З верай па жыцці ішоў ксёндз Мечыслаў Малыніч

Из истории земли Берестовицкой Культура

Сярод спраў па рэлігійных культах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці захоўваюцца два лісты пад назвай “Анкета для служыцеля рэлігійнага культа рымска-каталіцкага касцёла ў Вялікай Бераставіцы Гродзенскай вобласці”, запоўненыя ксян­дзом Мечыславам Малынічам 25 лістапада 1945 года ў Вялікай Бераставіцы. Дадзеныя гэтай анкеты не публікаваліся. Яны маюць каштоўнасць у тым, што ксёндз дэтальна напісаў пра сваё жыццё ад нараджэння і да канца 1945 года – той перыяд, які невядомы парафіянам як бераставіцкага прыхода, так і парафіянам слуцкага, бабруйскага і магілёўскага прыходаў. Пасля 1954 года ксёндз Малыніч здолеў аднавіць рэлігійнае жыццё католікаў на ўсходніх прасторах Савецкай Беларусі. Ён аб’яднаў вакол каталіцкай царквы вялікую колькасць вернікаў, якія і па сённяшні час успамінаюць яго імя з вялікай удзячнасцю. Нядаўна споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Мечыслава Вацлававіча Малыніча (1888-1969), беларускага рэлігійнага дзеяча польскага паходжання, ксяндза, стваральніка парафіі імя Божай Маці Чэнстахоўскай і Св. Казіміра ў Моньках (Польшча), даследчыка гісторыі іканапісу ў Вільні.
Нарадзіўся Мечыслаў 16 верасня 1888 года ў шматдзетнай сям’і мешчаніна Вацлава Малыніча і Антаніны з роду Мінкевічаў у Вялікай Бераставіцы. Акрамя сына бацькі выхоўвалі ў сваім доме на вуліцы Дольнай (зараз Кастрычніцкая) тры дачкі: Яніну, Тэрэзу і Хелену. Сярод іх вылучаецца старэйшая дачка Яніна (1883-1973), якая актыўна падтрымлівала духоўную дзейнасць брата ў 1952-1965гг. Добрыя ўзаемасувязі мела сям’я Малынічаў з графскім родам Касакоўскіх. Напрыклад, дом Малынічаў у 1939 годзе стаў выратавальным прытулкам для сям’і Ганны Касакоўскай (1910-2000), якая прымусова была выселена з бераставіцкага палаца новай уладай. У лютым 1940 года Ганна пакінула свайго трохмесячнага сына Алекса гувернантцы Тэрэзе Малыніч (1892-1975). А сама разам з двума дзецьмі Марыяй і Міхалам была адпраўлена супрацоўнікамі НКУС у Казахстан “на перавыхаванне”. Маці і сын сустрэліся толькі праз 12 гадоў.
Але звернемся да анкеты Мечыслава Малыніча, у якой ксёндз паведаміў пра сваю вучобу, духоўны сан, месца працы, веданне моваў, адносіны да вайсковай службы і сваё месцазнаходжанне падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Між іншым, анкета складзена на рускай мове, і Мечыслаў паведамляе аб тым, што ведае рускую, польскую і беларускую мовы. “Место рождения моё – Великая Берестовица Гродненской области. Национальность – поляк. Польское гражданство – 1939 г. Учился в гимназии Белостока. Поступил туда в 1899 , окончил в 1907. Затем учеба в Римско-католической Духовной семинарии в Вильно с 1908 по 1912 гг. Образование высшее получил в Варшавском университете с 1923 по 1926 гг. Духовный сан – с 1912 г. священник в Ковно, епископ ковенский; с 1912 по 1914 гг. — Викарный костела Св. Иоанна в Вильно. С 1914 по 1918 гг. – монах паулинский в Ченстохове. С 1918 по 1923 гг. – Викарный и директор гимназии в Гонёндзе около Белостока, организатор прихода, строитель костела и настоятель в Моньках”. На гэты перыяд жыцця Мечыслава Малыніча хочацца звярнуць увагу. У прыёмнага сына Малынічаў Аляксандра Мінейкі, які цяпер жыве ў Лондане, захоўваюцца рэдкія фотаздымкі і дакументы ксяндза Мечыслава і яго сям’і (на фота). На прадстаўленым пасведчанні ксяндза Малыніча-Маліцкага, выдадзеным яму Курыяй Віленскага епіскапата 4 ліпеня 1922 года, можна знайсці пацверджанне анкетных дадзеных. У графе “становішча” ксёндз Мечыслаў значыцца як пробашч парафіі Монькі, дырэктар гімназіі ў Гонядзі Беластоцкага павета.
У 1921 годзе ксёндз Мечыслаў распачаў будаўніцтва новага касцёла ў імя Маці Божай Чэнстахоўскай і Св. Казіміра ў Моньках каля Беластока, будынак якога быў асвечаны ў 1931 годзе і дзейнічае па сённяшні дзень.
Пасля вучобы на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта ксёндз Мечыслаў працуе настаяцелем у Высоцку (на Падляшшы) з 1926 па 1930 гады. Далей у анкеце ксёндз піша: “С 1930 по 1935 годы являлся настоятелем костела в Ясеновке около Белостока. С 1935 по 1939 годы был писателем по истории икон костельных в Вильно. С 1939 по 1942 годы – настоятель костела в Порозове около Волковыска. С 1942 по 1944 годы прятался от германского преследования. С 1944 по 1945 годы – заместитель больного настоятеля в Волковыске. С 1945 года – настоятель в Великой Берестовице… В службе Вооруженных сил не был, не обязан. Находился на территории временно оккупированной немцами в 1941 году в Порозове около Волковыска. Домашний адрес мой: Великая Берестовица. Подпись: ксендз М. Малынич. 20 ноября 1945”. У канцы анкеты прыпіска Упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў СМ БССР па Гро­дзенскай вобласці П.В. Чыжа: “ 29. ХІІ. 1945 высланы документы 2-го этапа по регистрации костела. Срок исполнения 1 февраля 1946”.
У гісторыі рэгістрацыі бераставіцкага касцёла Пераўтварэння Божага значная роля належыць ксяндзу Ма­лынічу. Вядома, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны прыхаджане рымска-каталіцкага прыхода Вялікай Бераставіцы звярнуліся ў мясцовы выканкам з прапановай рэгістрацыі іх прыхода. У снежні 1945 года ксёндз Малыніч ад імя сваіх прыхаджан піша заяву Упаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў Гро­дзенскай  вобласці  П. Чыжу з просьбай зарэгістраваць касцёл і прыход. 30  студзеня 1946 года ксёндз Мечыслаў складае акт агляду будынка касцёла Пераўтварэння Божага разам з членамі камісіі Бераставіцкага выканкама (Жалудоў М., Дарошка У., Леська Ф., Грузін А.). Тым жа днём падпісаны “Дагавор аб абавязках і адказнасці за захаванне касцёла і яго маёмасці”, зроблены ўлік інвентару. І, нарэшце, 31 студзеня 1947 года Савет Міністраў СССР сваім рашэннем за №14 зарэгістраваў рэлігійнае таварыства рымска-каталіцкага культа ў Вялікай Бераставіцы.
За свае ўмелыя арганізатарскія здольнасці ксёндз Малыніч у 1946 годзе накіраваны Віленскім біскупам Яблжыкоўскім у Слуцк і Магілёў аднаўляць рэлігійнае жыццё на ўсходзе Беларусі. Адкрываюцца парафіі ў Слуцку, Бабруйску, Магілёве. Хутка ксёндз стаў на шлях барацьбы з атэістычнай савецкай уладай, якая арыштавала яго ў 1947 годзе за антысавецкую прапаганду падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Сем гадоў зняволення правёў М.В. Малыніч у лагеры ў Мардовіі. Адтуль вёў перапіску з членамі касцёльных камітэтаў Магілёва і Бабруйска, абнадзейваў хуткім вяртаннем.
У 1954 годзе ён вярнуўся ў Слуцк сівым старцам з доўгай барадой. Не атрымаўшы дазволу на рэгістрацыю, М. Малыніч праводзіць набажэнствы ў сваім доме, збірае вялікі натоўп вернікаў. Мясцовыя ўлады характарызавалі ксяндза як лютага ватыканца, прайдоху, фанатыка каталіцызму, які з нянавісцю ставіцца да савецкага ладу жыцця і камуністычнага светапогляду. У 1956 годзе Малынічу забаранілі праводзіць рэлігійную дзейнасць у Магілёўскай вобласці. Але ён таемна прыязджаў у Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Жлобін, дзе хрысціў, вянчаў, адпяваў, праводзіў набажэнствы. Так, паступова, з вялікімі цяжкасцямі ксёндз здолеў вярнуць сабе імя “вялікага пастыра Усходняй Беларусі”.
Памёр ксёндз Малыніч 30 сакавіка 1969 года ў Слуцку на 81 годзе жыцця. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Вялікай Бераставіцы. У гонар М.В. Малыніча названа вуліца ў Моньках, у новым касцёле Вялікай Бераставіцы ў 2012 годзе да 100-годдзя дзейнасці парафіі адкрыта памятная дошка пробашчаў з яго імем, дзе ксёндз праводзіў службы ў 1945-1946 гг.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *