Заслужанага калгасніка віншавалі з 95-годдзем

Лента новостей

2Будучыня ёсць у таго народа, які клапоціцца не толькі пра малых, але і пра старых сваіх грамадзян. Для нашай Беларусі такое якраз і ўласціва. Хачу расказаць пра падзею, што адбылася 12 студзеня ў Бераставічанах. Яна датычылася аднаго чалавека, а прыемна было многім.
Справа ў тым, што доўгажыхару гэтай вёскі, Васілю Сцяпанавічу Кавалені, у гэты дзень споўнілася ні многа ні мала, а цэлых 95 гадоў. Дач­ка Валянціна і яе муж Віктар – яны, гараджане, не так даўно пераехалі да таты даглядаць яго – пастараліся, каб гэтая надзвычай шаноўная дата стала для юбіляра сапраўдным святам. Нагатавалі прысмакаў, паклікалі радню і вяскоўцаў. Сярод запрошаных была стараста вёскі, загадчыца мясцовага клуба — бібліятэкі Вера Іванаўна Акуліч. Прынамсі, гэта яна і падказала нам, што ў мясцовага доўгажыхара быў юбілей.
– Унікальны чалавек наш Васіль Сцяпанавіч, – заўважыла стараста. – Надзвычай цікаўны і дасціпны літаральна ва ўсім. Глядзіш на яго і дзіву даешся: адкуль у такім узросце гэткія рухавасць, бадзёрасць? Як раней не ўмеў ні хвіліны пасядзець без турбот, так і цяпер не мае спакою, усё аб нечым рупіцца. Мабыць, якраз такім няўрымслівым і працавітым людзям Бог і дае сілу ды даўгалецце. Некалі вы пісалі ў газеце пра нашага Васілька – так называюць Васіля Сцяпанавіча ў вёсцы. А ён, дарэчы, адзін з самых верных сяброў “Бераставіцкай газеты”: колькі гадоў яна выходзіць у свет, столькі і выпісвае. І, заўважу, чытае “раёнку” без акуляраў! Цяпер вунь зноў выпісаў яе на цэлае паўгоддзе.
Ушанаваць Васіля Сцяпанавіча з юбілеем прыехалі дырэктар СПП “Малочны Мір” Ніна Уладзіміраўна Лазавіцкая. Яна падзякавала заслужанаму калгасніку за яго шматгадовую сумленную працу, пажадала здароўя, даўгалецця і ўручыла каштоўны падарунак: мікрахвалёвую печку.
– Тата быў вельмі задаволены і расчулены тым, што пра яго памятаюць і так хораша ўшаноўваюць, – расказала мне дачка ветэрана, Валянціна Васільеўна. – Радня, вяскоўцы, суседзі таксама шчыра віншавалі юбіляра, уручалі падарункі і кветкі. Наш тата, дарэчы, шчаслівы дзядуля і прадзядуля: у яго чытыры ўнукі і тры праўнукі, і трэба было бачыць, з якой радасцю ён слухаў надзвычай шчырыя і цёплыя пажаданні маладых. А ў знак сваёй шчырай удзячнасці ўсім прысутным нават праспяваў сваю любімую песню “Васількі”.
За плячыма ў юбіляра не толькі доў­гае, але багатае на самыя розныя падзеі жыццё. Нарадзіўся ў пачатку мінулага стагоддзя пад Арэнбургам – сям’я знаходзілася там у бежанстве. Калі ж вярнулася ў родныя Бераставічаны, у Заходняй Беларусі панавала польская ўлада. “Ох, і не любіў я вучыцца ў польскай школе! – успамінае ветэран. – Ды й мала ў ёй павучыўся: бацька, які быў у пана пастухом, і мяне прыстроіў на такую ж “пасаду”.
Нямала напакутаваўся Ва­сіль Сця­панавіч у вайну. На тэрміноваую службу яго забралі зімою 41-га. Ваяваў пад Масквою, а восенню гэтага ж года трапіў у фашысцкі палон. Так апынуўся ў няволі – у лагеры для ваеннапалонных Шрамбель…
Адразу пасля вайны працаваў у паляводстве. А ў сямідзесятых гадах збіраў малако ад уласных кароў сяльчан. І, між іншым, лепшым у раёне малаказборшчыкам быў! А потым, калі на ферму спатрэбіўся пастух, пасвіць статак прапанавалі менавіта яму, Васілю Сцяпанавічу. І ён так добрасумленна адносіўся да справы, што хутка надоі рэзка пайшлі ўверх. Трыццаць год, без усякіх выхадных, адпасвіў статак. Праца Васіля Сцяпанавіча была ацэнена па заслугах: яму прысвоілі званне заслужанага калгасніка.
– Вялікі дзякуй усім, хто павін­шаваў мяне з 95-годдзем, – казаў мне на развітанне ветэран. А на маю прапанову сустрэцца пад час яго 100-гадовага юбілею засмяяўся: “Абавязкова прыязджайце!”
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *