Яркія фарбы кірмашу

Актуально Лента новостей

Калі размова заходзіць пра кірмаш, мне на памяць адразу прыходзяць словы з добра вядомай многім песні ў выкананні знакамітай польскай спявачкі Марылі Радовіч, якая вельмі часта гучала з радыёпрыёмнікаў, з грампласцінак яшчэ ў 70-я гады ўжо мінулага стагоддзя. І хоць ў самой песні гаворка ішла пра ранейшыя, навяваючыя настальгічныя ўспаміны часы, калі на кірмашах прадавалі ўсё – і цукровую вату, і нават такія дробязі, як драўняныя матылькі або шарыкі на дроціках, цяпер ужо і тыя 70-я ўвайшлі ў гісторыю.
Свой першапачатковы сэнс кірмашы захавалі і сёння. І хоць змяніўся крыху асартымент тых тавараў, што прывозяць на продаж, аднак найбольшай папулярнасцю карыстаюцца, як і карысталіся, мабыць, заўсёды, сельскагаспадарчыя прадукты.
Вось і ў мінулую суботу яркае сонечнае надвор’е спрыяла асабліваму настрою ўсіх тых, хто прыйшоў на традыцыйны восеньскі кірмаш у Вялікай Бераставіцы, каб забяспечыць свае патрэбы ў набыцці такіх неабходных прадуктаў як бульба, морква, капуста, цыбуля. Уладальнікі хатняй жывёлы ахвотна куплялі збожжа. Асаблівы ажыятаж давялося назіраць каля машын, што прывезлі на продаж парасят.
Ну а тыя, хто не вырошчвае сваіх парсючкоў, імкнуліся купіць гатовае мяса, Яно было самым хадавым таварам і таму разышлося вельмі хутка. Можна было, як заўсёды, пачаставацца і прыгатаваным мясам, ці дакладней, апетытнымі, толькі што пасмажанымі шашлыкамі. А прадаўцы “чыгуначнага” магазіна з Пагранічнага нават паклапаціліся пра тых, хто любіць традыцыйны беларускі прадукт – бабку. Адным з найбольш хадавых тавараў, што яны прывезлі на кірмаш, былі падсоленыя кішкі.
Вялікім попытам карыстаўся “белавежскі” мёд і іншыя прадукты пчалярства, якія ў шырокім асартыменце прывезлі на кірмаш нашы суседзі.
Багаты выбар быў і саджанцаў фруктовых дрэўцаў. Можна было набыць таксама разнастайныя кулінарныя, кандытарскія, каўбасныя вырабы.
Адным словам, кірмаш ёсць кірмаш.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *