Тыдзень пісьменства ў Макараўцах

Лента новостей Образование


Правядзенне Дня пісьменства стала ў Беларусі адметнай з’явай культурнага жыцця і сімвалам шанавання духоўных каштоўнасцей краіны. Гэта свята вяртае нас да гістарычных каранёў і вытокаў, сведчыць аб захаванні традыцый мінулых пакаленняў ад часоў Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, узвышае прэстыж пісьменства як асновы нацыянальнай культуры, узмацняе яе ролю і значэнне ў духоўным жыцці нашай краіны.
Правядзенне тыдня беларускага пісьменства і друку стала традыцыйным і ў нашай школе. Вось і сёлета на пачатку вучэбнага года гэта свята зноў сабрала аматараў роднай мовы і культуры. Была падрыхтавана цікавая выстава кніг «Пісьменнасць, кнігадрукаванне, мова: гістарычны шлях». Завочнае падарожжа «Праз смугу стагоддзяў дайшло да нас слова…», якое правёў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Эдуард Мазавецкі, дапамагло дзецям «пабываць» у цэнтрах культуры і асветы нашай краіны – Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Шклове, Заслаўі, Барысаве, Хойніках, Ганцавічах і іншых гарадах. Таксама школьнікі даведаліся, як адзначалася сёлетняе рэспубліканскае свята пісьменства і друку ў Быхаве. У рамках тыдня беларускага пісьменства і друку пачаткоўцы чыталі вершы пра родную мову і культуру, вучні 4 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Курстак пазнаёміліся з гісторыяй кнігадрукавання “Францыск Скарына, або Адкуль прыйшла да нас кніга”. Вучні 5-6 класаў правялі свята “Асветнікі зямлі беларускай”, сямікласнікі – турнір па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, васьмікласнікі прадэманстравалі мультымедыйную прэзентацыю «Дзень беларускага пісьменства і друку». Старшакласнікі разам з класным кіраўніком Інай Лебядзевіч арганізавалі літаратурную гасцёўню “Голасам душы і сэрца».
Удзел у такіх мерапрыемствах дапамагае вучням пазнаць і палюбіць сваю мову і культуру, а абапіраючыся на лепшыя традыцыі беларускага народа, мы павінны і ў будучым зберагаць маральныя асновы грамадства і пастаянна ўзбагачаць нашу духоўную спадчыну.
Святлана Мазавецкая,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *