Нарада педагагічных работнікаў прайшла на Бераставіччыне

Лента новостей

Больш за 300 работнікаў сіс­тэмы адукацыі раёна сабраліся на традыцыйную жнівеньскую нараду, якая прайшла ў мінулы чацвер у раённым Доме культуры.
Пачалося пленарнае пасяджэнне з прывітальнага слова, з якім звярнуліся да ўдзельнікаў нарады выхаванцы Вялікабераставіцкага ясляў-сада. Затым былі прад­стаўлены 16 маладых спецыя­лістаў, якія сёлета папоўнілі педагагічную сям’ю раёна і распачнуць працу ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны. Са словамі наказу да іх звярнуўся дырэктар Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Павел Панкевіч. А Дар’я Мікуць, настаўнік грамадазнаўства Вялікабераставіцкай СШ, ад імя ўсіх маладых спецыялістаў паабяцала апраўдаць ускладзены на іх давер калег годнай працай.
У сваім дакладзе, прысвечаным адукацыйнай стратэгіі Бераставіцкага раёна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Буткевіч адзначыла, што ў 2012-2013 навучальным годзе асноўныя намаганні аддзела і ўстаноў адукацыі былі накіраваны на павышэнне якасці і забеспячэнне даступнасці адукацыі, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Што датычыцца дашкольнай адукацыі, то аб эфектыўнасці работы ў гэтай сферы сведчаць якасныя паказчыкі развіцця. У прыватнасці, павысіўся працэнт ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй, узрасла колькасць груп кароткачасовага прабывання на платнай аснове. Сістэмная работа па стварэнні здароўезберагаючых умоў знаходжання дзяцей у да­школьных установах дазволіла знізіць колькасць прапушчаных дзён па прычыне хваробы з 4 да 3 на адно дзіця.

Марына Бурая

Мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі, садзейнічалі станоўчай дынаміцы вынікаў вучэбнай дзейнасці школьнікаў. Якасць ведаў па выніках мінулага навучальнага года склала больш за 76%. Вышэй за раённы гэты паказчык у Кватарскім, Старадварэцкім, Масалянскім яслях-садах-базавых школах, гімназіі аг.Пагранічны, Малабераставіцкай сярэдняй школе.
Стабільна высокім застаецца паказчык паступлення выпускнікоў школ раёна ў ВНУ, па выніках гэтага навучальнага года ён склаў 68%.
Актывізавалася работа ўстаноў адукацыі па ўдзелу ў адкрытых раённых наукова-практычных канферэнцыях даследчых работ, на абласных і рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ высокія адзнакі атрымалі 12 работ навучэнцаў раёна.

Галіна Курганская

Па выніках вучэбнага года ўдзельная вага педагогаў з вышэйшай адукацыяй склала 85%, назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павышэння кваліфікацыйных катэгорый настаўнікамі.
У 2012-2013 навучальным годзе працягвалася работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. На падрыхтоўку да новага навучальнага года было зрасходавана з раённага бюджэту больш за 1357 мільёнаў рублёў, больш за 25 мільёнаў – сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці і больш за 40 мільёнаў – спонсарскіх і шэфскіх сродкаў, прычым, гаспадарчым спосабам выканана работ на суму больш за 652 мільёны рублёў.
Разам з тым, Алена Рыгораўна звярнула ўвагу прысутных на нарадзе на шэраг праблемных пытанняў, якія неабходна вырашаць. Напрыклад, застаецца недастатковым працэнт забеспячэння дашкольных устаноў сучасным гульнявым і надворным абсталяваннем, сродкамі навучання, востра адчуваецца недахоп сучаснай камп’ютарнай тэхнікі.
Гэта праблема актуальная і для устаноў сярэдняй адукацыі: у 8 з 12 школ раёна няма бесправаднога выхаду ў Інтэрнет, што не дазваляе забяспечыць доступ з вучэбных аўдыторый да інфармацыйных рэсурсаў навучальнай установы, аддаленых інфармацыйных рэсурсаў. Нізкім застаецца паказчык прадметных кабінетаў, забяспечаных камп’ютарнай тэхнікай, абсталяванне камп’ютарнай тэхнікай працоўнага месца настаўніка.
Аналіз вынікаў ЦТ выявіў шэраг праблем у якасці прадметнай падрыхтоўкі выпускнікоў школ, сярэдні бал па выніках ЦТ у раёна ніжэй за абласны паказчык (41,53) і склаў 41,26.
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел і прэзентавалі вопыт работы сваіх устаноў адукацыі Вік­торыя Кіся­леў­ская, дырэктар Мала­бераставіцкай СШ, Вольга Шчука, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Канюхоўскага ясляў-сада-СШ, Ніна Семаковіч, загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг.Пагранічны, Вольга Антановіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Масалянскага ясляў-сада-БШ, Гражына Некала, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі аг.Пагранічны.
Удзел у нарадзе прыняла Галіна Курганская, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Яна звярнула ўвагу прысутных на неабходнасць мэтанакіраванай работы па павышэнні асноўных якасных паказчыкаў адукацыі і пошук шляхоў матывацыі настаўніка. Галіна Уладзіміраўна ўручыла заслужаныя ўзнагароды лепшым педагогам раёна. Па выніках работы за мінулы навучальны год грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Марына Бурая (Канюхоўскі яслі-сад-СШ), Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі былі ўзнагароджаны Вольга Хілюта (Паплаўскі яслі-сад-БШ), Вольга Шчука (Канюхоўскі яслі-сад-СШ), Тамара Дуніч (Старадварэцкі яслі-сад-БШ), Алена Панкевіч (Макараўскі яслі-сад-СШ).
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун уручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Галіне Румак (Масалянскі яслі-сад-БШ) і Святлане Курыла (Алекшыцкая СШ), граматы райвыканкама атрымалі Наталля Баброўская (Алекшыцкая СШ), Святлана Сунэлік (Вялікабераставіцкая СШ), Віктар Фрыдэль (Вялікабераставіцкая СШ) і Алена Будніцкая (Макараўскі яслі-сад-СШ).
Шэраг працаўнікоў сістэмы адукацыі раёна атрымалі ўзна­гароды ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія ўручыла Алена Буткевіч.
Закончылася нарада канцэрт­най праграмай, падрыхтаванай удзельнікамі абласнога этапу агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, мір!”.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *