ў Вялікай Бераставіцы і 15 аддзяленняў на вёсцы. А ўсяго паштовых служачых у раёне 75.
—Якімі эканамічнымі паказчыкамі характарызуецца праца калектыву?
—Назаву такія лічбы. Выручка аказваемых паслуг склала ў адносінах да плана 103,6 %, а прыбытак – 108,9. Чыстага прыбытку атрымана ў працэнтных адносінах 115,4; тавараабарот склаў 118,7%.
— Апошнім часам, у сувязі з будаўніцтвам аграгарадкоў, вонкавы і ўнутраны выгляд будынкаў ад-дзяленняў, умовы працы ў іх значна палепшыліся. Рамонт яшчэ завяршаецца толькі ў Масалянах. А ці ёсць змены, як таго патрабуе час, ва ўзроўні прапануемых вяскоўцам паслуг?
— Ёсць, вядома. Зазначу, сельскі жыхар, зайшоўшы ў паштовае ад-дзяленне, акрамя атрымання чыста паштовых паслуг можа зрабіць самыя розныя плацяжы – камунальныя, страхавыя, банкаўскія і г. д. І аддаць, скажам, у рамонт абутак (мы заключылі дагавор з прадпрымальнікамі), купіць фотаапарат ці фотаальбом, плёнку ці здаць яе на праяўку… Баюся, што ўсё пералічыць не змагу – плацяжоў і паслуг аказваецца каля пяцідзесяці відаў. Прадастаўляючы іх, стараемся не адставаць і ад часу. У прыватнасці, ва ўсіх аддзяленнях аграгарадкоў пастаўлены “распазнавальнікі” банкаўскіх пластыкавых картачак. І кліентам аказваюцца паслугі не толькі за наяўны, але і за безнаяўны разлік. Абсталяваны пункты калектыўнага доступу ў Інтэрнэт, так што кожны жадаючы можа далучыцца да новых тэхналогій.
— Сяргей Аляксандравіч, а што новага ў аказанні непасрэдна паштовых паслуг? У свеце, ды і ў нашай краіне пашыраецца электронная паштовая аплата.
—Напрыклад, замест звычайнай маркі прымяняецца электронная? Дык гэта ў нас ёсць. Марка можа быць заменена электронным штрых-кодам.
— А больш падрабязна?
— Спецыяльны двухмерны, распазнаваемы сканерамі штрых-код (квадракод) наносіцца на паштовае адпраўленне прынтарам. Код утрымлівае падрабязную інфармацыю адпраўлення (катэгорыю, вагу і, вядома, адрас і прозвішча адпраўшчыка). Гэта ўдасканальвае спосаб аказання паслугі, забяспечвае яе якасць.
Ёсць у нас сёння тры плацёжна-даведачных тэрміналы – у паштовым аддзяленні Бераставіца-1, у цэнтральнай раённай бальніцы, у гасцінічным комплексе непадалёку ад мяжы. Гэта значыць, што кліенты могуць там, на месцы, разлічыцца за камунальныя і іншыя паслугі, унесці плату за мабільны тэлефон.
— З нагоды Сусветнага дня пошты каго з работнікаў калектыву хацелі б адзначыць?
— Вядома, хацеў бы адзначыць літаральна ўсіх – кожны ўносіць свой уклад у агульную справу. Толькі, разумею, зрабіць гэта на старонках газеты немагчыма. Не магу не падзякаваць інструктару па падпісцы А.Г.Кукула, а таксама ўсім паштальёнам, начальнікам аддзяленняў за нядаўна праведзеную падпіску: на адну тысячу жыхароў раёна выпісана 829 экземпляраў перыёдыкі.
У нас шмат ветэранаў працы. У мінулым годзе гэтае званне было прысвоена аператару В.У. Станкевіч, вадзіцелю Т.А.Курмялю, начальніку галоўнай касы Т.У.Бацян, кадравіку Н.І.Іваноў-скай, кладаўшчыку Н.У.Дзешка.
Вялікі вопыт у сваёй справе маюць і вызначаюцца стараннем аператар аддзялення паштовай сувязі п.Пагранічны Г.І.Умрыхіна, начальнік аддзялення ў в.Вялікія Эйсманты В.М.Белавусава, паштальён Пархімаўскага паштовага аддзялення Т.І.Ваўчок. Увогуле, калектыў раённага вузла паштовай сувязі прафесіянальны, зладжаны, з такім прыемна працаваць.
Галоўны крытэрый поспеху беларускай пошты – бездакорная дзелавая рэпутацыя, адкрытасць перспектыўных пачынанняў, павага да кожнага кліента. Менавіта да гэтага мы і імкнемся.
Гутарыла Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *