Сваё прызванне знайшлі ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”

Лента новостей

У СВК “Малабераставіцкі элітгас” працуе шмат маладых людзей. Варта адзначыць, што часам некаторыя маладыя спецыялісты адпрацоўваюць неабходны тэрмін па размер­каванні, а потым шукаюць нешта іншае, больш прыдатнае асабіста для сябе. Да гонару ж нашых сённяшніх герояў публікацыі, абодва яны, як прыйшлі ў гэтую гаспадарку пасля заканчэння навучальных устаноў, так у ёй і засталіся. Няпростую работу сваю любяць, іншага месца шукаць не збіраюцца. Ды і ў сельгаскааператыве пра іх паклапаціліся, прадставілі іх маладым сем’ям добраўпарадкаваныя кватэры. А калі ёсць жыллё, добрая работа, дык “ад дабра дабра не шукаюць…”
Галоўны заатэхнік Сяргей Горбач – хлопец мясцовы, закончыў Малабераставіцкую сярэднюю школу. З дзяцінства любіў жывёлу, таму паступіў у Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж на спецыяльнасць заатэхнія. Сваю навучальную ўстанову і выкладчыкаў успамінае з удзячнасцю. Менавіта там ён атрымаў грунтоўныя веды ў сваёй прафесіі. Шмат далі яму тэарэтычныя прадметы – фізіялогія, кармленне і развядзенне жывёлы, селекцыйная работа. У каледжы моцная база, там супрацоўнічаюць з гаспадаркамі, мясакамбінатам. А галоўнае, вялікая ўвага таксама надаецца і практыцы. Кожны такі занятак быў як свята, прыносіў нешта новае і цікавае… Навучыўся хлопец распрацоўваць рацыёны для жывёлы, растлумачылі яму ўсе тонкасці гэтай важнай справы. Ад правільнага кармлення ў многім залежаць і вынікі ў гэтай важнай галіне сельскай гаспадаркі. На сярэдняй спецыяльнай адукацыі юнак не спыніўся, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Там ён паглыбіў свае веды. Па размеркаванні Сяргей прыехаў на сваю малую радзіму, каб тут жыць і працаваць, аддаваць увесь свой малады імпэт ўмацаванню дабрабыту мясцовай гаспадаркі на роднай зямлі. Працуе ён тут з мінулага года.
Вельмі дапамаглі нядаўняму студэнту адчуць сябе сапраўднай часцінкай дружнага калектыву мясцовыя добразычлівыя людзі, а таксама маладыя, але больш вопытныя ўжо калегі. З павагай выказваецца Сяргей пра намесніка старшыні па жывёлагадоўлі, нядаўняга галоўнага ветурача гаспадаркі Міхаіла Болбата. Нягледзячы на малады ўзрост, у яго ўжо багаты вопыт работы. У 2005 годзе ён закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. А цяпер і сам заўсёды “падстаўляе плячо” новым работнікам, стараецца, каб яны не расчараваліся ў выбранай прафесіі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *