Галоўны інжынер РУСП “Масаляны” Аляксандр Масько — “Лепшы па прафесіі”

Лента новостей Человек и его дело

IMG_0006Які маленькі вясковы хлопчык не марыць у будучым праехаць на вялікім магутным “жалезным кані” – трактары, асабліва калі бацька трактарыст? Відавочна, што пытанне гэтае рытарычнае. Галоўны інжынер РУСП “Масаляны” Аляксандр Масько, пераможца індывідуальнага раённага спаборніцтва ў 2013 годзе за званне “Лепшы па прафесіі” ўспамінае:
— Я вырас у вёсцы, у Гродзенскім раёне. У мяне з дзяцінства была моцная цікаўнасць да розных “жалязяк”, мяне цягнула да сельскагаспадарчых машын. Ад бацькі — механізатара я многаму навучыўся. Атрымаў пасля заканчэння школы вадзіцельскае пасведчанне, на жніве працаваў памочнікам камбайнера, тады і зарабіў свае першыя грошы. На той час, пры Савецкім Саюзе 100 – 150 рублёў былі немалой сумай.
Працаваў на ўборцы хлопец на тагачасным камбайне савецкай вытворчасці СК-6. Імпартных, энерганасычаных заходніх тады ў іх калгасе, ды і ў іншых не было. Прыходзілася шмат займацца рамонтам, ранейшая тэхніка часта псавалася. А вось ураджайнасць і тады ў Гродзенскім раёне была добрая — звыш 40 цэнтнераў з гектара. Камбайнеры ставілі свае рэкорды, былі зацікаўлены ў высокіх намалотах. Аляксандр успамінае, як аднойчы іх экіпаж намалаціў звыш 40 тон у дзень. Гэта была значная перамога. Добрым удзячным словам успамінае чалавек і свайго старшага камбайнера Івана Багуцкага, сапраўднага майстра сваёй справы. Адносіўся ён да юнака па-бацькоўску, стараўся перадаць маладому стараннаму памочніку свае навыкі.
Пасля заканчэння школы Аляксандр працаваў у роднай гаспадарцы вадзіцелем, потым пайшоў у армію. Адслужыўшы, задумаўся пра далейшы выбар прафесіі.
— Мой бацька хацеў, каб я жыў лепш, чым ён, рэалізаваў свае здольнасці, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. – У газеце я ўбачыў аб’яву, што вядзецца прыём дакументаў на падрыхтоўчае аддзяленне інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Падаў дакументы, стаў рыхтавацца. Здаваць трэба было дакладныя прадметы. Гэта было нялёгка, пасля школы і службы ў арміі многае забылася. Прыйшлося пастарацца, экзамены здаў добра і паступіў. А спецыяльнасць выбраў па душы — “арганізацыя і тэхналогія рамонту сельгасмашын”. Якая гэта была радасць для мяне і маіх бацькоў!
Шмат студэнтаў у гэтай вышэйшай навучальнай установе паступілі пасля арміі. Да вучобы яны ставіліся сур’ёзна. Студэнты старанна вывучалі тэорыю, а практыка ў інстытуце была на трактарным і падшыпнікавых заводах, у перспектыўных гаспадарках. Шмат новай тэхнікі пабачыў тады хлопец, і вочы яго загараліся энтузіязмам ад таго, што ён займаецца менавіта тым, што яго па-сапраўднаму захоплівае. Крок за крокам авалодваў ён сакрэтамі любімай прафесіі, выбранай па прызванні.
— Мінск такі цудоўны горад, так забірае ў палон, што развітацца з ім няпроста. Ці не хацелася Вам там застацца пасля заканчэння інстытута? – пытаюся.
— Тады вельмі важнай была прапіска, — адказвае мой субяседнік. – Без яе не бралі на работу. Многія з нашага “сялянскага” інстытута хацелі застацца ў сталіцы. Жаніліся, затым шукалі работу на заводах. Я ж вырашыў паехаць дамоў, на Гро­дзеншчыну.
— Працу знайшлі ў Бераставіцкім раёне?
— Так. З той пары я ў Масалянах.
— Але рамонт – гэта вельмі складана, — мяркую я. – За столькі гадоў ні разу не было намеру памяняць занятак?
— Не, — адказвае Аляксандр. — Галоўнае, каб чалавеку гэта было цікава. Як цырульнік мае здольнасці да сваёй прафесіі і любіць ствараць прыгажосць, так я адчуваю маральнае задавальненне, калі ўдаецца адрамантаваць трактар, сеялку, камбайн. Калі тэхніка пасля рамонту працуе, як гадзіннік, не падводзіць чалавека на полі, адчуваю, што добра выканаў свой абавязак. Да таго ж, у нашай прафесіі немагчыма выдаць жаданае за рэальнае – трактар альбо едзе, альбо не.
— Тэхнікі ў нас дастаткова, — працягвае Аляксандр Міхайлавіч, — але нешта хацелася б купіць новае. Напрыклад, тэлескапічны пагрузчык, і пажадана імпартны, каб мог працаваць ва ўмовах ферм.
— Догляд і рамонт тэхнікі – справа заўсёды калектыўная. Каго Вы можаце пахваліць за адказнасць? – пытаюся.
— З першых дзён маёй працы побач са мной загадчык майстэрні Генадзь Гарбачык. Пачынаў ён свой працоўны шлях трактарыстам. Адказнасцю вылучаюцца механізатары Уладзімір Карытка, Валерый Буйко, вадзіцель Мікалай Ясюля і многія іншыя. У нас моцная каманда, і нават калі людзі нешта не разумеюць, дык заўсёды імкнуцца разабрацца ў праблеме, дабіцца станоўчага выніку.
А чаму прысвячае сябе галоўны інжынер у вольны час, якога ў гэтага чалавека не так многа?
Вядома, сям’і. Сям’я – моцны і надзейны тыл Аляксандра Масько. Аказваецца, ён яшчэ і шматдзетны бацька, таму ёсць яму для каго старацца. Старэйшай дачушцы 16 гадоў, малодшай гарэзніцы 5. Ёсць у яго каму і перадаваць любоў да сваёй прафесіі – любаму сыну, яму 14 гадоў. Як і ўсе сучасныя дзеці, цікавіцца хлопчык і камп’ютарамі.
— Усе бацькі жадаюць, каб іх дзеці жылі лепш, чым яны, — гаворыць на заканчэнне гутаркі субяседнік. — Для гэтага, лічу, трэба, каб яны атрымалі добрую адукацыю. А далей ужо няхай рэалізуюць свой патэнцыял самі…
Поўнасцю з гэтым згодна.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *