Падзячны ліст ад Бераставіцкага райвыканкама — за макет сядзібы Касакоўскіх

Лента новостей

44Як ужо расказвалася ў “раёнцы”, музею Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы быў падораны макет-рэканструкцыя сядзібы Касакоўскіх, які выканала выпускніца гімназіі №75 горада Мінска Любоў Сеніна. Нагадаем, гімназія гэтая мае архітэктурна-мастацкі ўхіл. На працягу апошніх гадоў з лёгкай рукі выкладчыцы выяўленчага мастацтва айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Таццяны Вайтэнка ў якасці выпускных дыпломных работ юныя таленты вырабляюць макеты-рэканструкцыі помнікаў беларускай архітэктуры. Звычайна, гэта цікавыя ў архітэктурным плане палацы, маёнткі, замкі, манастыры, знакамітыя і не вельмі, якія захаваліся да нашых дзён ці ўжо не існуюць. Прыгажосць палаца Касакоўскіх, які захаваўся толькі на старых здымках, зацікавіла дзяўчынку. Яна, да таго ж, добра знаёма з бераставіцкай зямлёй і гісторыяй краю, бо тут жывуць яе сваякі. Дарэчы, стварэнню макета папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Адміністрацыя гімназіі звязвалася з нашчадкамі Касакоўскіх Алексам Мінейкам, які жыве ў Лондане і Марыяй-Тэрэзай Любімскай, якая жыве ў Нью-Ёрку. Жанчына, у прыватнасці, перадала са свайго асабістага архіва фотаздымкі і чарцяжы былой сядзібы. Дык вось, гэтую сваю працу дзяўчынка прадставіла на рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2013” і стала пераможцай у намінацыі «Архітэктурнае макетаванне». Макет сядзібы Касакоўскіх, выкананы Любай, уразіў нават прафесійных архітэктараў. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дырэктар музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Аляксандр Галавач таксама прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Ён выказаў удзячнасць арганізатарам конкурсу за падтрымку юных талентаў, а адміністрацыі гімназіі і выканаўцы праекта – за цудоўны падарунак. Ад імя Бераставіцкага райвыканкама ён уручыў Любові Сенінай Падзячны ліст і грашовую ўзнагароду. Макет жа сядзібы Касакоўскіх зойме пачэснае месца на паліцах раённага музея.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *