Насенне ў Бераставіцкім раёне добрае

Лента новостей

Не толькі чалавек з агранамічнай адукацыяй, а нават звычайная хатняя гаспадыня добра ведаюць, наколькі важна выкарыстоўваць якаснае насенне. У нашым раёне гэтаму пастаянна надаецца вялікая ўвага. Кантролем насення на кандыцыйнасць займаецца Бераставіцкая раённая інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін. А нядаўна ў гаспадарках прайшла і рэспубліканская праверка. Яе праводзіла Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін. У СВК “Малабераставіцкі элітгас”, “Алекшыцы”, “Цецяроўка” былі ўзяты кантрольныя пробы насеннага матэрыялу збожжавых культур. Была праверана таксама дакументацыя – акты апрабацыі, пасведчанні кандыцыйнасці, атэстаты на ўвезенае насенне і якасць гатункаў.
У прыватнасці, у СВК “Алекшыцы” праведзена вялікая работа. Насенны склад тут адзін, і яго падрыхтавалі да захавання свайго “залатога фонду” своечасова. Загадзя летам правялі дэзінфекцыю, пабелку. Склад мае дагледжаны выгляд. Галоўны аграном Генадзь Здановіч, які яшчэ некалькі гадоў таму вучыўся ў Гродзенскім аграрным універсітэце, ужо мае дастатковы вопыт. Да справы малады чалавек адносіцца адказна. Працаваў ён у Мінскай вобласці, але ў СВК “Алекшыцы” яму падабаецца больш. Генадзь можа параўнаць, дзе больш стараюцца развіваць культуру земляробства. І такое старанне СВК “Алекшыцы” нядаўна было дастойна адзначана на рэспубліканскіх “Дажынках”.
Каб эканоміць энергію і мець добрыя вынікі, клопат пра якасць насення пачынаецца ў гэтай гаспадарцы прама ў полі. Калоссе павінна быць без лішняй вільгаці, а затым яго прапускаюць праз імпартную ачышчальную лінію “Петкус”. Зерне ачышчаецца ад пацярухі, смецця. Паламаныя зярняткі таксама выдаляюцца, застаюцца толькі цэлыя. Гатункі тут перспектыўныя, якія даюць добрую аддачу. Гэта азімае трыцікале Вальтарыа, Вітон, азімая пшаніца Фінэзія, Акцёр. Яравы ячмень у СВК “Алекшыцы” сеюць гатункамі Бацька, Стратус, а яравую пшаніцу – гатункам “Рассвет”, авёс – гатункам Чакал. Насенне ў сельгаскааператыве першай рэпрадукцыі. Вядзецца ўся адпаведная дакументацыя.
А вясной і летам пасевы правяраюцца. Такі агляд паказвае наяўнасць пустазелля. Здараецца, што трэба рабіць і відавую праполку. Тады галоўнае — своечасова і добра пасевы дагледзець.
Словы павагі ўдзячнасці за адказнасць і старанне я пачула тут у адрас аграномаў – насенняводаў Вольгі Пазняк і Вольгі Сідаровіч, а таксама кладаўшчыка Наталлі Калеснік. Яна працуе 5 гадоў і добра ведае сваю справу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *