З гісторыі пошты Бераставіччыны

Лента новостей

У даўнія часы пошты ў сучасным разуменні на Беларусі і ў суседніх краінах не існавала. Не было тады і спецыяльных устаноў для дастаўкі пошты і правядзення паштовых аперацый. Паштовая сувязь была спачатку недасканалай і нерэгулярнай. У 14-15-м стагоддзях вялікія і ўдзельныя князі Вялікага княства Літоўскага (у яго склад уваходзілі і беларускія землі) трымалі для перасылкі ўказаў, дэпеш, распараджэнняў так званых ганцоў (нарачных, пасланцаў), якія дастаўлялі іх на конях або пехатой.
З развіццём эканомікі, гандлю і культуры ўзнікла патрэба ў рэгулярнай паштовай сувязі. Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў другой палове 16-га стагоддзя. Важным сродкам перавозкі пошты з’яўляўся конны транспарт.
Паводле дзяржаўнай статыстыкі, на 1899 год у межах Гро-дзенскай губерні (у яе склад уваходзіла і тэрыторыя сучаснага Бераставіцкага раёна) дзейнічала 22 конныя паштовыя станцыі (у тым ліку 4 казённыя, 18 земскіх). Тут працавалі 22 пісары і 73 ямшчыкі. У 1912 годзе ў Гро-дзенскай губерні ўжо існавала 118 паштовых конных станцый (4 казённыя, 114 земскіх). На казённых станцыях было 25 коней, а на земскіх—652.
З пракладкай чыгуначных ліній пошту сталі вазіць у спецыяльных паштовых вагонах. Згодна са звесткамі Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, у 1913 годзе працягласць усіх паштовых трактаў Гродзенскай губерні складала 2743 вярсты, у тым ліку шасэйных—353, грунтовых—1242, чыгуначных—1148.
Чыноўнікаў ва ўстановах паштовай сувязі ў гэты час працавала 496: паштальёнаў—274, вартаўнікоў—132, унтэрафіцэраў—5.
У другой палове 19-га–пачатку 20-га стагоддзяў у межах сучаснага Бераставіцкага раёна дзейнічалі толькі 3 установы паштовай і паштова-тэлеграфнай сувязі: Алекшыцкая і Вялікабераставіцкая земскія паштовыя конныя станцыі і Вялікабераставіцкае паштовае (паштова-телеграфнае) аддзяленне.
Абедзве конныя паштовыя станцыі былі заснаваны ў другой палове 19-га стагоддзя на паштовым тракце Гродна-Бераставіца-Ваўкавыск. На Вялікабераставіцкай паштовай коннай станцыі было 4 кані, а на Алекшыцкай—6 коней (1908 год).
Паводле афіцыйных дакументаў, у 1893 годзе ў мястэчку Вялікая Бераставіца было адчынена паштовае аддзяленне з выкананнем розных паштовых аперацый. Начальнікам паштовага аддзялення спачатку працаваў Васілій Сокал, а з 1894 года—Якаў Савутыч.
У 1895 годзе Вялікабераставіцкае паштовае аддзяленне было пераўтворана ў паштова-тэлеграфнае. Начальнікам яго спачатку быў Фёдар Валансевіч-Валасюк, потым—Фёдар Курыла. Чыноўнікам 6-га разраду працаваў Сцяпан Дуброўскі, наглядчыкам—Піліп Турэк.
Пошта прыходзіла ў Вялікабераставіцкае аддзяленне сувязі 5 разоў на тыдні: у панядзелак, аўторак, сераду, чацвер і суботу, і ад-праўлялася з аддзялення ў гэтыя ж дні.
У пачатку 20-га стагоддзя паштовыя аперацыі выконваліся таксама ў валасных праўленнях Бераставіччыны і на чыгуначнай станцыі Бераставіца.
У наш час у Бераставіцкім раёне працуе шмат устаноў сувязі, пераважная большасць якіх знаходзіцца ў вёсках.
Існуе пошта традыцыйная і нетрадыцыйная (электронная), паслугамі якіх шырока карыстаецца насельніцтва. Жыхары раёна і цяпер не лянуюцца пісаць пісьмы старадаўнім спосабам сваякам, знаёмым, сябрам, што жывуць у розных паселішчах Беларусі і нават у замежных краінах, і пасылаць іх традыцыйнай поштай. Яны выпісваюць сотні газет і часопісаў, якія своечасова дастаўляюць руплівыя паштальёны. Не пустуюць паштовыя скрынкі ў значнай ступені, дзякуючы “Бераставіцкай газеце”, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва.
Ганна Дулеба, кандыдат гістарычных навук, г.Мінск



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *